Пасябравала з новай добразычлівай прадавачкай нашага прадуктовага.
— А я раней ў Кушлянах жыла. Пры музэі Багушэвіча арэндавала пасеку, — расказала яна днямі.
— Я ў музэі была, падзівілася на вульлі.
— Скажу больш. Я радня Багушэвіча. Мама ў хаце жыла, калісьці паэтавай. Як надумалі музэй рабіць, іхную сям’ю выселілі. Але ўсё роўна, калі адчыніўся музэй, мама пабегла і лыжачку сярэбраную, якой карыстаўся Багушэвіч, падарыла ў экспазыцыю. Я добра памятаю лыжачку. Ад часу яна вытанчылася...
І прадавачка намалявала на прылаўку старую пачарнелую лыжачку для гарбаты. Я, натуральна, убачыла яе, а прадавачка задаволена заўсьміхалася, што вырабіла эфэкт.
Таня Скарынкіна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org