Учора прадстаўнікі беларускай культуры і грамадзкія дзеячы апублікавалі зварот да беларускай апазыцыі з заклікам правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў «дзеля нацыянальнай згоды». Зварот падпісалі Ўладзімер Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.
Аб падтрымцы прапановы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі адразу абвесьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Статкевіч:
«Лічу, што кіраўнікі дэмакратычных арганізацый абавязаныя скарыстацца гэтай „падачай“ дзеля аб’яднаньня. Часу на рэалізацыю ініцыятывы засталося мала. Таму неадкладна пачаў кансультацыі з дэмакратычнымі лідэрамі аб яе рэалізацыі. Большасьць з тых, да каго пасьпеў зьвярнуцца, адразу падтрымалі ідэю кангрэсу і заявілі аб сваёй гатоўнасьці ўвайсьці ў склад яго аргкамітэту. Некаторыя папрасілі час, каб параіцца са сваімі калегамі. Думаю, што вечарам 18 сьнежня можна будзе даведацца пра папярэдні склад аргкамітэту. А таксама пра прычыны, па якім кіраўнікі некаторых арганізацый адмовіліся падтрымаць аб’яднальны кангрэс. Калі такія знойдуцца».
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў Свабодзе, што да прапановы аб’яднацца на Кангрэсе дэмакратычных сілаў ён ставіцца абсалютна станоўча.
«Я скажу больш, мы працуем сёньня над аб’яднаньнем дэмакратычных сілаў. Створана сёньня пляцоўка для супрацы правацэнтрысцкіх сілаў Беларусі. Пры гэтым я хачу зазначыць, што эфэктыўнае яднаньне дэмакратычных сілаў магчыма сёньня толькі на двух падмурках: супольных каштоўнасьцях і супольных дзеяньнях. Дык вось, усе прапановы аб’яднаньня, у тым ліку правядзеньня кангрэсу, яны абавязкова мусяць уключаць у сябе гэтыя два элемэнты: супольныя каштоўнасьці і супольны плян дзеяньняў. А тое сёньня за апазыцыянэраў выдаюць і Гайдукевіча, і Ўлаховіча... Калі тут ня вызначыцца, то ідэя аб’яднаньня будуць дэвальваваны — і так сёньня многія скептычна ставяцца да гэтых спроб і ініцыятыў», — кажа ён.
Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў мае сэнс:
«Мы лічым, што насамрэч існуе пэўная раздробленасьць сярод розных структур апазыцыі, асабліва на левым флянгу. Калі браць правацэнтрысцкія структуры, то вы цудоўна ведаеце, што ня так даўно яны падпісалі супольнае пагадненьне. Хацелася, каб падобныя працэсы адбываліся і сярод левацэнтрысцкіх структураў. Магчыма, такі кангрэс паспрыяе іх аб’яднаньню і паўстане таксама левацэнтрысцкі блёк. А далей ужо можна будзе казаць пра пэўную супрацу паміж гэтымі дзьвюма плынямі беларускай апазыцыі».
Старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ня лічыць мэтазгодным праводзіць такі кангрэс:
«Пакуль што ў гісторыі беларускай апазыцыі такія кангрэсы прыводзілі ў выніку да яшчэ большага раз’яднаньня, да таго, што навешваліся новыя цэтлікі і барацьба ў выніку была не за галасы людзей, не за іх падтрымку, а ўнутры, за тое, хто ўзначаліць такі кангрэс, хто стане кіраўніком, хто будзе казаць ад імя ўсіх», — кажа ён.
Дзьмітрыеў прывёў у прыклад кангрэс 2007 году, дзе апазыцыя выступіла супраць Аляксандра Мілінкевіча, але аб’яднацца так і не змагла: адзінага кандыдата на выбарах 2010 году не было.
Таму палітык замест правядзеньня кангрэсу прапаноўвае сканцэнтравацца на працы зь людзьмі:
«У нас пяць гадоў да наступных прэзыдэнцкіх выбараў, гэта вельмі мала. „Гавары праўду“ сваю перадвыбарчую кампанію пачала ўжо цяпер. Мы разумеем, што пакуль што шмат людзей яшчэ галасуюць за Лукашэнку. І нам вельмі важна данесьці да іх, што ёсьць альтэрнатыва, якую варта падтрымліваць. Таму давайце мы сёньня сканцэнтруемся на працы зь людзьмі: хто як гэта бачыць, хто як гэта можа зрабіць. Але менавіта зь людзьмі, а не на ўнутраных гэтых схемах, якія не спрацоўваць. Якія прыгожа выглядаць на паперы, але ў выніку яны прыводзяць толькі да аднаго: мы страцім час і рэсурсы на ўнутраную барацьбу замест барацьбы за галасы людзей. Таму адзінства ў дзеяньні было б значна лепш, чым фармальнае адзінства ў нейкай структуры».
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што да падпісантаў гэтага звароту ён ставіцца з глыбокай павагай і лічыць ідэю аб’яднаньня апазыцыі вельмі важнай. Аднак гэтая прапанова яшчэ будзе абмяркоўвацца, кажа ён:
«Гэтае пытаньне даўно стаіць у парадку дня. Што тычыцца нейкіх канкрэтных арганізацыйных момантаў, то, як заўсёды, вельмі часта ў іх хаваецца д’ябал. Мы бачым, што ўсе спробы апазыцыі аб’яднацца пасьля 2006 году (можна сумнявацца наколькі яны былі шчырымі, але яны былі) як раз разьбіваліся аб вось гэтыя дэталі і нейкія тэхнічныя акалічнасьці. Аднак я думаю, што мы гэтую прапанову абавязкова неўзабаве абмяркуем у Партыі БНФ і прымем свае рашэньне. Патэнцыйна гэта магло быць нам цікава».