Літанкета Свабоды: Лявон Юрэвіч

Лявон Юрэвіч

Лявон Юрэвіч нарадзіўся 30 чэрвеня 1965 у Менску. Скончыў Менскі Пэдагагічны Інстытут (1990), вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту Літаратуры Акадэміі навук Беларусі (1990-1993). Ад 1993 жыве ў ЗША. Працуе архівістам у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Мае дзьве навуковыя ступені: у філялёгіі і бібліятэказнаўстве. Сябра Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, а таксама рэдакцыйнай калегіі часопісу «Запісы БІНіМ» і кніжнай сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка».

Аўтар кніг: «Архіўная кніга» (Нью-Ёрк, 1997); «Жыцьцё пад агнём: Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі» (Менск, 1999); «Камэнтары: Літаратуразнаўчыя артыкулы» (Менск, 1999); «Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі» (Нью-Ёрк, 1999); «Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюзу Беларускай моладзі» (Менск, 2001); «Літаратурны рух на эміграцыі» (Менск, 2002); «Мэмуары на эміграцыі» (Менск, 2005); «Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: Гісторыя газэтаў „Бацькаўшчына“ й „Беларус“ (1947-2000)» (Менск, 2006); «Шматгалосы эпісталярыюм» (Мінск, 2012); «Жанры» (Мінск, 2013); «Рада БНР (1947-1970): Падзеі. Дакументы. Асобы» (Мінск, 2013); «Рада БНР (1970-1982): Падзеі і дакументы» (Мінск, 2014) і «Рада БНР (1982-1997): Падзеі. Дакументы. Асобы» (Мінск, 2015) (усе тры разам з Н. Гардзіенкай); «Відымусы» (Мінск, 2015); «Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія» (Мінск, 2015).

Рэдактар і ўкладальнік шматлікіх выданьняў эміграцыйных беларускіх аўтараў і кніг па гісторыі беларускай эміграцыі. Аўтар канцэпцыі праекту «Энцыкляпэдыя беларускай дыяспары» (Менск, 2005) ды артыкулаў у энцыкляпэдычных і даведачных выданьнях па пытаньнях беларускага замежжа.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для таго, хто калі-небудзь народзіцца й зацікавіцца ўсім гэтым і мо’ парадуецца, што ня згублена.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

За сваім сталом фірмы Саўдэр, калі хата яшчэ сьпіць, а побач мой кот.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Маці казала: «Не бяры чужога і ня бойся нікога». Але як узор — прыкладам, кнігі Г. Коласа «Карані мітаў» ці Г. Кісялёва «Жылі-былі клясыкі».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ну каму будзе цікава чытаць пра гэткага інтравэрта?!

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Наўрад ці льга так пытацца й патрабаваць ляканічнага адказу, але статыстычна найчасьцей наноў разгортваю (не абавязкова — перачытваю) «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі». Нічога нацыяналістычнага, хоць асабістае прысутнічае.

6. Што вы цяпер чытаеце?

З-за дачкі і сумеснага прагляду зь ёй сэрыялу «The Following» — «Маску чырвонае сьмерці» (каб адпавядаць); «The Girl on the Train» by Paula Hawkins (каб супадаць); «Документальна спадщина укрӓінськӧі еміграцїі в Європі. Празький архів (1945-2010)» Тетяны Боряк (каб пісаць); «Австро-Венгрия: судьба империи» (каб вандраваць).

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Ангельская, украінская, польская; але як бібліятэкар працую з усімі славянскімі і нават стара-.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Ня ведаю, не задумоўваўся. Кіруюся словамі Кіпеля: Зроблена? Пройдзена! Далей!

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Пазанаступную, бо наступная ўжо напісана й чакае варштату.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У цягніку з працы з Мангатэну ў Бруклін.