Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі, якую ачольвае Сяргей Гайдукевіч, ад 2016 году ўводзіць рэбрэндынг. Пра гэта заявіў 22 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі першы намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч:
«Мы парываем з ЛДПР Жырыноўскага. Мы ня хочам, каб нас звадзілі да партыі Жырыноўскага. Вясной 2016 году мы правядзем партыйны зьезд і заявім пра стварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі. Што такое правы цэнтар? Найперш, гэта жорсткае адстойваньне нацыянальных інтарэсаў.
Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў паказалі, што ёсьць Сяргей Гайдукевіч, што ёсьць ЛДП Беларусі. Таму на парлямэнцкія выбары ад нашай партыі пойдуць пасьпяховыя людзі. На прэзыдэнцкіх выбарах наш электарат галасаваў за Лукашэнку. А на парлямэнцкіх выбарах гэтыя людзі будуць галасаваць за нас. Я ўпэўнены, што на парлямэнцкіх выбарах 2016 году атмасфэра будзе іншай, чым на папярэдніх выбарах».