У горадзе Жыгулёўску Самарскай вобласці скончыў жыцьцё самагубствам 18-гадовы Улад Калесьнікаў. Імя юнака стала шырока вядомае ў чэрвені 2015 года, калі ён прыйшоў на заняткі ў футболцы з украінскім сьцягам і надпісам «Вярнуць Крым!», а таксама вывесіў у Падольску, дзе ён вучыўся, антываенны лёзунг.
Пасьля гэтага інцыдэнту Улад быў адлічаны з тэхнікуму. Ім зацікавіліся спэцслужбы: паліцыянты прыходзілі і пыталіся, адкуль ён узяў футболку. Дзед, прыхільнік Пуціна, адправіў яго да бацькі, у Жыгулёўск.
У інтэрвію Радыё Свабода Улад распавядаў:
«У ваенкамаце я сказаў, што не хачу служыць і не хачу ісьці ваяваць супраць сваіх братоў. У мяне на тэлефоне запісаны гімн Украіны. І перад уваходам я вырашыў ўключыць гімн Украіны, таму што расейскае войска я не падтрымліваю наагул і служыць у ім лічу ганьбай. Вось так уключыў гімн Украіны і сказаў: «Хлопцы, я не пайду ваяваць у расейскую армію».
Гісторыя Улада Калесьнікава стала шырока вядомая, пра яго пісалі і расейскія, і заходнія СМІ. Ён вёў папулярны блог і ўдзельнічаў у шэрагу апазыцыйных груп у «Фэйсбуку». Аднак у Жыгулёўску Улад не знайшоў агульнай мовы са сваякамі і скардзіўся на цкаваньне з боку аднагодкаў:
«Адносіны зь людзьмі проста жах — ужо абяцалі пабіць, кідалі ў мяне бруд і сьнег, пастаянныя абразы і штурханьне локцямі ў калідорах. Нават адзін даў у твар (ня моцна, на шчасце). Мне нельга зьвяртацца ў паліцыю (тыя яшчэ ўлетку далі зразумець, што дапамагаць мне ня будуць і, працытую, „сам бы табе ў морду даў за такія рэчы..." У Жыгулёўску тут са мной наагул што заўгодна могуць зрабіць. Адчайна шукаю, куды можна зьехаць», — пісаў ён у лістападзе карэспандэнту Радыё Свабода.
25 сьнежня Улад Калесьнікаў прыняў сьмяротную дозу лекаў. Паліцыя паведаміла карэспандэнту Радыё Свабода, што выратаваць яго не ўдалося.