Адносіны афіцыйных Менску і Масквы знаходзяцца ў у пэрманэнтным крызісе, аднак непрымірымых супярэчнасьцяў паміж кіраўніцтвам дзьвюх краін сёньня няма.
Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.
Менавіта ў кантэксьце крызісу адносінаў экспэрт лічыць неабходным разглядаць маскоўскую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, якая не прынесла нейкіх канкрэтных вынікаў у прынцыповых пытаньнях двухбаковых стасункаў:
Адносіны дзьвюх краін перажываюць пэрманэнтны крызіс. Гэта хаджэньне па замкнёным коле: ад заяў аб самых блізкіх адносінах да неразуменьня і крыўдаў, і назад.
«Адносіны дзьвюх краін перажываюць пэрманэнтны крызіс. Я б сказаў, што гэта хаджэньне па замкнёным коле: ад заяў аб самых блізкіх адносінах да неразуменьня і крыўдаў, і назад. У гэтым сэнсе нічога новага не адбываецца. Лукашэнка ўжо быў антыгероем для расейскіх тэлеканалаў, што не перашкаджала празь некаторы час казаць пра яго, як пра галоўнага партнэра і саюзьніка Расеі. Я думаю, што ў дадзеным выпадку няма сэнсу драматызаваць сытуацыю, але ў той жа час няма сэнсу гэтую сытуацыю перабольшваць. Гэта звычайны працоўны працэс. Адносіны дзьвюх краін супярэчлівыя, няпростыя, амбівалентныя. І ўсё астатняе — вытворнае ад гэтай амбівалентнасьці і супярэчлівасьці», — перакананы расейскі палітоляг.
На думку Калачова, галоўнае, чаго хоча Крэмль ад афіцыйнага Менску, — гэта поўнай і безумоўнай падтрымкі цяперашняга курсу Расеі ў зьнешняй палітыцы:
«Натуральна, цяпер гаворка не ідзе, скажам, пра пераход Беларусі на расейскі рубель, тэму агульнай валюты Беларусі, Расеі і Казахстану быццам бы таксама адклалі ў доўгую скрыню — гэта значыць, безумоўна, тыя пытаньні, якія былі раней, зьвязаныя зь інтэграцыяй, ны адкладзеныя на потым.
Цяпер для Крамля самае важнае, каб Беларусь безумоўна падтрымлівала Расею ва ўсіх яе зьнешнепалітычных дзеяньнях.
Цяпер для Крамля самае важнае, каб Беларусь безумоўна падтрымлівала Расею ва ўсіх яе зьнешнепалітычных дзеяньнях — у тым ліку ў сытуацыі ў Сырыі, у сытуацыі з Турэччынай. Зразумела, што Крэмль у пэўнай ступені перажывае з нагоды таго, што Беларусь здабывае з гэтых сытуацый пэўную выгаду.
З аднаго боку, Лукашэнка ўжо ня самы дрэнны хлопец у Эўропе, з другога боку — Лукашэнка відавочна ставіць у аснову асноў эканамічныя інтарэсы Беларусі і гатовы карыстацца існымі праблемамі для таго, каб беларуская эканоміка атрымлівала новыя магчымасьці. Ну, напрыклад, транзыт расейскіх турыстаў у Турэччыну і Эгіпет празь Менск, пастаўкі тых тавараў, якія трапляюць пад контрсанкцыі пад выглядам беларускіх. У прынцыпе, тут ва ўсіх ёсьць свая зацікаўленасьць. Але праблема ў тым, што палітыка Масквы часам залішне эмацыйная.
Лукашэнка спрабуе рэалізаваць эканамічныя свае інтарэсы ў першую чаргу.
Як мне здаецца, Лукашэнка, нягледзячы на ўсю сваю рыторыку, выглядае куды больш прагматычным і рацыянальным. Ён спрабуе рэалізаваць эканамічныя свае інтарэсы ў першую чаргу. А для Крамля важна паказаць, што ў Расеі ёсьць саюзьнікі, якія гатовыя за ёю хоць у агонь, хоць у ваду», — лiчыць расейскі экспэрт.
Пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай авіябазы важнае для Крамля менавіта ў гэтым кантэксьце, мяркуе Калачоў.
«Мне здаецца, на сёньняшні дзень праблема ў тым, што Расея ўсё ж успрымае Беларусь як малодшага партнэра, можа быць, нават як сатэліта, гэта значыць як дзяржаву, якая павінна ісьці ў фарватэры расейскай палітыкі ў любых пытаньнях — ваенных, палітычных, эканамічных. Беларусь хоча выкарыстоўваць цяперашнюю сытуацыю сабе на карысьць і не гатовая для кагосьці „цягаць каштаны з агню“ або „кідацца ў вір з галавой“. Антаганістычных супярэчнасьцяў паміж краінамі няма, але ёсьць розьніца інтарэсаў», — упэўнены экспэрт.