Скандальны выпадак адбыўся ў аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча. Мікола Купава, ураджэнец Воршы, вырашыў зрабіць падарунак установе культуры. Але яго спынілі на ўваходзе.
Разам зь Міколам Купавам прыйшлі яшчэ некалькі чалавек — журналістаў і ўдзельнікаў навуковай канфэрэнцыі, якая праходзіла ў Воршы. Супрацоўніца музэю сказала, што прайсьці да дырэктаркі ўсе прысутныя могуць толькі набыўшы квіткі па 20 тысяч рублёў. А сьледам тое самае паўтарыла і дырэктарка Ліна Гатоўская: маўляў, калі вы зайшлі ў музэй, то мусіце заплаціць за ўваход.
Дарэчы, спадарыня Гатоўская загадзя ведала пра намер Міколы Купавы і была папярэджана пра ягоны візыт. Але нават тая акалічнасьць, што ў музэі Ўладзімера Караткевіча зараз экспануецца выстава твораў мастака, не адыграла аніякай ролі. Дырэктарка сказала: экспазыцыі мы паказваем за грошы. І хаця глядзець выставу ні ў каго не было намеру, усім прысутным давялося ўсё ж заплаціць па 20 тысяч, каб трапіць у залю, дзе выстаўлены ілюстрацыі Міколы Купавы да твора Ўладзімера Караткевіча «Лебядзіны скіт».
Пасьля гэтага атмасфэра ўручэньня падарункаў была не такая ўрачыстая, як меркавалася. Аднак дырэктарка музэю, аніколькі не зьбянтэжыўшыся, прыняла ад Міколы Купавы лінарыты «Вязынка» і «Вострая брама». Падзякаваўшы, Ліна Гатоўская сышла ў свой кабінэт. Уся імпрэза заняла ня больш як 10 хвілін ейнага працоўнага часу.
Музэй за гэты час атрымаў даход 300 тысяч рублёў за білеты. У дадатак да падарункаў ад мастака.