У Віцебску распаўсюдніка незалежных СМІ Барыса Хамайду прагналі з «працоўнага месца»

Вымушаны пераезд

Днямі каля ўваходу ў віцебскую краму, дзе распаўсюднік незалежнай прэсы ставіць свой бел-чырвона-белы парасон, зрабілі пандус. Скарыстацца ім немагчыма, аднак і месца для спадара Хамайды цяпер няма.

Барыс Хамайда выходзіў на гэтае месца каля так званага «сіняга дому» з канца 1990-х — раней зь плякатамі, ладзячы пікеты, а апошнія гады — з раскладным столікам для газэт і часопісаў. За гэтыя дзесяцігодзьдзі ён стаў для віцяблянаў такім жа сымбалем гораду, як той самы «сіні дом» — шматпавярховік, пафарбаваны ў сіні колер. Колер сьцен мяняўся ад часу, а Барыс Хамайда нязьменна выходзіў на сваё «працоўнае месца».

Днямі збоку ад ганку крамы зрабілі пандус, а таксама паставілі новыя парэнчы. Тут, у куце паміж парэнчамі, і ўладкаваўся распаўсюднік. Пакуль прэтэнзій ад адміністрацыі крамы не чуваць, кажа спадар Хамайда:

Ніводзін інвалідны вазок тут не праедзе

«Стаю цяпер побач. Але відавочна, што пандус зроблены для адчэпкі: ніводзін інвалід-вазочнік ім не скарыстаецца, бо праезд да дзьвярэй загароджаны апорай ліхтара перад уваходам. Змарнаваныя сродкі, праігнараваны чалавечыя патрэбы. Не выключаю, што і сам пандус зьявіўся ў гэтым месцы нездарма: час ад часу адміністрацыя крамы выказвала незадавальненьне маёй прысутнасьцю».

Раней было больш утульна (архіўнае фота)

Барыс Хамайда згадвае ранейшыя спробы «высяленьня». На «ягоным» месцы спрабавалі ставіць столік з лаўкай, дзе тут жа зьбіраліся мясцовыя выпівохі, і кіраўніцтва крамы было незадаволена яшчэ болей. Спрабавалі ставіць толькі лаўку, ужо бяз століка, аднак вынік быў той самы. Зь нядаўняга часу папулярнае ў горадзе месца пачалі займаць дылеры МТС — дзяўчаты і хлопцы са сваім пераносным рыштункам. Аднак яны ветліва вызвалялі тэрыторыю, як толькі зьяўляўся спадар Хамайда.

Сёньня другі дзень, як распаўсюднік «пераехаў». Нязручнасьць новага становішча ў тым, што раней ад вулічнага ветру хавала сьцяна, а цяпер стаяць даводзіцца на скразьняку. І невядома, як да «перадысьлякацыі» паставіцца міліцыя: ці ня будзе прэтэнзій, што Барыс Хамайда замінае праходу мінакоў.