Жылы комплекс, што плянавалася збудаваць у двары адной зь вежаў на скрыжаваньні менскіх вуліцаў Кірава і Бабруйскай, узводзіць ня стануць, перадае «Минск-Новости» словы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Натальлі Клімовіч.
У двары адной зь вежаў «Брамы горада», як нярэдка называлі дамы ля Прывакзальнай плошчы, меркавалася ўзьвесьці «дом падвышанай камфортнасьці» з падземным паркінгам. На тэрыторыі, абранай пад будаўніцтва, раней знаходзіўся дзіцячы садок, пазьней пашпартна-візавая служба.
«Цяпер распрацоўваецца горадабудаўнічы праект на наступны год, — распавяла Клімовіч. — Гэтая пляцоўка вызначаецца як грамадзкая зона. Адпаведна, там ня мусіць знаходзіцца жылая забудова. Будынак былога дзіцячага садку маюць намер рэканструяваць. Прапануецца тры варыянты яго выкарыстаньня: пачатковая школа гімназіі № 75, адмысловая навучальная ўстанова або шматфункцыянальны спартовы комплекс. Неўзабаве праект прадставяць на грамадзкае абмеркаваньне».
Верагодна, на рашэньне паўплывалі і 450 подпісаў мясцовых жыхароў, якія выступілі супраць будаўніцтва гмаха. Мастацтвазнаўца і дасьледчык архітэктуры Сяргей Харэўскі тлумачыў Свабодзе: калі дом будзе збудаваны, «антрапагенная нагрузка на гэты раён вырасьце, зьнішчацца зялёныя зоны», праект ён называў «яшчэ адной праявай дэградацыі менскага горадабудаўніцтва», згадваючы знос старога Віленскага вакзалу, новы аўтавакзал і хмарачос, «які зьмяніў саму дамінантную пазыцыю дзьвюх вежаў на Прывакзальнай плошчы».