Нават у прастытутак Нямеччыны ёсьць свой прафсаюз — прадпрымальнікі «Экспабелу»

Актывістка АГП Вольга Маёрава раздае прадпрымальнікам улёткі з заклікам аб’ядноўвацца

23 сьнежня на рынку «Экспабел» актывісты АГП раздавалі гандлярам улёткі з заклікам аб’яднацца дзеля абароны ўласных інтарэсаў, а таксама заклікалі далучацца да палітычнай барацьбы за рэформы ў краіне. Як прадпрымальнікі рэагавалі на прапановы АГП?

Сустракаемся ля ўваходу ў «Экспабел» з актывістамі АГП, сярод якіх ведаю Вольгу Маёраву і былога міліцыянта Мікалая Казлова. Мэта ў актывістаў — раздаваць ўлёткі ды заклікаць аб’ядноўвацца для акцый пратэсту, а яшчэ — далучацца да палітыкі. Раздача ўлётак, паводле плянаў Вольгі Маёравай, пройдзе за гадзіну, яшчэ нейкі час можа спатрэбіцца на дыскусіі з прадпрымальнікамі. «Звычайна не перашкаджаюць, але з аховы рынку ўжо папярэджвалі, каб мы іх інфармавалі. Толькі навошта?» — Вольга выводзіць групу з будынку «Экспабелу» на рынак.

Ідзем па радах. Уздоўж латкоў — вір заклапочаных блізкімі сьвятамі людзей. Дзіўна, але пакупнікі цярпліва чакаюць, пакуль прадаўцы, атрымаўшы ўлётку АГП, выкажуцца адносна парадкаў на рынку і пэрспэктываў «сэртыфікацыі» тавараў зь 1 студзеня. Аляксандр, які гандлюе бытавымі таварамі, больш заклапочаны праблемамі арэнды.

Гандляр таварамі бытавой хіміі Аляксандар

«Згодны, што мусяць быць усе дакумэнты, гэта закон, але, прабачце, тут такія кошты арэнды выстаўляюць, што ў Маскве меншыя. Як можна весьці тут прадпрымальніцтва? Вось за сьвятло дамову складаюць толькі на 3 месяцы, і гэтак ужо 2 гады. А потым новая дамова — і яны могуць туды запісаць што заўгодна. У выніку за апошнія 2 месяцы мне арэнду паднялі на 5 мільёнаў. Ёсьць у дамове дзіўныя пункты, кшталту „абслугоўваньне арэнднага памяшканьня“. Але якое памяшканьне яны мне здаюць у арэнду? Гэта маё памяшканьне, іхны толькі асфальт. Яшчэ не разумею фразы „ПДВ на арэнду“ — гэта падатак на дададзеную вартасьць за арэнду. Разумею, што калі я набыў тавар і прадаў яго, дык дадаў вартасьці. Але які на арэнду ПДВ? У выніку, як можна працаваць, калі кожныя 3 месяцы — новая дамова, а калі не падпішаш, цябе адразу выкінуць? Так, трэба неяк аб’ядноўвацца і змагацца. Ведаю дакладна, што ў нас мусіць быць хаця б свой прафсаюз. Калі б ён працаваў, было б хоць нешта вырашана, але ж яго няма. Ва ўсіх краінах сьвету прафсаюзы працуюць, а ў нас — не. У Нямеччыне нават у прастытутак ёсьць прафсаюз, у беларускіх прадпрымальнікаў — няма. А афіцыйныя прафсаюзы заклапочаныя толькі пуцёўкамі, лячэньнем і адпачынкам. А ў нас як не было ніякіх правоў, гэтак і няма».

У размовах з гандлярамі мінула паўгадзіны. Як ідзе раздача ўлётак?

Вольга Маёрава дзеліцца ўражаньнямі, кажа, што ўлёткі бяруць ахвотна, некаторыя нават самі цягнуць рукі за паперкай. Падыходзяць і гандляры з паўднёвых краін, пра якіх звычайна мяркуюць, што яны нічым не цікавяцца, акрамя працы. Ці ёсьць сярод гандляроў тыя, хто зь 1 студзеня працаваць ня будзе?

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў паведаміў, што ўжо размаўляў зь некалькімі прадпрымальнікамі, якія распрадаюць апошні тавар і — «кеды на цьвік». Прашуся да Казлова ў спадарожнікі і хутка знаёмлюся з гандляркай Сьвятланай, якая зь 1 студзеня плянуе зачыніць кропку ды перабрацца працаваць у Расею.

«Некаторыя будуць працаваць зь 1-га, але я дакладна — не. Не магу я выконваць гэтыя беларускія законы. Бо калі іх выконваць, дык усё атрымаецца вельмі дорага і пакупнікоў зусім ня будзе. Вось у мяне дзьве гандлёвыя кропкі, на палову тавару ёсьць дакумэнты, на палову няма, і таму адну кропку, пэўна, давядзецца зачыніць. Калі залічыць у кошт тавару сэртыфікат, яшчэ 20% падатак на ўвоз тавару, плюс беларускую „гігіену“ — гэта значна падыме цану, а людзі і без таго бедныя. 3 мільёны заробак, дык людзі ня могуць дазволіць сабе набыць куртку нават за 600 тысяч. Гэта зараз. А дадайце да яе 20% увазны плюс сэртыфікат, дык тая курта з 1 студзеня будзе каштаваць ужо 1 мільён. Зможа наш пакупнік набыць гэтую куртку? Не. А беларускае яны ня хочуць купляць, бо не падабаецца дызайн, якасьць.

Вось для вас мае значэньне сэртыфікат? Не? Мне таксама. Мы ж лухту не прадаем, нам гэта нявыгадна, бо яе не прадасі. Мы нават гарантыю даем людзям, калі прадаём тавар. Але вось прычапіліся да гэтых сэртыфікатаў!

Мне прасьцей зачыніцца і паехаць працаваць у Расею, што я і зраблю

Прычым, у Маскве нам прапануюць такія сэртыфікаты, што іх сапраўднасьць мы не гарантуем. Як я разумею, нашы чыноўнікі проста бароняць інтарэсы вялікага бізнэсу, каб яму было лягчэй канкурыраваць з малым. Але тады давайце закрыем межы, і хай вялікі бізнэс гэтак жа плаціць мыта за свой тавар, як мы, калі з нас бяруць на мяжы 20%. А ў іх фура праходзіць — і нічога, яны потым плацяць толькі з абароту. А мы ж плацім адразу, ня гледзячы на тое, прададзім тавар ці не. Вось за 2 кропкі я плачу штомесяц 12,5 мільёна рублёў падатку плюс арэнду столькі ж, гэта — 25 мільёнаў рублёў. Плюс адзін наёмны працаўнік. Плюс „Белдзяржстрах“ абавязковы і плюс за касавы апарат. Вось колькі выдаткаў. А што я магу зарабіць? Усяго некалькі мільёнаў! Дык мне прасьцей зачыніцца і паехаць працаваць у Расею, што я і зраблю. А што рабіць? Ісьці на завод з вышэйшай адукацыяй, калі адтуль усіх звальняюць? У лепшым выпадку за 3 мільёны?»

Сьвятлана на рынку зь сярэдзіны 1990-х гадоў і кажа, што за мінулыя 20 гадоў гэтак цяжка і беспэрспэктыўна, як цяпер, не было ніколі.

Падымаемся на другі паверх «Экспабелу». Вольга Маёрава папярэджвае, што тут заўсёды было горш з распаўсюдам агітацыйнай літаратуры, бо гандляры на другім паверсе іншыя, багацейшыя і больш дасьведчаныя. Спачатку назіраньні пацьвярджаюцца. Гандлярка, якой Вольга прапанавала ўлётку, адразу адмовілася са словамі «ніякага выніку ўсё роўна ня будзе».

Вольга Маёрава

Але гандляры-мужчыны выявіліся больш кантактнымі і ня толькі з ахвотай пацягнуліся да ўлётак, але і ўступілі ў размову пра тое, што адбудзецца пасьля 1 студзеня:

«Возьмем перапынак. Будзем карыстацца падушкай бясьпекі — грашыма, якія назапасілі за „сытыя“ гады», — кажа гандляр курткамі, які сябе не называе.

На ўваходзе ў ягоны бокс адразу некалькі шыльдачак з указаньнем зьніжак. Гандляр тлумачыць, што зьніжкі — вымушаны крок , «каб хоць нешта прадаць». Мяркуе, што калі з 1 студзеня закрыецца хоць некалькі боксаў на паверсе, давядзецца зачыняцца ўсім боксам, бо пакупнікі проста перастануць сюды падымацца. «Але ў выніку і прыбытковасьць рынку ўпадзе, і тады адміністрацыя зачэшацца. Таму варта пратрымацца нейкі час і не працаваць», — кажа гандляр. «А чаму б не пратэставаць адкрыта? Што вам зробяць, калі будзеце страйкаваць?», — зандзіруе настроі народу Мікалай Казлоў.

«Пратэставалі і выходзілі, куды трэба, але што з таго?» — уступае ў размову чалавек, чый бокс па суседзтве. Анатоль гандлюе падлеткавым спартовым таварам. У тым ліку на зэдліку выставіў на продаж зімовыя чаравікі за 500 тысяч пара. Кажа, што насамрэч яны каштуюць па мільёне, але інакш не прадасі.

Можа, Анатоль таксама выходзіў 5 гадоў таму на Плошчу?

Ледзь чутно — станоўчае «так», гучней — разважаньні пра тое, чаму пратэст ня даў выніку. Калі коратка: ні ў каго з палітыкаў няма рэсурсаў падняць народ. Што да 1 студзеня, дык Анатоль з новага году таксама працаваць ня будзе, хаця непасрэдна ў яго «сэртыфікаты» ёсьць. Аднак тавар з-за іх істотна падаражаў і продажы ўпалі.

«Хацелася б проста адседзецца гэты год, але адчуваю, што не атрымаецца. Так, арэнда шалёная, продажаў ніякіх, бо людзі рэзка зьбяднелі. Не, нешта прадаць удасца, але толькі каб заплаціць „Экспабелу“ арэнду. А што тады самому застанецца? Ды яшчэ правяраючыя будуць сюды хадзіць, як да сябе дамоў — навошта мне гэта трэба?»

Як і калі Анатоль аднавіць працу ў новым, 2016 годзе, прадпрымальнік ня ведае.

Раздача ўлётак закончылася праз паўтары гадзіны. Да актывістаў ніхто з супрацоўнікаў рынку і міліцыянты нават не набліжаліся.

Вынікі акцыі падсумавала яе каардынатарка Вольга Маёрава:

«Плянавалі раздаць 300 ўлётак і фактычна ўсе раздалі, прычым, толькі адзін чалавек адмовіўся. Сёньня больш актыўна бралі ўлёткі нават у параўнаньні з часам перадвыбарчай кампаніі. Прычым, гандляры ахвотна ўступалі ў размовы, а часам і некаторыя пакупнікі цікавіліся ўлёткамі. Заўтра паўторым акцыю на рынках у Лошыцы і Серабранцы, а на наступным тыдні — за межамі Менску. Мы агітуем гандляроў рынкаў за стварэньне ўласнай структуры. Пакуль умоўна яна завецца „Цэнтар падтрымкі прадпрымальнікаў“, але потым гэта можа стаць грамадзкім рухам. Паглядзім».