22 сьнежня Міністэрства фінансаў ЗША заявіла пра ўвядзеньне санкцый у дачыненьні да 34 фізычных і юрыдычных асобаў з-за працягу расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Пераважна ў гэтым сьпісе расейскія чыноўнікі і кампаніі. Але ёсьць сярод іх і два беларускія банкі — санкцыі ўведзеныя супраць даччыных структур расейскіх банкаў — ВТБ і «БПС-Сбербанк».
У «БПС-Сбербанке» Свабодзе заявілі, што пакуль не гатовыя камэнтаваць сытуацыю з увядзеньнем супраць іх санкцый. Атрымаць камэнтар ад банку ВТБ (Беларусь) таксама не атрымалася.
Экс-кіраўнік Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Свабодзе зазначыў, што з-за амэрыканскіх санкцый у банкаў «БПС-Сбербанк» і ВТБ (Беларусь) паўстануць праблемы з крэдытаваньнем на Захадзе, могуць узьнікнуць праблемы з правядзеньнем разьлікаў з заходнімі кліентамі банкаў. Пры гэтым матчыны банкі (расейскія «Сбербанк» і ВТБ) будуць мець менш магчымасьцяў дапамагчы сваім беларускім «дочкам» фінансавымі рэсурсамі.
«Ведаю, што расейскія банкі заўсёды вылучалі рэсурсы для крэдытаваньня беларускай эканомікі праз свае „даччыныя“ банкі. Там у іх саміх паўстануць праблемы — і гэта адаб’ецца на дзейнасьці гэтых банкаў», — адзначыў Багданкевіч.
Аднак Станіслаў Багданкевіч лічыць, што амэрыканскія санкцыі ня стануць сьмяротным ударам для банкаў ВТБ і «БПС-Сбербанк», бо фінансава-эканамічныя сувязі Беларусі з ЗША невялікія:
«Я ня думаю, што гэта для нас вялікая праблема, улічваючы долю нашых сувязяў з тымі ж Злучанымі Штатамі. Я думаю, гэта непрыемна, але ёсьць больш значныя праблемы ў беларускай эканоміцы, у беларускіх банках — праблемы зьвязаныя зь незваротам пазык у сувязі з велізарным крызісам эфэктыўнасьці ў Беларусі, з-за чаго нарастае доля сумнеўных у пляне пагашэньня крэдытаў. У гэтым галоўная праблема для беларускіх банкаў», — падкрэсьліў у інтэрвію Свабодзе Багданкевіч.
Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі таксама ўпэўнены, што санкцыі ЗША ня будуць катастрофай для беларускіх банкаў:
«Я думаю, пераадоленьне праблем, якія ў іх могуць узьнікаць, ужо адпрацаваныя на базе матчыных кампаній. Калі мы паглядзім на дзейнасьць расейскага ВТБ і „Сбербанка“, то наўрад ці можна сказаць, што праца гэтых буйных расейскіх банкаў прыпынілася або яны неяк маюць праблемы з рашэньнем сваёй асноўнай функцыі — крэдытаваньнем эканомікі.
У беларускіх банкаў будуць складанасьці ў асноўным з абслугоўваньнем рахункаў экспарцёраў, якія працуюць з заходнімі краінамі, будуць абмежаваньні па працы з вонкавымі контрагентамі, будзе абмежаваны доступ на рынкі зьнешняга капіталу. Безумоўна, гэта ня вельмі пазытыўныя тэндэнцыі. Але так як гэтыя банкі наўрад ці былі сур’ёзнымі пазычальнікамі на рынках зьнешняга капіталу, то, напэўна, гэтая тэндэнцыя непрыемная, аднак наўрад ці будзе яна для банкаў сьмяротнай».
Палхоўскі падкрэсьлівае, што праблем у працы на тэрыторыі Беларусі і краін ЭАЭС у ВТБ і «БПС-Сбербанка» ня ўзьнікне.