У Беларусі вернікі-хрысьціяне распачалі сьвяткаваць Божае Нараджэньне ФОТА і ВІДЭА

25 сьнежня вернікі-хрысьціяне распачалі сьвяткаваць Каляды – сьвята Божага нараджэньня паводле Грэгарыянскага календара. У гэты дзень у каталіцкіх, уніяцкіх храмах, сьвятынях вернікаў-пратэстантаў праходзяць урачыстыя малітвы і службы, а таксама канцэрты, спэктаклі і дзіцячыя пастаноўкі.

Your browser doesn’t support HTML5

Раство-2015 у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Менску.

Ад ранку ў сьвятынях распачаліся сьвяточныя малітвы і набажэнствы. Асабліва люднымі сьвяточныя Імшы ў гэты дзень сталіся ў парафіі Маці Божай Ружанцовай.

Прычынай таму – Год Божай міласэрнасьці, які сёлета ў надзвычайным парадку абвясьціў папа рымскі Францішак. Гэтая парафія – месца, дзе распачалося будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасьці – месца асаблівага ўшанаваньня і пакланеньня культу Божай Міласэрнасьці.

Гэта будзе першы і адзіны ў Беларусі санктуарый і трэці ў Эўропе – пасьля Вільні і Кракава. Тут, у гэтай парафіі, выстаўлены для малітваў і пакланеньняў абраз Божай Міласэрнасьці – адзіная ў Беларусі копія абраза, арыгінал якога знаходзіцца ў Вільні. Таму вельмі многія вернікі-каталікі сьпяшаюцца ў гэтыя дні ў сьвятыню, каб пакланіцца нованароджанаму Хрысту, а таксама памаліцца каля шанаванага абраза.

Многія вернікі ў сьвяточны дзень прыходзілі ў сьвятыню сем'ямі:

Карэспандэнтка: «Гэтак рана ў касьцёл з вазком адмыслова з прычыны сьвятаў?»

Маладая маці з вазком: «Так, вядома. Але мы і ў звычайныя нядзелі ўсёй сям'ёй прыходзім. Гэта ў мяне наймалодшы ў вазку, а яшчэ дачка вось толькі пабегла – ёй восем. А двое сыноў – падлеткі ўжо – яны міністранты: служаць кожныя выходныя дні і ў будзённыя. І ў нашай парафіі не адна такая нашая сям'я – у нас шмат шматдзетных сем'яў, шмат дзяцей і моладзі. А ў такія сьвяты ў касьцёл прыйсьці – гэта ж сьвята суцэльнае і радасьць».

Юнак: «Мы прыходзім сюды ня толькі да Бога – да Бога перадусім, але таксама шмат сяброў тут знайшлі».

Тата юнака: «Тут увогуле вельмі прыемная, амаль сямейная атмасфэра – усе адно аднаго ведаюць, у госьці ходзяць».

Карэспандэнтка: «Сёньня, пэўна, таксама?»

Юнак: «А як жа? Гэтае сьвята – гэта такі цудоўны настрой, што проста сядзець у хаце, каб не падзяліцца радасьцю і добрым настроем са сваякамі ці сябрамі – гэта проста немагчыма. Учора мы сям'ёй сьвяткавалі, аплаткай дзяліліся, а сёньня да сваякоў паедзем».

Верніца пэнсійнага веку: «Вельмі радасна, што ў нас шмат моладзі – гэта нам было цяжка да касьцёлаў хадзіць: забаранялі, пагражалі, касьцёлы былі зачыненыя – вой... Чаго толькі не было? А зараз – дзякаваць Богу – можам спакойна хадзіць і маліцца. Мы і ходзім, асабліва ў такія сьвяты, як сёньня. Віншую ўсіх людзей, каб усе былі здаровыя і шчасьлівыя, няхай Божачка атуліць усіх людзей сваёю ласкаю».

З нагоды Году Божай Міласэрнасьці, у гэтай парафіі, каля абраза Езуса Міласэрнага а 15.00 гадзіне штодня адбываецца малітва. Ксёндз-пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай айцец Генадзь Кухарэвіч з гэтай нагоды і нагоды сьвятаў сказаў:

«Перажываем зараз сьвята Божага нараджэньня, да якога мусіць дапасавацца Год Божай Міласэрнасьці, абвешчаны папам рымскім Францішкам. Гэты год ня мог не распачацца менавіта сьвятамі Божага нараджэньня, бо сьвет гінуў. Бог намагаўся вызваліць гэты сьвет з грахоўнай залежнасьці рознымі спосабамі, а ў выніку выслаў свайго ўлюбёнага сына. І гэты Сын Божы збаўляе сьвет і вось гэта ёсьць міласэрнасьць.

Для нашай парафіі, дзе распачалося будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасьці, гэта вялікае заданьне, але таксама і вялікае бласлаўленьне. Бласлаўленьне таму, што нашую сьвятыню Бог адарыў асабліваю ласкаю. Бо тут мае быць пабудаваны Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасьці. Таксама ад пэўнага часу з нашай парафіі штодзённа вядзецца наўпроставая інтэрнэт-трансьляцыя малітвы – Вяночка да Божай Міласэрнасьці. Гэтая малітва асабліва важная для людзей, якія маюць у ёй патрэбу: хворыя, інваліды, якія ня могуць прыйсьці ў сьвятыню, але якім патрэбная малітва. І дома, штодня а 15.00 самастойна, альбо дзякуючы дзецям і ўнукам, могуць злучыцца з намі ў гэтай малітве. Гэта заданьне для нас таму, што гэты Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасьці мы маем пабудаваць перадусім у сабе. Магчыма, што гэта нават цяжэй, чым касьцёл матэрыяльны. Але Езус, калі збудуе штосьці праз сэрцы людзей, то гэта станецца і матэрыяльнай каштоўнасьцю, якая будзе жыць. І людзі, якія туды прыйдуць, будуць ствараць супольнасьць любові і супольнасьць адорваньня любоўю адно аднаго.

А ў сёньняшняе сьвята Божага нараджэньня, каб нованароджаны Езус пасяліўся ў сэрцах ўсіх людзей добрай волі. Каб у Год Божай Міласэрнасьці кожны з нас быў міласэрным і праз іншых людзей спазнаў гэтую Божую міласэрнасьць».

Напярэдадні ва ўсіх храмах Беларусі адбыліся урачыстыя вячэрнія службы-пастэркі, падчас якіх сьвятары абвесьцілі пра нараджэньне немаўляці Езуса. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў сьвятую Імшу ў архікатэдральным касьцёле імя найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску. Зьвяртаючыся да прысутных, герарх заклікаў: «Беларусь, ня бойся прызнаць у Хрысьце Сына Божага, прымі Яго і даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднаньня і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!»

Ён таксама павіншаваў усіх вернікаў-хрысьціянаў, якія сьвяткуюць Божае нараджэньне, а таксама ўсіх, хто яшчэ толькі рыхтуецца сустрэць Божае Нараджэньне.