Казахстанскі фонд абароны правоў спажыўцоў дадаў у сьпіс забароненых тавараў, забароненых для рэалізацыі на тэрыторыі краіны, блізу двух сотняў найменьняў.
У чорны сьпіс сярод іншых трапілі і тавары беларускай вытворчасьці. На сайце фонду ўдакладняецца, што яны не адпавядаюць патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу. У прыватнасці, з-за адсутнасьці маркіроўкі на казахскай мове ў пераліку непажаданай прадукцыі фігуруе «паштэт зь мяса птушкі курыны з грыбамі» вытворчасьці гарадзенскага прадпрыемства «Квін ФУД», некалькі гатункаў гарэлкі «Бульбаш» ды іншыя беларускія тавары.
У сваю чаргу, сыр «Манастырскі» ад берасьцейскага вытворцы «Савушкін прадукт» і замарожаныя курыныя тушкі бройлера з птушкафабрыкі «Дружба» Баранавіцкага раёну апынуліся ў чорным спісе з-за неадпаведнасьці мікрабіялягічных або фізіка-хімічных паказьнікаў. Нагадаем, што прадукты беларускай вытворчасьці раз-пораз аказваюцца па-за законам у Расейскай Фэдэрацыі.