Каб абмяняць больш валюты, у Расеі трэба будзе запаўняць анкету

Цэнтрабанк Расеі зрабіў больш жорсткімі правілы абмену валюты.

Як паведамляе сайт Bankir.ru, з панядзелка, 28 сьнежня, апэрацыі па абмене наяўнай валюты будуць праводзіцца з поўнай ідэнтыфікацыяй кліента, калі сума на абмен будзе больш за 15 тысяч расейскіх рублёў (каля 212 даляраў паводле цяперашняга курсу).

У адпаведнасці з новымі правіла, для абмену валюты прыйдзецца ня толькі ўзяць з сабой пашпарт, але і запоўніць анкету, якую неабходна запаўняць кожнаму, хто ўпершыню прыйшоў у банк.

Поўная ідэнтыфікацыя ўключае ацэнку рызыкі кліента, вядзенне яго дасье, абнаўленне звестак пра яго і правядзенне іншых, прадугледжаных дакумэнтам, працэдур.

Адзначаецца, што гэтыя меры прынятыя для выкананьня патрабаваньняў Фэдэральнага закону «Аб супрацьдзеяньні легалізацыі (адмываньню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньню тэрарызму».

На думку спецыялістаў, уступленьне ў сілу новай нормы павялічыць час на валютаабменныя апэрацыі і значна ўзмоцніць апэрацыйную нагрузку. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да рэзкага скарачэння колькасці абменных пунктаў, дзе апэруюць з наяўнай валютай.