Мы атрымалі патрэбныя адказы ад звыш сотні аўтараў, чалавек 5-6 паведамілі нам, што адказаць на апытанку ня хочуць або ня могуць (?), чалавек 6-8 не адазваліся наагул. За выняткам аднаго аўтара, якога запісалі па тэлефоне, мы атрымлівалі адказы па электроннай пошце. Паспрабавалі здабыць адказы ад пісьменьнікаў, якія электроннай поштай не карыстаюцца, пасылаючы некалькім аўтарам звычайныя лісты, але — не атрымаўшы ніводнага ліста ў адказ — на гэтай адной спробе і спыніліся...
Наколькі мне вядома, гэта першая літаратурная апытанка, якая ў лёгкай форме памкнулася вызначыць «групавы партрэт» беларускага літаратара на канкрэтным гістарычным этапе, калі можна так сказаць. Пра два мазкі ў гэтым партрэце — уяўленьне «ідэальнага чытача» і веданьне замежных моваў пісьменьнікамі — я паразважаў у верасьні. Сёньня хачу падзяліцца заўвагамі наконт літаратурных густаў беларускіх літаратараў, як яны бачацца ў сьвятле адказаў на нашу анкету.
Першае пытаньне пра літаратурныя густы было такое: Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Большасьць апытаных зразумела яго так, як мне хацелася, гэта значыць, як пытаньне пра твор ці творы, якія асабліва спадабаліся падчас чытаньня і на якія хацелася б раўняцца і самому. Вось, прыкладам, такія адказы:
Аповесьці Франсуазы Саган пакінулі ўражаньне, што гэта я іх напісала. (Лада Алейнік)
«Забіць перасьмешніка» Харпэр Лі ці «Перабоі ў сьмерці» Жузэ Сарамагу. (Юлія Чарняўская)
А. і Б. Стругацкія «За мільярд год да канца сьвету». Раз на два, тры гады абавязкова перачытваю. Дакладна ведаю, што я не адна такая. (Таня Скарынкіна)
«Чазенія» і «Ладзьдзя роспачы» Караткевіча. (Дзьмітры Падбярэзскі)
Аўтарам кнігі Сяргея Дубаўца «Сіні Карабель». (Алег Мінкін)
«Хітрамудры ідальга Дон Кіхот з Ламанчы» Сэрвантэса. Кніга для ўсіх на ўсе часы. (Сяргей Харэўскі)
«Назаўжды» Алеся Разанава, «Восень» Тацяны Сапач. (Галіна Дубянецкая)
Антуану дэ Сэнт-Экзюпэры зайздрошчу «Малога прынца». (Міхась Андрасюк)
Напрыклад, «Працэсу» — хаця на яго месцы цалкам мог бы быць і «Карлсан-з-даху». (Альгерд Бахарэвіч)
Позьніх аповесьцяў Сэлінджэра, «Стэпавага ваўка» Германа Гесэ, альбо, калі ўсё зусім кепска, «Кнігі неспакою» Фэрнанда Пэсоа. (Ігар Бабкоў)
Нечаканасьцю для мяне былі адказы (іх было даволі многа), дзе рэспандэнты паведамлялі, што не хацелі б быць аўтарамі ніякай не-сваёй кнігі:
Ніякай. Нельга несьці адказнасьць за кагосьці, акрамя сябе. (Ярына Дашына)
Толькі тых, якія напісаў сам. (Віктар Сазонаў)
Аніякай. Дастаткова пачувацца іх — тых кніг — чытачом. (Алесь Пашкевіч)
Чужыя кнігі і чужыя грахі мне не патрэбныя. (Ільля Сін)
Навошта? Абы кнігі былі, а аўтарства ня так ужо і важнае, гэта ж не прывілей, мы проста праваднікі чагосьці большага. (Наста Кудасава)
У кожнага чалавека — свой лёс. Таму прэтэндаваць на чужое аўтарства ня варта. Лепш думаць пра сваё.(Дзяніс Марціновіч)
Не хачу паўтараць за іншымі. У мяне ёсьць свая Кніга памылак. (Юлія Цімафеева)
Я хацеў бы быць аўтарам толькі тых кніг, якія напісаў ці напішу сам. (Уладзіслаў Ахроменка)
У мяне ёсьць улюбёныя пісьменьнікі, але аўтарам я хачу быць толькі ўласных твораў. (Севярын Квяткоўскі)
Навошта прымерваць чужы лёс? (Вольга Гапеева)
Чужых кніг мне ня трэба. Я пішу свае. (Віктар Шніп)
Я сказаў бы, што тут праявілася характэрная нацыянальная рыса пад назвай «беларускае хутаранства» — у мяне свой хутар, які ару і абсяваю, а іншых палеткаў і сейбітаў мне ня трэба ;-)
Хоць сам я нарадзіўся і вырас на самым сапраўдным хутары, то мушу сказаць, што ў маім асабістым досьведзе чытача мастацкай літаратуры былі дзясяткі выпадкаў, калі я «прымерваў чужы лёс» — і пісьменьніка, і яго герояў — на сябе і думаў, што варта было б быць аўтарам той ці іншай кніжкі. Сказаць, што мне хацелася б быць аўтарам «Дон Кіхота» — гэта, па-мойму, выказаць сваё прызнаньне Сэрвантэсу і яго пісьменьніцкаму майстэрству ў гэтым творы, нічога больш. Але я — не пісьменьнік, а таму ня буду патрабаваць, каб усе чытачы-пісьменьнікі думалі падобным чынам.
У кожным разе, я хацеў як найлепш — схіліць беларускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц да як мага глыбейшага раскрыцьця сваіх літаратурных густаў, арыенціраў, эталёнаў і памкненьняў. Удалося не ва ўсіх выпадках.
Што тычыцца другога пытаньня пра літаратурныя ўпадабаньні — Хто ваш улюбёны пісьменьнік? — дык амаль усе ўдзельнікі апытанкі адказвалі даволі канкрэтна.
Пра ўлюбёных беларускіх пісьменьнікаў нічога нечаканага ня выявілася: найчасьцей называліся імёны Караткевіча і Быкава. Потым Стральцоў, Разанаў, тройца Купала-Колас-Багдановіч. Хто чакаў некага іншага, рука ўгору! Ня бачу...
Цяжэй ухапіць нейкую выразную тэндэнцыю сярод беларускіх пісьменьнікаў адносна ўлюбёных замежных аўтараў. Але адну «менш выразную» тэндэнцыю усё ж рызыкну пазначыць.
З замежных пісьменьнікаў па некалькі разоў згадваліся Габрыэль Гарсія Маркес, браты Стругацкія, Франц Кафка, Хуліё Картасар, Джэймс Джойс, Уладзімір Набокаў. Тыя, якіх агул чытацкай публікі не адносіць да «рэалістаў» ці да «рэалізму», што б гэтыя тэрміны ні значылі. У гэтым я бачу падсьвядомае (або і цалкам сьвядомае) памкненьне сучаснай беларускай пісьменьніцкай душы цаніць у замежным пісьменстве перш за ўсё тое, што не выступае (або выступае ў недастатковых дозах) у айчыннай літаратуры — тварэньне ўласнай ўнутранай рэчаіснасьці, а не імітаваньне чужой зьнешняй. Усе гэтыя названыя пісьменьнікі, нягледзячы на іх жанравыя, стылістычныя і сьветапоглядныя адрозьненьні, імкнуліся выбудоўваць сваю індывідуальную літаратурную прастору, у якой не абавязвалі законы і правілы плятонаўска-арыстотэлеўскага mimesis.
Збольшага — усё. Усім удзельнікам Літанкеты Свабоды — вялікі дзякуй! Калі перажывем бяз шкоды для здароўя сёлетнюю каталіцка-праваслаўную сьвяточную фэерыю, прыдумаем нешта іншае, каб падтрымаць зацікаўленьне беларускім прыгожым пісьменствам. Бо Беларусі не было — і ня будзе — безь літаратуры.