Штогод у продажы зьяўляецца ўсё больш сувэніраў і карысных рэчаў з нацыянальным калярытам. Напярэдадні Калядаў Радыё Свабода прапануе гід па сапраўдных беларускіх падарунках з розных цэнавых катэгорыяў.
Ніжэй далёка ня поўны сьпіс усіх магчымых "нацыянальных" падарункаў, што можна падарыць беларусу. Такія і многія іншыя прадаюцца і ў звыклых крамах у розных гарадах Беларусі, і ў шматлікіх інтэрнэт-крамах. Зь інтэрнэт-крамаў часта можна замаўляць дастаўку і ў іншыя гарады, і за межы краіны.
Паштоўка
Цана: 5-20 тысяч
Самы танны варыянт падарунку на Каляды ці Новы год — паштоўка. Найвялікшы іх выбар — на сайце Sendme.by. Такая, як на карцінцы, ёсьць таксама на Grandgoose.by. Зь іншага боку, іх можна прыдбаць у афлайн-крамах кшталту менскай кнігарні «логвінаЎ», часам яны зьяўляюцца нават у дзяржаўных «Белсаюздруках». Магчыма, іх можна будзе знайсьці і ў новай краме «Беларуская Прастора», што нядаўна адкрылася ў сталічным гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Вэнскі», тым самым, дзе месьціцца «Арт-Сядзіба».
Ёлачныя цацкі
Цана: 50-80 тысяч
Забаўную калекцыю вышываных цацак-падвесак прапануе Etnokrama.by, сярод варыянтаў — елачкі, птушкі, анёлы. У іх жа ёсьць вышываныя елачкі 35 см вышынёй, ужо за 150 тысяч. А ў Ragna.by прадаюцца, напрыклад, драўляныя наборы ёлачных цацак за 80 тысяч (адна асобная цацка — 13-16 тысяч). Як праз інтэрнэт, так і ў звычайных крамах ёсьць звыклыя шкляныя ёлачныя шары з арнамэнтам, на Symbal.by адзін такі каштуе 120 тысяч.
Каляндар «Не маўчы па-беларуску»
Цана: 60-80 тысяч
На 2016 год каляндар ад «Будзьма» ўключае ня 365 беларускіх словаў зь яскравымі ілюстрацыямі, а цэлых 366, бо год высакосны. Каляндар падзелены на старонкі-месяцы, словы — на катэгорыі: посуд, кветкі, птушкі, ежа... Адшукаць такі ў інтэрнэце можна на Knihi.by ці Imbryk.by.
Кубак
Цана: 70-100 тысяч
Не абавязкова тэматычна калядны, затое заўсёды патрэбны падарунак — кубак. Шмат прыгожых варыянтаў кубкаў з арнамэнтам ёсьць, напрыклад, сярод сувэніраў Symbal.by, каштуюць па 85 тысяч. На Prastora.by ёсьць і паўпразрыстыя кубкі з «Пагоняй» за 70-100 тысяч. У продажы бываюць таксама кубкі з надпісамі «Жыве Беларусь» ці «Люблю Беларусь», выявамі Кастуся Каліноўскага ці беларускім і ўкраінскім сьцягамі.
Каляднае мыла
Цана: 100 тысяч
Аказваецца, «дух Калядаў» можа быць у духмяным мыле. Прынамсі, сярод рознага мыла ручной працы майстэрні «Каралі» ёсьць «Цуд на Каляды». Але ў іх жа ёсьць і мыла «Віленскае барока», і мыла «Зорка-Вэнэра», і мноства іншых. Адзін кавалачак у сувэнірным пакунку каштуе на Karali.by 100 тысяч.
Кніга
Цана: 50-150 тысяч
Кажуць, найлепшы падарунак зь любой нагоды. Ёсьць нават кніга, якая так і завецца, «Падарунак на Каляды». У ёй сабраныя калядныя і навагоднія апавяданьні з усяго сьвету. Многіх парадуе, напрыклад, новая кніга вершаў Андрэя Хадановіча «Цягнік Чыкага-Токіё» (яе прэзэнтуюць 23 сьнежня ў кнігарні «логвінаЎ»), паэт якраз дадае хіба ня ў кожную кнігу калядныя вершы. Кнігі па-беларуску можна пашукаць на Imbryk.by, Knihi.by, Lohvinau.by ці Prastora.by.
Настольная гульня
Цана: 150-300 тысяч
Верагодна, да Новага году пасьпее зьявіцца ў продажы адукацыйна-забаўляльная настольная гульня «Мова» ад аўтара «Паўстанцаў» і курсаў «Мова Нанова». Прэзэнтацыя заплянаваная на 27 сьнежня, навінка якраз пад ёлку. Цана пакуль невядомая, але ня мае быць высокай, прыблізна 150-170 тысяч. Калі баіцеся не дачакацца, можна пашукаць іншыя беларускамоўныя настольныя гульні, напрыклад, на Kramakubik.by.
Рукавіцы
Цана: 160-200 тысяч
Хоць сьнегу пакуль не насыпалі, можна загадзя пачаць уцяпляць блізкіх людзей. Адзін з папулярных варыянтаў цёплага падарунку — рукавіцы з нацыянальным арнамэнтам, якія часта прадаюць проста ў людных месцах (у Менску — напрыклад, у раёне Камароўскага рынку). У інтэрнэце іх можна знайсьці, напрыклад, на Rahna.by за 160 тысяч. А на Prastora.by ёсьць стылёвыя чырвоныя рукавіцы з арнамэнтам-васільком і надпісам «Belarus» за 200 тысяч.
Шалік ці шапка
Цана: 250-400 тысяч
Больш дарагі і, адпаведна, больш цёплы падарунак — шалік ці шапка з арнамэнтам. На тым жа Symbal.by просты «футбольны» шалік з «Пагоняй» і надпісам «Belarus» каштуе 250 тысяч, а больш цёплы з арнамэнтам — 400 тысяч, шапкі з «Пагоняй» — 240 тысяч. Таксама шапкі з арнамэнтам ёсьць на Belarusam.by за 250 тысяч. А на Ethno.shop.by можна знайсьці цэлы камплект: шапка і шалік з рукавіцамі (і ўсё з арнамэнтам) за 300 тысяч.
Швэдар ці камізэлька
Цана: 400-650 тысяч
Самы цёплы варыянт падарунку для тых, хто верыць, што зіма прыйдзе. Багата розных швэдраў і камізэлек буйнай вязкі з малюнкамі з нацыянальнымі матывамі ёсьць на Belarusam.by. Дарослыя швэдры каштуюць звычайна 650 тысяч, а камізэлькі і дзіцячыя швэдры — ад 400.
Кашулі, байкі і цішоткі
Цана: 200 тысяч — 1 млн
Зь іншага боку, на Каляды і Новы год можна дарыць не абавязкова зімовыя рэчы. Чаму б не падарыць «вышымайку» ад Symbal.by, цішоткі з нацыянальным гумарам з Aaaooo.by, байку з урбаністычна-патрыятычным прынтом з Lstr.by, стылёвую кашулю з honar.by альбо мадэрновую вышыванку Elen-carot.by? Цішоткі каштуюць 200-400 тысяч, стылёвыя кашулі ад 600 тысяч да мільёна, байкі і світшоты недзе між імі па цэнах.
Гадзіньнік
Цана: каля 2 млн
Ёсьць «нацыянальныя» падарункі і значна даражэйшыя. Сёлета адразу некалькі брэндаў прадставілі «нацыянальныя» гадзіньнікі — з арнамэнтам ці з «Пагоняй» — і інтарэс да іх быў немалы. Але немалыя і цэны: гадзіньнікі «Hvilina» можна знайсьці прыкладна за 1,85 млн, гадзіньнікі «Спадчына» — за 2,3 млн.