За апошнія пяць гадоў у паўднёва-ўсходняй частцы Гомелю, непадалёк ад Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека, вырас жылы мікрараён, забудаваны пераважна панэльнымі дзевяціпавярховікамі. Сотні маладых сем’яў уранку вымушаны вазіць сваіх дзяцей у школы і дзіцячыя садкі літаральна па ўсім горадзе, бо комплексную забудову мясцовыя ўлады забясьпечыць ня ў стане.
Калі ў Паўднёвым узьвядуць яшчэ 16-павярховік і тры 18-павярховыя гмахі, то колькасьць жыхароў у ім наблізіцца да 10 тысячаў.
Алена ўжо трэці год жыве зь сям’ёй у Паўднёвым. Атрымаўшы кватэру, вядома, радавалася — свой кут займела. Цяпер усё больш сутыкаецца з праблемамі: у сям’і трое дзяцей, а ў мікрараёне ні школы, ні дзіцячага садка:
«Абяцаюць. Казалі, што тут вось за домам павінны будаваць школу, але ніякіх зрухаў. Дзеці нашы езьдзяць як да чорта ў зубы. Адны ў школу № 15, іншыя яшчэ куды. Сёлета хацела сярэдняга сына выправіць у 15-ю школу ў першую клясу, але месцаў няма. Так дома і застаўся. Вазіць на Міжнародную вуліцу (7 км) я не магу. Аднаго ў садок у 5-ты мікрараён (10 км), другога на Міжнародную ў школу — я на працу не пасьпяваю».
Мясцовыя ўлады сьпешна перарабілі былы інтэрнат у сад-школу № 73, пусьцілі да яе аўтобус, але і там хутка усё было запоўнена. Да таго ж дарога ў школу ідзе празь лес, што асабліва турбуе бацькоў. Год таму сярод белага дня невядомы гвалтаўнік у лесапаласе напаў на малалетнюю дзяўчынку, якая вярталася са школы дадому. Жахлівая вестка хутка абляцела ня толькі Паўднёвы мікрараён, але і ўвесь горад. І бацькі сталі яшчэ больш настойліва патрабаваць давесьці мікрараён да ладу.
Алена: «Дзіцячы садок і школа патрэбныя найперш. Дзеці ў гэтую пару ходзяць па сутнасьці ноччу. Уявіце другую зьмену, другаклясьніка ці трэцяклясьніка. Як яму ісьці празь лес? Да таго ж далёка. І ў садку месцаў няма. Меншага сына, якому тры з паловай гадкі, я нікуды ўжо не ваджу. Добра, што ёсьць бабуля — забралі яе да сябе, і яна ўжо зь ім сядзіць. Іншага выйсьця няма. Абяцалі яшчэ зь лета пачаць будаваць школу — і ніякіх зрухаў. Гаварылі, што і садок будзе, але пачынаюць будаваць нейкі гандлёва-забаўляльны цэнтар. Не садок і ня школу — гандлёва-забаўляльны цэнтар».
Жыхары мікрараёну згадваюць, што калі ўлады агітавалі іх пагаджацца на долевае будаўніцтва жытла, то абяцалі ці не залатыя горы — і дзеці тут хутка будуць вучыцца, і ў садок будуць хадзіць. І паліклініку пабудуюць, і бульвар зробяць. Цяпер гараджане чуюць іншую песьню: маўляў, гадоў 7-10 трэба, каб упарадкаваць мікрараён.
У Валянціны дачка апошнюю зіму ходзіць у садок — у наступным годзе ёй у школу. Сын — шасьціклясьнік:
«Другая зьмена ў нас. Старэйшы прыходзіць вечарам са школы а палове на восьмую. Вядома, ходзім сустракаць — баімся за яго. Вакол жа лес, страшна. А тут, па-мойму, ніхто і блізка не зьбіраецца школу будаваць. Як звычайна — няма грошай, няма сродкаў. Раяць яшчэ: скажыце дзякуй, што адкрылі 73-ю школу. Але яна ж не гумовая — і бальшыня, хто мае машыны, возяць дзяцей у горад. Дык ня ўсе ж маюць, таму і водзяць дзяцей у 73 школу. Ехала аднойчы ў аўтобусе, разгаварылася з бабуляй — яна, як высьветлілася, езьдзіць да нас зь іншай ускраіны, каб забраць са школы і садка на Жамчужнай вуліцы (у суседнім мікрараёне) унучку і ўнука, бо бацькі на працы».
Цяпер у Паўднёвым тутэйшыя жыхары абмяркоўваюць сьвежую навіну: на пустку непадалёк ад гандлёвага цэнтру «Санта» прыгналі тэхніку, абгарадзілі, увагналі ў зямлю зь дзясятак паляў.
Валянціна: «Тут хочуць узводзіць ці то банк з поштай, ці то гандлёвую краму. Банк з поштай няхай, а крамаў тут дастаткова. Нам патрэбныя найперш школа і дзіцячы сад. Дзяцей шмат — месцаў не хапае».
Прыкладна такая ж сытуацыя з сацыяльна-побытавымі аб’ектамі і ў суседнім мікрараёне Хутар, хаця ўлады абяцалі тут узвесьці ажно два дзіцячыя садкі, дзьве школы, паліклініку, кінатэатар і нават рэстарацыю. Нічога гэтага на Хутары няма.
Яно і ня дзіўна. Нерэфармаваная эканоміка не дае патрэбнай колькасьці сродкаў, каб адначасова з узьвядзеньнем жытла разьвіваць інфраструктуру.
Але ж гараджане бачаць, як дбайна вэртыкальныя чыноўнікі асвойваюць бюджэтныя сродкі каля сваіх будынкаў.
Ад лета зь невялікімі перапынкамі досыць актыўна вядуцца будаўнічыя працы каля аблвыканкаму на праспэкце Леніна, 2. Тут завяршаюць капітальны рамонт ганку ды два іншыя ўваходы-выхады.
Хутка зьявіцца падсьветка ўсіх уваходаў, а галоўны ганак з мармуру будзе яшчэ і падагравацца.
Пры дапамозе пліткі з тактыльнай паверхняй і двайных парэнчаў у аблвыканкам змогуць патрапіць гараджане з абмежаванай мабільнасьцю.
Паклапаціліся ў аблвыканкаме і пра парадкаваньне партэрнага газону.
Рэканструкцыю пачалі пасьля таго, як улетку моцны вецер з залевай пашкодзіў шэраг блакітных ялінак уздоўж будынку аблвыканкаму.
Цяпер іх замянілі чатырма дзясяткамі калёнападобных туяў і васямнаццацьцю шарападобных. Паліў дрэў і расьлін будзе забясьпечвацца ірыгацыйным абсталяваньнем ці то італьянскай, ці то амэрыканскай вытворчасьці.
«Гомельскі дзелавы партал» паведаміў, што кошт аблаштаваньня аблвыканкаму складае 9 мільярдаў 723 мільёны рублёў.
«Батракі ўсё жыцьцё мэнчацца. Усё астатняе робіць улада па-свойму. Хоча рабіць прыгажосьць сабе — яна робіць. А ў дзіцячых садках ды школах — там усё бедна, падымі ды апусьці», — гэтак рэагуе на раскошу гамяльчук сталага веку.
Карэнная гамяльчанка, бачачы пераўтварэньні вакол аблвыканкаму, дадае:
«Туі можна і потым пасадзіць, гэта не тэрмінова. А тэрмінова трэба, калі людзі жывуць, і школу пабудаваць, і дзіцячы садок. Я так мяркую».