У Менску распачаўся тыдзень Паўночнай Карэі

У офісе кампаніі Merlintour адкрылі тыдзень КНДР. Першае мерапрыемства было прысьвечанае туру для беларускіх турыстаў, які заплянаваны на травень. Таксама госьці маглі паглядзець паўночнакарэйскія агітацыйныя плякаты, якія, дарэчы, намаляваныя ўручную.

Сустрэчу вёў Барыс Уласаў, арганізатар паездкі. Ён ужо бываў у Карэі і падзяліўся ўражаньнямі з прысутнымі, якіх сабралася каля 20 чалавек. Увайсьці можна было толькі па рэгістрацыі, месцаў усім ахвотным не хапіла. Гасьцям прапанавалі шампанскае, у памяшканьні было мяккае сіняе асьвятленьне і дызайнэрскія фатэлі разам з прапагандысцкімі плякатамі.

Уласаў расказаў, што тур арганізаваны з дапамогай кампаніі Air Koryo, з Менску выляціць борт Ту-154М, на якім зарэзэрвуюць 50 месцаў для беларусаў. За 2750 эўра турыст атрымае візу, пералёт, пражываньне ў гатэлі, харчаваньне і абавязковае суправаджэньне гідаў.

Арганізатары паабяцалі поўную бясьпеку і стопрацэнтную гарантыю вяртаньня, але калі вы журналіст, то пазначаць гэта нельга — тады атрымаць візу ня выйдзе. Уласаў таксама адзначыў, што Карэя — мірная краіна, а наведаць яе, гэта «скарыстацца машынай часу», бо зараз гэта «экстрэмальная вэрсія Савецкага Саюзу эпохі канца ГУЛАГа».

11 сьнежня з 19 да 21 гадзіны пройдзе паказ дакумэнтальнага фільму, а 14 сьнежня ў той жа час — мастацкага фільму пра Паўночную Карэю.15 і 16 сьнежня зь 10 да 19 гадзіны «штатны экспэрт» кампаніі будзе адказваць усім ахвочым на любыя пытаньні пра КНДР.