Найлепшыя кнігі 2015 году па вэрсіях незалежных выдавецтваў

Паводле зьвестак Кніжнай палаты, за 2015 год у Беларусі было выдадзена каля 9,7 тысяч кніг, зь іх толькі тысяча па-беларуску — пераважна ў незалежных выдавецтвах. Мы папрасілі беларускіх незалежных выдаўцоў назваць пяць найбольш цікавых кніг, што выйшлі з друку ў іх выдавецтвах.

ТОП-5 ЛІТАРАТУНАГА ДОМА «ЛОГВІНАЎ»

Арт-мэнэджар літаратурнага дома «Логвінаў» Павал Касьцюкевіч прадставіў пяцёрку адметных выданьняў, у якую ўвайшлі кнігі Валянціна Акудовіча, Сяргея Балахонава, Юі Вісландэр, Эвы Ліпскай і Катэржыны Тучкавай.

1. Юя Вісландэр. Мама Му ў басэйне. Пераклад са швэдзкае Надзеі Кандрусевіч.

Чарговыя прыгоды талерантнай і паліткарэктнай каровы і яе сябра, хвалька і нахабы Крумкача. Гэтым разам — у аквапарку. Ясна, для сучасных дзетак.

2. Эва Ліпска. Дзень Усіх Жывых. Пераклад з польскае Андрэя Хадановіча.

Эва Ліпска — голас пакаленьня «Польскай новай хвалі» — пакаленьня, для якога пунктам адліку сталі драматычныя ўсходнеэўрапейскія падзеі 1968 году. З тых часоў яна выдала некалькі паэтычных зборнікаў, а пераклады яе кніг выйшлі ў многіх краінах сьвету.

Андрэй Хадановіч чытае верш Эвы Ліпскай:

3. Катэржына Тучкава. Жыткаўскія багіні. Пераклад з чэскае Сьвятланы Рогач. Сэрыя «Чэская калекцыя».

Высока сярод карпацкіх грудоў здаўна жылі жанчыны, адораныя надзвычайнымі здольнасьцямі. Яны ўмелі лячыць, дапамагалі парадамі ў душэўных пакутах, умелі прадказваць будучыню. Іх называлі багінямі, і сваё мастацтва яны перадавалі з пакаленьня ў пакаленьне. Дора Iдэсава — апошняя зь іх роду. У канцы 90-х гадоў у архіве МУС яна адшуквае тэчкі, сабраныя дзяржбясьпекай на ворага народу, яе цётку Сурмэну... Раман, які выйшаў у 2012 годзе, за кароткі час здабыў фэнамэнальную папулярнасьць і стаўся найбольш прадаванай кнігай Чэхіі ХХІ стагодзьдзя. Сярод іншага, ён атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій. Урывак з раману «Жыткаўскія багіні» можна прачытаць тут.

4. Сяргей Балахонаў. Інфанта і аднарог.

Гэты школьны раман друкаваўся з працягам на старонцы літаратурнага дому «Логвінаў», а цяпер выйшаў электроннай кнігай і, неўзабаве, зьявіцца на паперы. У адной са школаў, здавалася б, тыповага беларускага гораду пачатку ХХІ стагодзьдзя пяты год працуе малады настаўнік і літаратар Эрнэст Балястоўскі. За пару дзён да новага навучальнага году яго раптоўна прызначаюць клясным кіраўніком у зусім няпросты выпускны кляс. Настаўнік зь неахвотай бярэцца за гэтую справу, паралельна адзначаючы цікавасьць да сваёй асобы як з боку каляжанак ды старшаклясьніц, так і з боку загадкавай КНАКС — Камісіі па надзвычайнай ахове культурнай спадчыны, супрацоўнік якой папярэджвае яго пра верагоднасьць сутыкненьня са зьявамі звышнатуральнага парадку. Навучальны год робіцца для Балястоўскага сапраўдным выпрабаваньнем, у якім вычварна пераплятаюцца пэдагагічныя нягоды, несупадзеньні каханьняў і нават цэлыя сусьветы, куды фантастычным чынам рэгулярна «засмоктвае» настаўніка.

5. Валянцін Акудовіч. Прачнуцца ранкам у сваёй краіне.

«...Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасьля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага, па сутнасьці, жыў нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто. Праўда, апошняе зусім не азначае, што я жыў ніяк. Паводле мовы тадышніх ідэолягаў, у мяне было „шчасьлівае дзяцінства“ ў ціхамірным мястэчку Сьвіслач. А маладосьць апынулася яшчэ больш багатай на ўцехі, бо я атрымаў напоўніцу ўсяго, чаго прагне чалавек у хлапечыя гады — сяброў, каханьня, вандровак, ведаў. (...) Цяпер, калі я згадваю, што так яно і насамрэч магло збыцца, мне ўмомант робіцца млосна. Як лёгка чалавеку разьмінуцца з уласным лёсам! І як мала ад самога чалавека залежыць, каб гэтак ня сталася. Варта было затрымацца незалежнасьці Беларусі — і я ніколі нават не даведаўся б, што насамрэч пражыў сваё жыцьцё як чужое».

ТОП-5 ВЫДАВЕЦТВА «ГАЛІЯФЫ»

Марыя Грыц, арт-мэнэджар выдавецтва «Галіяфы», сярод іншага вылучыла кнігі Альгерда Бахарэвіча, Ігара Мельнікава, Надзеі Ясьмінскай, Клайва Стэйплза Льюіса, Томаша Самойліка.

1. Надзея Ясьмінска. Сем ружаў.

«Сем ружаў» — вельмі цёплая і захапляльная кніга. Надзея Ясьмінска напісала сем чароўных гісторый, якія распавядаюць пра каханьне і сяброўства, адвагу, незвычайныя прыгоды і сапраўдныя цуды. Варта адзначыць, што ў кнізе выдатныя ілюстрацыі, якія зацікавяць нават тых аматараў літаратуры, якія яшчэ ня ведаюць літар.

2. Томаш Самойлік. Бортнік Ігнат і скарб пушчы. Пераклад з польскае Вольгі Гуд.

«Бортнік Ігнат і скарб пушчы» — вясёлы комікс Томаша Самойліка, перакладзены з польскай. Бортнік Ігнат, жыве ў старой частцы пушчы і займаецца дзікімі пчоламі. Даведаўшыся пра плянаваную высечку і зьнішчэньне пушчы, Ігнат уступае ў змаганьне за свой дом.

3. Клайв Стэйплз Льюіс. Лісты круцяля. Пераклад з ангельскае Франса Корбута.

«Лісты Круцяля» — пераклад вядомай кнігі Клайва Стэйплза Льюіса, які зрабіў Франс Корбут. Забаўны зьмест кнігі шчыльна зьнітаваны з сур’ёзнымі пытаньнямі, якія паўстаюць перад кожным чалавекам.

4. Ігар Мельнікаў. Мяжа ля Заслаўя

«Мяжа ля Заслаўя» — у гэтай гістарычнай кнізе Ігар Мельнікаў распавядае пра жыцьцё ў Беларусі ў міжваенны час, пра які сучаснае грамадзтва краіны амаль нічога ня ведае. Больш за 100 унікальных здымкаў, цікавыя факты і матэрыялы.

5. Альгерд Бахарэвіч. Дзеці Аліндаркі

Адзін з самых вядомых беларускіх аўтараў Альгерд Бахарэвіч зьмяшаў сатыру, казку і антыўтопію ў расповедзе пра двух беларускамоўных дзетак. І нягледзячы на тое, што кніга выйшла на мяжы 2014 і 2015 гадоў, яна замыкае сёлетнюю пяцёрку ад «Галіяфаў».

ТОП-5 ВЫДАВЕЦТВА «КНІГАЗБОР»

Старшыня згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і каардынатар грамадзкай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская адзначыла наступныя кнігі выдавецтва «Кнігазбор»:

1. Алесь Пашкевіч. Рух.

Канец 19 стагодзьдзя. Парыж. З келіхам белага віна ў кавярні — спадар у сінім швэдры, выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч; з келіхам чырвонага ў руцэ, апрануты ў гарнітур Рудольф Дызэль. Той самы, чыё прозьвішча або, прынамсі, тое, што яно азначае цяпер, ведаюць усе і што стала адпраўным пунктам тэхналягічнай рэвалюцыі пачатку 20 стагодзьдзя. Твор пра вынаходнікаў і нафтамагнатаў, паўстанцаў і цароў, выведнікаў і здраднікаў, а найперш — пра тых, хто шчыра любіць сваю радзіму.

2. Нурдквіст Cвэн. Пэтсан і Фіндус сьвяткуюць Каляды. Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч.

Дзякуючы супрацоўніцтву са швэдзкай амбасадай і руплівай працы перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч, у дзіцячай сэрыі «Каляровы ровар» акурат перад Калядамі па-беларуску выйшла кніжка пра Пэтсана і Фіндуса і іх калядныя прыгоды швэдзкага пісьменьніка і ілюстратара Свэна Нурдквіста. Неўзабаве з друку выйдуць яшчэ дзьве гісторыі папулярнага кніжнага сэрыялу па-беларуску.

3. Часопіс «Гарбузік»

Літаратурна-забаўляльны дзіцячы альманах «Гарбузік» тоіць пад вокладкай шмат гісторый, цікавінак, галаваломак і малюнкаў — сучасная і вельмі прыстойная альтэрнатыва «Бярозцы» ды іншым расейскамоўным выданьням для дзяцей.

4. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія.

Гэта кніга беларускага архівіста Лявона Юрэвіча «Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія», у якой пад адной вокладкай сабраныя скарыназнаўчыя дакумэнты беларускай эміграцыі. Прадмова і камэнтары Натальлі Гардзіенкі.

5. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпускі 1 і 2.

У першую кнігу ўвайшлі вершы паэта, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаваньні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых. У другім выпуску «Дзёньнікаў і запісаў» народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна сабраныя штодзёньнікі, запісы шматлікіх паездак па гарадах і вёсках Беларусі, па рэспубліках Савецкага Саюза, а таксама зацемкі аб пабачаным у падарожжы ў Фінляндыю, Швэцыю і Данію. Укладаньне і камэнтары Натальлі Гардзіенкі.

ТОП-5 ВЫДАВЕЦТВА «ЛІМАРЫЮС»

Дырэктарка выдавецтва «Лімарыюс» Марына Шыбко палічыла абавязковым вылучыць кнігі Янкі Запрудніка, Яўгена Ціхановіча, Зоські Верас, Юлі Андрусышын і 6-ы выпуск беларускага біяграфічнага альманаху «Асоба і час».

1. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Мае лісты 1952-1959 гг.

Гэта ўнікальная кніга вядомага дзеяча беларускай эміграцыі, доктара Янкі Запрудніка, якая ўтрымлівае багаты матэрыял ня толькі пра грамадзкую дзейнасьць тагачаснай беларускай эміграцыі, але таксама пра побытавае жыцьцё беларусаў на Захадзе.

2. Яўген Ціхановіч. Партрэт стагодзьдзя.

«Партрэт стагодзьдзя» — кніга беларускага мастака Яўгена Ціхановіча са славутай мастацкай сям’і. Успаміны гэтага дзеяча беларускай культуры пра Купалу, Іваноўскага, Азгура, Коласа запісаў культуроляг Сяргей Харэўскі.

3. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае. Лісты, успаміны.

Гэта зборнік успамінаў і лістоў беларускай грамадзкай дзяячкі і навукоўкі Зоські Верас, які выйшаў у сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка» з прадмовай і камэнтарамі ўкладальніка Міхася Скоблы. З мэмуараў і лістоў Зоські Верас паўстаюць гісторыі пра Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, пра Першы Ўсебеларускі зьезд у Менску, пра Максіма Багдановіча, Гальляша Леўчыка, Аркадзя Смоліча і братоў Луцкевічаў.

4. Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. 6-ы выпуск.

У шосты выпуск альманаха ўвайшлі біяграфічныя нарысы пра Яна Баршчэўскага, Людвіка Нарбута, Генрыка Ржавускага, Адама Плаўскага, Міхала Шымялевіча, Аляксандра Чарвякова, Мікалая Галадзеда, Васіля Сасноўскага і Кіма Хадзеева.

5. Юля Андрусышын. Забыцьцю не адданае.

Успаміны Юлі Андрусышын, беларускай эмігранткі паваеннай хвалі, закранаюць даваенны Менск, ваенныя гады, акупацыю і той драматычны падзел, які прынесла вайна ў ейную сям’ю, раскіданую па сьвеце. Таксама ў кнізе зьмешчаныя дзёньнікавыя запісы пра падарожжы Юлі з сынам Данчыкам у Беларусь у 1989 і 1993 гадах. У кнізе шмат фатаздымкаў, якія 12-гадовая Юля захапіла з сабою падчас сьпешнага ад’езду ў ліпені 1944 году.

ТОП-5 ВЫДАВЕЦТВА «ТЭХНАЛЁГІЯ»

Вядучы рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія» Марыя Кавальчук парэкамэндавала зьвярнуць увагу на кнігі па этнаастраноміі, парэміялёгіі, гісторыі і мове «Нашай нівы».

1. Алесь Зайка. Прыказкі і прымаўкі, жарты і калямбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітаньні і зычэньні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засьцярогі і прысяганьні, праклёны і адкляцьці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зьневажаньні і параўнаньні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны.

Гэтая кніга — першае сыстэматызаванае апісаньне парэміялягічнага і фразэалягічнага багацьця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі — радзімы Тадэвуша Касьцюшкі. Запісы фальклёрнага матэрыялу зробленыя дасьледнікам у 1969-2014 гг.

2. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія.

Гэта першая ў гісторыі кніга пра традыцыйныя ўяўленьні беларусаў, датычныя зорнага неба, і, дасьць Бог, не апошняя, бо яшчэ бліжэйшыя гадоў 20 будзе рэальна запісаць нейкі новы і ўнікальны матэрыял. Кніга грунтуецца на літаратурных і палявых дасьледаваньнях уяўленьняў беларусаў пра космас.

3. Слоўнік мовы «Нашай Нівы» (1906–1915). У 5 т. Т. 3: Н—Р / Уклад. І.А.Гапоненка, М.Н.Крыўко, В.П.Лемцюгова, Г.К.Усьціновіч; пад рэд. В.П.Лемцюговай, А.М.Анісім. — Том трэці.

«Слоўнік мовы „Нашай Нівы“» (у 5 тамах) заснаваны на лексычным матэрыяле, крыніцай якога паслужыла першая масавая газэта «Наша Ніва» — унікальны пісьмовы помнік нацыянальнага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. У першых чатырох тамах сабраныя агульная лексыка і фразэалёгія ў іх поўным аб’ёме. Пададзены ўсе варыянты слова, значэньне яго шырока ілюструецца. Лексычны матэрыял у слоўніку пададзены ў дзьвюх графічных сыстэмах — кірыліцы і лацінцы. Для лінгвістаў, гісторыкаў мовы, этнографаў, краязнаўцаў, студэнтаў-філёлягаў і ўсіх, хто цікавіцца пытаньнямі фармаваньня сучаснай беларускай мовы.

4. Зьміцер Санько. Асобы, якія тварылі гісторыю.

На 16 старонках кнігі яе аўтар сьцісла пераказвае гісторыю краіны за тысячу гадоў. Акцэнт робіцца на асобах, якія гэту гісторыю стваралі, ад Рагвалода да Пазьняка. Выкладзеных зьвестак дастаткова для самай пачатковай адукацыі беларуса.

5. Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі.

Кніга прысьвечаная жыцьцёваму шляху і творчасьці беларускага татарына Якуба Якубоўскага — географа, гісторыка, філёляга, энцыкляпэдыста, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, актыўнага ўдзельніка адраджэнскага руху беларускіх татараў у 1990-х гадах. У кнізе зьмешчаныя нарысы і ўспаміны родных, сяброў і паплечнікаў, працы навукоўцаў, а таксама допісы самога Я. А. Якубоўскага, рупліва сабраныя ўкладальнікамі І. П. Драўніцкім і Т. В. Якубоўскай.

ТОП-4 ВЫДАВЕЦТВА «ЗЬМІЦЕР КОЛАС»

Незалежны выдавец Зьміцер Колас адзначыў перадусім «Калевалу» ў перакладзе Якуба Лапаткі, кнігу ўспамінаў Вітаўта Кіпеля, пераклады Ніцшэ ды Эшноза.

1. Жан Эшноз. 1914. Пераклад з францускай Зьмітра Коласа.

Жан Эшноз (нар. 1947), папулярны францускі пісьменьнік, аўтар шаснаццаці раманаў і ляўрэат шэрагу літаратурных прэмій, у тым ліку найбуйнейшай у Францыі Ганкураўскай прэміі. Раман «1914», напісаны ва ўласьцівым аўтару іранічным стылі, блізкім да чорнага гумару, апавядае пра падзеі і акалічнасьці Першай сусьветнай вайны, а таксама лёсы, якія сустрэлі на яе франтах галоўны герой Антым, тры ягоныя сябры і брат.

2. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны.

У кнізе ўспамінаў «Жыць і дзеіць» адзін зь вядучых дзеячаў беларускай эміграцыі доктар Вітаўт Кіпель прыгадвае сваё дзяцінства ў Менску і ў расейскай высылцы, юнацтва ў акупаваным Менску, маладосьць у Нямеччыне і Бэльгіі і сталае жыцьцё ў Злучаных Штатах — амаль стагодзьдзе беларускай гісторыі, дзе аўтар, чалавек незвычайнага лёсу, быў у гушчы падзеяў палітычнага, грамадзкага і культурнага жыцьця.

3. Калевала. Пераклад з фінскай Якуба Лапаткі.

Славуты карэла-фінскі эпас «Калевала» ўпершыню прапанаваны беларускаму чытачу ў перакладзе непасрэдна зь фінскай, мовы арыгіналу. Сабраны і апрацаваны доктарам мэдыцынскіх навук і прафэсарам фінскай мовы і літаратуры Эліясам Лёнрутам, эпас стаў крыніцай натхненьня для многіх аўтараў, якія стваралі свае творы як на аснове народных паданьняў (напр., Лангфэла «Сьпеў аб Гаяваце»), так і на аснове ўласнай фантазіі (напр., Толкіен «Уладар пярсьцёнкаў» і іншыя творы фэнтазі-эпапеі).

4. Фрыдрых Ніцшэ. Так сказаў Заратустра. Пераклад зь нямецкай Васіля Сёмухі.

«Так сказаў Заратустра» — раман, які хваляваў розум не аднаго пакаленьня і дагэтуль застаецца ў цэнтры ўвагі ўдумлівага чытача. Гэта развагі над сутнасьцю таго, чым ёсьць чалавек.

ТОП-3 ВЫДАВЕЦТВА ГІСТАРЫЧНАЙ КНІГІ «ЯНУШКЕВІЧ»

Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва гістарычнай кнігі «Янушкевіч», сьціпла вылучыў тройку найлепшых выданьняў, куды трапілі кнігі Андрэя Чарнякевіча, Міколы Волкава і Андрэя Блінца.

1. Мікола Волкаў. Артылерыя Нясьвіскага замка

У кнізе на аснове дэталёвага вывучэньня разнастайных крыніц разгледжана гісторыя фармаваньня і разьвіцьця артылерыі Нясьвіскага замка ў XVI–XVIII ст.ст. Аўтар апісвае ролю артылерыйскага ўзбраеньня ў сыстэме абароны старажытнай радзівілаўскай фартэцыі, зьвяртае ўвагу на пытаньні абслугоўваньня і забесьпячэньня артылерыі амуніцыяй і боепрыпасамі, арганізацыі і функцыянаваньня спэцыяльных вайсковых падразьдзяленьняў, а таксама прасочвае лёс нясьвіскіх гармат у XIX–XX ст.ст. Багаты ілюстрацыйны матэрыял дэманструе гісторыю артылерыі Нясьвіскага замка і ўнікальнае аздабленьне яго гармат.

2. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909-1939 гадоў

Кніга сучаснага беларускага дасьледчыка Андрэя Чарнякевіча распавядае пра фармаваньне ў Гародні аднаго з галоўных цэнтраў беларускага нацыянальнага руху ў першай палове ХХ ст. На падставе малавядомых архіўных і друкаваных крыніц аўтар стварае шырокую панараму сацыяльна-палітычнага жыцьця даваеннай Гародні, апісвае яе беларускае аблічча на фоне бурлівых падзей, зьвязаных са шматлікімі зьменамі ўлады і ўсталяваньнем новых парадкаў у горадзе.

3. Андрэй Блінец. Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады

У кнізе гісторыка Андрэя Блінца распавядаецца пра дзьве ваенныя падзеі, якія аб’ядноўвае адно месца здарэньня. Пад Клецкам у 1506 і 1706 гг. адбыліся бітвы, якія значна паўплывалі на гістарычнае разьвіцьцё Беларусі. Разгром крымскіх татар войскам Вялікага Княства Літоўскага ў жніўні 1506 г. зьяўляецца адной з найбольш славутых перамог у айчыннай гісторыі. Бітва паміж швэдзкімі і расейска-ўкраінскімі злучэньнямі вясною 1706 г. стала кульмінацыяй баявых дзеяньняў у Наваградзкім ваяводзтве падчас Вялікай Паўночнай вайны. У дадатках зьмешчаны шэраг малавядомых дакумэнтаў XVI і XVIII ст.ст., некаторыя зь якіх друкуюцца ўпершыню.

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода