Telegram-ботаў навучылі віншаваць па-беларуску і дапамагаць беларускім аўтамабілістам

Адзін бот можа паказаць вашыя парушэньні і знайсьці бліжэйшыя запраўкі. Іншага бота тым часам можна папрасіць напісаць віншаваньне па-беларуску.

Для мэсэнджэра Паўла Дурава Telegram ад чэрвеня 2015 году стала можна распрацоўваць чат-ботаў — штучных суразмоўцаў, якія могуць выконваць карысныя функцыі па камандзе. Пра новага бота @belarusAutoBot для аўтааматараў Беларусі Свабодзе распавёў адзін зь яго аўтараў Віктар Суздальцаў:

«Бот умее інфармаваць аб парушэньнях па фотафіксацыі, як разава, гэтак і ў рэжыме рассылкі, апэратыўна паведамляць аб новым парушэньні, шукаць бліжэйшыя АЗС, СТА і аўтамыйкі, а таксама паведамляць пра чэргі на мяжы з дэманстрацыяй фота. Таксама зараз у тэставым рэжыме працуюць трансьляцыі RSS-стужак разьдзелаў, прысьвечаных аўтамабільный тэматыцы, зь беларускіх парталаў: Tut.by, Onliner.by і Abw.by».

Скрыншот перапіскі з ботам @belarusAutoBot

На днях у Telegram зьявіўся і першы беларускамоўны бот. Мабільны апэратар velcom запусьціў беларускамоўнага бота @Vinshavatar — як паведамляе апэратар, каб разьдзяліць з усімі беларусамі сьветлы настрой і падарыць часьцінку радасьці напярэдадні Калядаў і Новага году. Боту трэба напісаць, каго вы хочаце павіншаваць, і той выдасьць тэкст з навагоднім віншаваньнем.

Каб скарыстацца ботамі, трэба спампаваць сам мэсэнджэр (ёсьць вэрсіі як для практычна любых тэлефонаў, так і для настольных кампутараў), скарыстацца пошукам і ў ім — увесьці назву бота: @BelarusAutoBot, @Vinshavatar альбо любога іншага.

Разам з тым у Telegram зьявіліся і сьвяточныя беларускамоўныя стыкеры-паштоўкі ад стваральнікаў «Віншаватара», іх можна спампаваць тут. Раней у Telegram зьяўляліся, напрыклад, стыкеры з кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандрам Лукашэнкам і Тацянай Караткевіч.

Telegram адметны бясьпекай перапіскі — гэта адзін з тых мэсэнджэраў, у якіх паведамленьні карыстальнікаў зашыфраваныя і надзейна абароненыя ад зламысьнікаў і спэцслужбаў. Нядаўна былы супрацоўнік АНБ Эдвард Сноўдэн раскрытыкаваў праграму за тое, што налады па змоўчаньні ў ёй недастаткова бясьпечныя, Дураў жа адказаў, што карыстальнікам часьцей зручна мець сынхранізацыю паведамленьняў, а для тых, хто не давярае аўтарам праграмы, існуе функцыя «сакрэтных чатаў», да якіх нават самі аўтары праграмы ня могуць мець ніякага доступу.