У вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёну апазыцыйны дэпутат сабраў сход сялянаў і чыноўнікаў па праблеме рамонту дарог.
Толькі пасьля збору больш як 30 подпісаў жыхароў Кабакоў мясцовыя ўлады загадалі раўняць гравійныя дарогі.
Збор подпісаў за рамонт дарог у Кабаках ініцыяваў адзіны ў Беларусі апазыцыйны дэпутат сельскага савету Валер Білібуха. Спадар Білібуха кажа, што толькі праз калектыўныя звароты ўдаецца дабівацца вырашэньня многіх лякальных праблем. Раней дэпутат дайшоў у ліставаньні да старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму дзеля падсыпкі дарог на вуліцах у вёсцы Жычын.
На сход прыйшло каля 20 чалавек, прыехалі начальнік аддзелу ЖКГ Бярозаўскага раёну Яўген Клемяшук, старшыня Першамайскага сельсавету Валер Шупенік, галоўны інжынэр ДРБУ (раённага дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўленьня) Аляксей Радзько.
Прысутнічалі ўчастковы міліцыянт ды кіраўнік мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Журналістам забаранілі весьці фота- і відэаздымку.
Чыноўнікі апавялі, што ў Бярозаўскім раёне на балянсе дарожнай арганізацыі знаходзіцца каля 480 кілямэтраў дарог, 250 км зь іх — гравійныя ды грунтовыя. Найперш добраўпарадкуюцца дарогі міжнародныя, рэспубліканскія ды рэгіянальныя. Мясцовыя ж, вясковыя дарогі «фінансуюцца па астаткавым прынцыпе». Прадстаўнік райвыканкаму спаслаўся, што праца дарожнікаў залежыць ад фінансаваньня:
«Працуюць яны ў тых аб’ёмах і ў тых сродках, якія ім выдзеленыя. Вядома, яны крыху абмежаваныя ў тых сродках, якія ім выдзяляюць», — расказаў чыноўнік.
Жыхары Кабакоў узьнялі перад чыноўнікамі праблему завышаных узбочын пры дарогах, патлумачылі, што з-за гэтага шмат лужынаў, а ровару цяжка бывае зьехаць перад аўтамабілем. Адзін вясковец нагадаў, што аднойчы ўзімку ўжо быў няшчасны выпадак з раварыстам:
«Чалавек на ровары ня мог выехаць з каляіны, яго зьбіла машына, і ён дагэтуль інвалід».
Чыноўнікі ж адказалі, што ня варта езьдзіць зімою на ровары, а цяпер гэта зусім забаронена правіламі дарожнага руху:
«Раней, калі былі нармальныя зімы, на роварах ніхто ня езьдзіў у такі час... У зімовы час у нас вельмі шмат зьдзяйсьняецца аварый з удзелам раварыстаў. А зараз новыя зьмены ў правілы дарожнага руху — што ў зімовы пэрыяд увогуле забароняць роварыстам езьдзіць». (Паводле ПДР, рух раварыстаў па дарогах забаронены ва ўмовах сьнегападу ці галалёдзіцы незалежна ад пары году — РС).
Прадстаўнік ДРБУ паабяцаў, што ўзімку «будзе вывучана» праблема з узбочынамі, і ў наступным годзе іх зрэжуць, каб не ўзвышаліся над дарогамі.
На сходзе выступіў прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Валянцін Лазарэнкаў, які беспасьпяхова балятаваўся ў парлямэнт у Бярозаўскім раёне. Чыноўнікі напачатку не пагаджаліся, каб ён выступаў, спасылаючыся на тое, што ён ня мае дачыненьня да праблемаў кабакоўцаў. Аднак апазыцыянэр дабіўся выступу, ён скрытыкаваў стан дарог у сельскай мясцовасьці і прапанаваў чыноўнікам, дэпутатам зьвяртацца да вышэйшых уладаў, каб дабівацца фармаваньня мясцовага празрыстага дарожнага бюджэту. Наконт раварыстаў Валянцін Лазарэнкаў выказаўся, што няправільна робіцца, калі ім не ствараюцца годныя ўмовы для перасоўваньня, а проста забараняецца рух у пэўны час году.
Прапанову Лазарэнкава чыноўнікі назвалі «папулізмам»:
«Папулісцкі проста выступ, увогуле ні аб чым. Ніякіх прапановаў ад вас талковых я не пачуў. Так, мы сёньня ня ў стане зрабіць дарогі як на Захадзе, як у Швэйцарыі, або Галяндыі. Я бачыў там транспартны рух, там гэта ідэальна. Але гэта мы ня зможам зрабіць у найбліжэйшай будучыні», — адказаў прадстаўнік райвыканкаму Яўген Клемяшук.
Як апавёў Свабодзе дэпутат Валер Білібуха, ён застаўся задаволены сходам, бо людзі ўсё ж здолелі дабіцца пэўнага рамонту дарог у Кабаках.