Авакаў падаў у суд на Саакашвілі

14 сьнежня на пасяджэньні Нацыянальнай рады рэформаў Украіны губэрнатар Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі абвінаваціў міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава ў карупцыі.

Арсен Авакаў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасьці да губэрнатара Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі. Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканала «1 + 1».

Кіраўнік МУС Украіны таксама дадаў, што па наяўнай у яго інфармацыі, прэм’ер-міністар краіны Арсень Яцанюк таксама падасьць у суд на Саакашвілі. 14 сьнежня на пасяджэньні Нацыянальнай рады рэформаў паміж Авакавым і Саакашвілі адбылася сварка, падчас якой яны абвінавацілі адзін аднаго ў карупцыі, а кіраўнік МУС кінуў у губэрнатара шклянку з вадой.

На брыфінгу пасьля паседжаньня Саакашвілі заявіў, што Авакаў фінансуе з «карупцыйных даходаў» нефармальныя ўзброеныя фармаваньні. Ён таксама абвінаваціў у датычнасьці да карупцыйных схемаў прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка.

З-за гэтай сваркі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка быў вымушаны закрыць пасяджэньне. Пазьней ён напісаў у Facebook, што «абразлівыя выказваньні з расісцкім падтэкстам», якія «абражаюць годнасьць чалавека і ставяць пад сумнеў яго патрыятызм», зьяўляюцца недапушчальнымі. Пры гэтым ён адзначыў, што «барацьба з карупцыяй — гэта не галіна шоў-бізнэсу».