Пісьменьнік і перакладчык Дзьмітры Плакс, рэжысэр і драматург радыётэатру Швэдзкага нацыянальнага радыё, пра тое, як Сьвятлана Алексіевіч парушыла этыкет і рэглямэнт Нобэлеўскай цырымоніі.
РС: Дзьмітры, што вы думаеце пра ўчорашнюю прамову Сьвятланы Алексіевіч падчас Нобэлеўскага банкету ў Стакгольме?
Дзьмітры Плакс: Сьвятлана Алексіевіч, як заўжды, вельмі адказна ставіцца да таго, што яна кажа. І яна, як заўжды, вельмі дакладна расстаўляе акцэнты. Мне здаецца, што галоўнае, як у яе Нобэлеўскай лекцыі, так і ў банкетнай прамове — гэта акцэнты.
Тут шмат чаго, на што можна зьвярнуць увагу. Пачну з таго, што яна адпрэчыла агульнапрыняты дрэс-код і прыйшла на Нобэлеўскі банкет не ў вечаровым строі, а так, як ёй было больш зручна. Я ня ведаю, ці такое калі-небудзь раней было.
Тое, што яна не зьвярнулася да караля, пачынаючы сваю прамову — гэта таксама нешта, што наўрад ці здаралася раней.
Ну і яшчэ яна парушыла рэглямэнт, прамаўляючы даўжэй, чым прапісана.
Што тычыцца зьместу, я думаю, вы самі разумееце, як там усё было прадумана.
РС: Прамовы іншых Нобэлеўскіх ляўрэатаў былі, калі можна так сказаць, лягчэйшага калібру. Яны распавядалі пра нейкія сямейныя справы, пра дзяцінства і вучобу ў школе... А банкетная прамова Сьвятланы Алексіевіч была сур’ёзнай, і па сваёй форме, і па зьмесьце. Яна гаварыла гэтую прамову так, як бы чытала Нобэлеўскую лекцыю. Ці гэта, па-вашаму, таксама было прадумана і заплянавана?
Дзьмітры Плакс: Безумоўна. Мне падаецца, што яна нічога ня робіць выпадкова, асабліва пры такіх нагодах, як цяпер. І гэта таксама, як я разумею, парушэньне рэглямэнту. Бо якраз банкетныя прамовы мусяць быць кароткімі, лёгкімі, тыпу «дзякуй каралю», «дзякуй Швэцыі», «дзякуй усім гасьцям банкету», «мне тут так прыемна», і ў дадатак нейкі анэкдот з уласнага жыцьця. Я думаю, яна плянавала нешта іншае ад самага пачатку. Яна выбрала, на мой погляд, вельмі канцэптуальны падыход. У Нобэлеўскай лекцыі яна казала пра сябе, а ў банкетнай прамове — пра ўсё астатняе, што для яе важнае.
РС: Па-вашаму, Сьвятлана Алексіевіч прывезла гэтую банкетную прамову зь Менску ці пісала яе ўжо недзе там на месцы, у Стакгольме?
Дзьмітры Плакс: Я ў гэтым не арыентуюся вельмі моцна. Я ведаю, што тэкст Нобэлеўскай лекцыі трэба было напісаць у Менску, бо канчатковы тэрмін быў 21 лістапада ці нешта такое. Наконт банкетнай прамовы я дакладна ня ведаю, але, ведаючы Сьвятлану, я магу сабе ўявіць, што яна, можа быць, напісала яе яшчэ ў Менску, але я амаль упэўнены, што яна перапісвала яе і дарабляла да апошняга моманту. Бо яна так працуе — шліфуе свае тэксты да самага апошняга моманту.