Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу неабходна зьнешняе фінансаваньне для рэалізацыі інвэстпраекту ў справе будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў.
Інфармацыя пра гэта зьмешчана на сайце прадпрыемства. Паведамляецца, што гэта самы маштабны праект у гісторыі заводу.
Мазырскі НПЗ ад мінулага году самастойна рэалізуе праект, інвэстыцыйны кошт якога дасягае 1,5 мільярда даляраў, зь якіх капітальныя выдаткі — 1,2 мільярда даляраў.
На гэты момант існуе патрэба ў прыцягненні фінансаваньня ў аб’ёме 563 мільёны даляраў для набыцьця асноўнага тэхналягічнага абсталяваньня. Кіраўніцтва прадпрыемства гатова разгледзець любыя формы супрацоўніцтва, у тым ліку зьвязаныя з крэдытаваньнем.
У склад мадэрнізаванага комплексу ўвойдуць ўстаноўкі гідракрэкінгу, вытворчасьці вадароду і серы. Рэалізацыя праекту дазволіць заводу павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%. Пры вырашэньні праблемы фінансаваньня комплекс мяркуецца здаць да канца 2017 года. Пасьля выхаду на праектную магутнасць прырост выручкі на Мазырскім НПЗ перавысіць 325 мільёнаў даляраў. Тэрмін акупляльнасьці праекту — 5,5 гадоў.
Асноўнымі акцыянэрамі Мазырскага НПЗ зьяўляюцца ўрад Рэспублікі Беларусь (42,75% акцый) і кампанія «Слаўнафта», якой валодаюць «Раснафта» і «Газпрам нафта» (42,58% акцый).