Філёзаф Павал Баркоўскі зь «Лятучага унівэрсытэту» выступіў у Горадні зь лекцыяй, прысьвечанай Ігнату Абдзіраловічу (сапраўднае імя Ігнат Канчэўскі, 1896-1921). Ён быў, па сутнасьці, першым мысьляром, які зьвярнуў увагу не на мінулае Беларусі, а на яе будучыню, зазначыў Павал Баркоўскі.
Ён удакладніў: мэта выступу — паказаць, што ў нас былі мысьляры, якія актуальныя і сёньня. Наша задача — задумацца над тымі пытаньнямі, якія Абдзіраловіч ставіць перад намі сёньня: а куды ж мы сапраўды ідзем? Як мы мысьлім разьвіваць Беларусь? На якіх прынцыпах разьвіваць нашу культуру і формы грамадзкага жыцьця?
Павал Баркоўскі адказаў на пытаньні «Свабоды».
— Кім сёньня бачыцца Абдзіраловіч у той час, калі ён напісаў сваю працу? Як яе прынялі? Што Абдзіраловіч значыў тады ў беларускім грамадзтве? Ці значыла яго прозьвішча, яго асоба ў той час што-небудзь значнае? Ці яго рэальна ацанілі толькі нядаўна?
— Ігнат Абдзіраловіч — мабыць не зусім раскрыты талент Беларусі. Гэтаму перашкодзіла раньняя сьмерць. Памёршы ў 27 год, ён пакінуў ня надта вялікую спадчыну. Толькі некалькі досыць цікавых вершаў і вядомае эсэ «Адвечным шляхам». Ён быў выразным прадстаўніком віленскага кола інтэлігенцыі, якая шукала сваю нацыянальную ідэю, шлях разьвіцьця для Беларусі на той час. І гэта было вельмі складана ў тых палітычных і жыцьцёвых умовах, якія існавалі.
Яго эсэ было тады амаль не заўважана. Бо час і кан’юнктура былі хутчэй супраць гэтых летуценьняў пра ўласны шлях для Беларусі. Але ён быў вельмі пільна прачытаны ўжо ў 1980-90-я гады.
І тады ён, можа, застаўся таксама не да канца зразуметы, але прынамсі ўжо ацэнены. Ён цікавы тым, што па сутнасьці сфармуляваў для беларусаў задачу, праблему, якая стаіць перад імі і сёньня. Гэта пытаньне нашага цывілізацыйнага выбару і далейшага разьвіцьця. Гэта ня проста, як любяць казаць — паміж Польшчай і Расеяй, Эўропай і Азіяй. Пытаньне нашмат больш складанае. Гаворка пра адметны ўласны шлях разьвіцьця, уласную культуру. Пытаньне самабытнасьці. Таго, што можа зрабіць Беларусь часткай таго або іншага сьвету, а што можа зрабіць яе своеасаблівай, вельмі цікавай, багатай культурай, якая б магла разьвівацца сама па сабе. І вось гэтая задача, яна і на сёньня стаіць перад намі. Бо мы і сёньня сутыкаемся з тым, пра што казаў Абдзіраловіч. Мы стаім на ростанях паміж эўрапейскай цывілізацыяй, якая прапануе нам свае каштоўнасьці (але якія мы таксама ня ўсе прымаем канчаткова), і расейскай цывілізацыяй, якая нам цяпер хутчэй свой жахлівы твар прапануе. І якая наўрад ці будзе ў бліжэйшы час для нас узорам. Нам трэба асэнсаваць: куды ж мы далей рушым і як рушым?
— Ці гучыць імя Абдзіраловіча на ўроках, лекцыях, ці ёсьць у падручніках?
— Цяпер гэта імя вядомае. Яго і ў школах выкладаюць, наколькі мне вядома, яго вывучаюць ва ўнівэрсытэтах. Яго імя гучыць, напрыклад, у курсах па філязофіі, калі ўзгадваюць нацыянальных мысьляроў, прадстаўнікоў беларускай думкі. І тады імя Абдзіраловіча гучыць як адно з найвялікшых у першай палове ХХ стагодзьдзя. Яго ведаюць, часткова цытуюць, але, на жаль, часьцей не далей за гэтую праблему цывілізацыйнага раздарожжа паміж Захадам і Ўсходам.
— Сёньняшняя ўлада паводле савецкай традыцыі вельмі баіцца нацыяналістаў. Абдзіраловіч быў нацыяналістам. Чаму пра яго не замоўчваюць?
Ён вельмі самабытны нацыяналіст. Ён кажа пра беларушчыну, пра тое, што варта яе трымацца як таго, што робіць нас людзьмі, робіць своеасаблівымі.
— Ну, можа, таму, што ён вельмі самабытны нацыяналіст. Ён кажа пра беларушчыну, пра тое, што варта яе трымацца як таго, што робіць нас людзьмі, робіць своеасаблівымі, але гэта ўсё ж праект пачатку 1920-х гадоў, калі не было ў яго такога акрэсьленага стаўленьня празаходняга ці прадэмакратычнага, што цяпер найбольш, відаць, і перасьледуецца. Ён хутчэй выказвае такую утапічную візію, якая пасуе па сутнасьці вэктару і ўсходняму, і заходняму. І таму ён бясшкодны для сёньняшніх уладаў: ён быў даўно, ён выказваўся ня надта радыкальна і малазразумела для простага чалавека. У тым сэнсе, што гэта ўсё ж такі больш філязафічны тэкст, хутчэй, задача для інтэлігенцыі, якую ён ставіў. І таму яго, мабыць, ня лічаць вельмі небясьпечным.
— Але ці азначае ён рэальна штосьці для ўлады, для яе ідэолягаў?
— Ён хутчэй «нафталінавая» фігура, каторая была даўно. Ён не разглядаецца як нейкі дзейсны ўдзельнік сёньняшніх дыскусій пра будучыню Беларусі і яе цывілізацыйны выбар. Таму на яго зрэдку зьвяртаюць увагу. Толькі на той момант, што ён казаў: ня трэба канчаткова адмаўляцца ні ад Захаду, ні ад Усходу, ні ад Польшчы, ні ад Расеі. Такая шматвэктарнасьць Рэспублікі Беларусь. Глыбінныя яго ідэі, канечне, не ўспрымаюцца. Таму што тое, што цяпер адбываецца, дакладна насуперак таго, чаму вучыць Абдзіраловіч. Гэта духоўнае мяшчанства, застыглыя формы жыцьця, палітычнага, культурнага, адміністрацыйнага, якія ён так люта ненавідзеў.
— Як можна акрэсьліць ідэі Абдзіраловіча палітычна, калі браць пад увагу тагачасны нацыянальны рух?
— Ён быў мысьляром-саматугам. Хаця прадстаўляў сабой сацыялістычны рух. Ня тую частку, што за бальшавікамі ішла, а — за сацыялістамі-рэвалюцыянэрамі ці была бліжэй да Грамады. У гэтым сэнсе ён яшчэ ўвасабляў нейкую ўтопію, думку аб разьвіцьці грамадзтва, якая была ўласьцівая гэтым левым народніцкім рухам, якая разглядала магчымасьць выйсьця да справядлівага грамадзтва, дзе кожны чалавек можа мець належнае месца для жыцьця і разьвіцьця. А па-другое, здабыцьцё такога грамадзтва, дзе асноўным прынцыпам існаваньня для людзей будзе прынцып сталага творчага ўздыму як асноўнага рухавіка ўсёй жыцьцёвай сілы. Ня толькі ў індывідуальнай творчасьці, але і ў калектыўнай, сацыяльнай.