Якуб Лапатка: Я сваё адваяваў, адсядзеў, адбаяўся. Alles kaput

Якуб Лапатка

Напярэдадні ў Менску прэзэнтаваны беларускамоўны варыянт фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала». Амаль 700-старонкавы ілюстраваны фаліянт выдадзены ў прыватным выдавецтве Зьмітра Коласа, аўтар перакладу з мовы арыгіналу — перакладчык Якуб Лапатка, які ад пачатку 1990-х жыве і працуе ў Фінляндыі.

Спадар Лапатка адмыслова прыляцеў на імпрэзу і ўжо сёньня вяртаецца ў Хэльсынкі. Але знайшоў крыху часу, каб паразмаўляць з карэспандэнтам Свабоды.

— Спадар Якуб, візыт, як разумею, хуткацечны?

— Так, літаральна на два дні, сёньня ўжо ад’яжджаю. Але і за гэта час усе гэтыя маратонныя мерапрыемствы, мякка кажучы, замучалі...

— Дзякуючы вашым высілкам, па-беларуску выйшаў адзін з самых знакамітых твораў у сьвеце. Ці ня будзе перабольшаньнем сказаць, што, каб перакласьці «Калевалу», трэба было ўжыцца ў скуру фіна? Значыць, за 20 зь лішкам гадоў атрымалася пераўвасобіцца?

— Дваццаць трэці год пайшоў, як я ў Фінляндыі. Таму адкажу так. Вы правільна кажаце, што трэба глядзець на «Калевалу» вачыма абарыгена. Але тут справа крыху іншая. Я перачытаў масу навуковых кніжак, якія мне зусім не дапамаглі — немагчыма дзейнічаць паводле інструкцый. І я пачаў перакладаць цалкам на пачуцьцях, на адчуваньнях, на пазнаваньні. Таму што гэта вясковы эпас, які нарадзіўся ў глухамані, у якую, калі памятаеце такую песьню, толькі самалётам можна даляцець. Гэтыя героі — ня тыя, якія кідаюцца на амбразуру зь вясёлай песьняй, «За Родину, за Сталина». Іхны гераізм збольшага салдацкі, вясковы; людзі працуюць, робяць мудрыя ўчынкі, дурныя ўчынкі — жывыя чалавекі. І стаў пазнаваць сваіх суродзічаў, бо я сам — таксама вясковы малец з глухой лясной вёскі Аўсюкова на Расоншчыне. Пачаў параўноўваць: ага, вось дакладна такая ж дурная баба, як была ў нас, іншы нагадаў вечна п’янога Зуха, які заўсёды лез туды, куды ня трэба. То бок, паўсталі знаёмыя фігуры! Таму я, ня стаўшы фінам і застаўшыся беларусам, зразумеў: гэтыя людзі могуць і будуць гаварыць па-беларуску. Хоць яны, натуральна, былі і застануцца фінамі.

Калевала»: фінскі эпас па-беларуску

— Падчас прэзэнтацыі казалі, што доўга не адважваліся наблізіцца да такой глыбы. Што ўрэшце прымусіла мабілізавацца?

— Скажу наўпрост: гэта галоўная праца майго жыцьця. Па-першае, велізарны вершаваны аб’ём, па-другое, працаваў я без замовы і нават без спадзеву, што гэта калі-небудзь пабачыць сьвет. А да таго вельмі доўга сасьпяваў. Спачатку зрабіў адну руну, надрукаваў яе ў Сакрата Яновіча, царства яму нябеснае. Потым пачытаў і думаю: ну куды ты палез з гэтым перакладам? Такі дрэнны, што нікуды ня варты. І ў гэтай кнізе, магу сказаць, ён перароблены. Бо дагэтуль былі толькі спробы: паўтару, вельмі доўга настройваўся. Вядома, як кожны актор хоча пабыць Гамлетам, Атэлам ці яшчэ нейкім знакавым вобразам, так і перакладчык марыць перакласьці нешта эпахальнае — умоўна кажучы, «Адысэю» ці «Іліяду». А паколькі я займаўся фінскай літаратурай, іншага варыянту, як «Калевала», і не было. Тым больш, я шмат разоў бываў у Карэліі: там нарадзілася сястра, былі ўсе мае браты. У дзяцінстве я нават ведаў карэльскую мову — праўда, потым забыўся, памятаў толькі мацюкі, якім мяне навучылі такія ж дзеці. Урэшце ўзяўся і нават давёў да канца. Агулам жа пераклаў і надрукаваў 20 кніжак, «Калевала» — 21-я. Зь іх сем па-беларуску, астатнія па-расейску.

— На ваш погляд, ці ёсьць у беларусаў свой прыхаваны эпас нацыянальнага маштабу? З чаго, зь якіх частак можна яго скласьці і чаму такая справа дагэтуль ня зроблена?

— Чаму ня зробленая праца — пытаньне не да мяне... Эпасу як такога няма. На жаль. Але рэч у тым, што і ў фінаў яго не было, пакуль Эліяс Лёнрут і іншыя этнаграфісты, фальклярысты не пачалі езьдзіць па беламорскай Карэліі, па Інгерманляндыі — маецца на ўвазе Піцерская вобласьць, губэрні, дзе кампактна жылі фіны. Яны зьбіралі разрозьненыя руны, то бок, сьпевы. А ўжо Лёнрут з розных рунаў потым склаў канчатковы варыянт «Калевалы». Адметна, што агульнай сюжэтнай лініі ў ёй няма, ёсьць толькі некалькі герояў, якія яднаюць усё разам. А бываюць і чыстыя ўстаўкі: скажам, 31-36 руны — баляда пра хлопца Кулерва. Але агулам усё выглядае даволі цэльна. І я думаю, што калі пакалупацца ў беларускіх зборах фальклору, сур’ёзна гэтым заняцца, то можна скласьці сапраўдны, добры эпас, які будзе, вобразна кажучы, «чытацца і шанавацца».

Выданьне клясу фаліянт, у супэрвокладцы

— Адпаведна, стаць нацыянальным літаратурным сымбалем, які аб’яднае людзей супрацьлеглых поглядаў...

— Так-так, праўда, ніхто гэтым пакуль што ў Беларусі не займаецца. Але мы былі на філфаку, там шмат заўзятых маладых хлопцаў і дзяўчат, можа ў іх нешта атрымаецца. Таму выглядае, што гэта праца яшчэ наперадзе. Дарэчы, у свой час Сяржук Сокалаў-Воюш — ведаеце такога, працаваў на Свабодзе — браўся нават нешта складаць, напісаў 2 тысячы радкоў, назваў гэта, здаецца,"Асілкі Белабога«. Аднак урэшце адмовіўся і ня скончыў. Мы нават ліставаліся, я папрасіў паглядзець рукапіс, ён мне даслаў копію. У Менск, праўда, ня браў, падумаў, што будзе не да месца. Калі некаму запатрабуецца, я зь яго дазволу пастараюся нешта зрабіць.

— Спадар Якуб, а ці ёсьць адваротны працэс — пераклады зь беларускай мовы на фінскую? Пэўны час у Хэльсынкі жылі і Васіль Быкаў, і Ўладзімер Някляеў, няўжо не было ідэяў супрацы?

— Сапраўды, яны там былі, працавалі. Але справа ў тым, што я не бяруся перакладаць мастацкія творы на фінскую мову. Дакумэнт кшталту «сим сообщается» ці «настоящим доношу вашему превосходительству» — калі ласка. Вось гэта магу. А што да мастацкай літаратуры, то тут адваротны працэс зусім іншага парадку. Ёсьць нюансы. Напрыклад, неяк напісаў даклад на фінскай мове, паказаў свайму сябру-фіну, каб зірнуў сьвежым вокам. Дык ён той тэкст амаль увесь перакрэсьліў, направіў, ледзь пазнаў. Трэба быць дасканалым. Тым больш, ёсьць людзі, дасьведчаныя ў гэтай справе. Была такая перакладчыца Ула Лісу Кэйну, якая перакладала творы Васіля Быкава. Паэт і журналіст Юка Малінэн перакладаў вершы Ўладзімера Някляева, нават памятаю, падрадкоўнік яму рабіў: ён добра ведае расейскую мову, вучыўся ў Ленінградзе, але беларуская для замежніка — гэта труна касьцей. Калі пачынаеш гаварыць па-беларуску — нічога не разумеюць. Я працаваў у перакладчыцкай канторы, гаспадар якой — мой сябра — скончыў Інстытут грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Выдатна гаварыў па-расейску, без акцэнту, мацюкі ўжываў да месца, менавіта там, дзе трэба. Але калі я гаварыў у ягонай прысутнасьці на беларускай мове з жонкай, ён заўсёды зьдзіўляўся: няўжо такая розьніца? Нічога не разумеў.

Зь міністрам культуры Барысам Сьвятловым і выдаўцом Зьмітром Коласам

— Давайце закранем ці не найбольш рэзанансную тэму апошніх дзён — прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі. Падзея выклікала нежартоўны рэзананс у Беларусі, грамадзтва ўпэўнена падзялілася на аптымістаў і скептыкаў. Аргумэнты і пачуцьці першых зразумелыя, другія наракаюць на хіба што адносную беларускасьць ляўрэаткі як у творчасьці, так і ў жыцьці...

— Маё меркаваньне такое. Па-першае, добра, што ў гэтым зьвязку ў сьвеце нарэшце згадалі пра існаваньне Беларусі. Па-другое, даўно вядомая пазыцыя Алексіевіч — асабіста я не скажу, што гэта пазыцыя вельмі беларуская. Разумееце, мяне ўражвае, што яна ўвесь час паўтарае: я зьвязаная зь беларускай зямлёй, я зьвязаная з украінскай зямлёй, але пры гэтым я ў рускай культуры. Ну, што тут сказаць, апроч таго, што нельга адным месцам на трох крэслах сядзець, у выніку непазьбежна апынесься паміж імі. Вось, бадай, і ўсё, што магу заявіць з гэтай нагоды, нічога путнага. Безумоўна, я задаволены, што Беларусь прагучала на такім узроўні, бо сапраўды і «Цынкавыя хлопчыкі», і «Чарнобыльская малітва» — гэта рэчы неардынарныя. Але, на маё перакананьне, Васіль Быкаў быў бы больш годным на Нобэля ад Беларусі.

У першым шэрагу падчас прэзэнтацыі

— Разьвітаньне зь Беларусьсю напачатку 1990-х шмат хто зьвязвае з дысыдэнцкай натурай вашага характару, з тым, што надакучыла ўвесь час супрацьстаяць сыстэме, якая забівае любую ініцыятыву. Прынамсі, у біяграфіі ёсьць моманты, якія сьведчаць, што заставацца пад каўпаком ужо было немагчыма...

— Найперш, дысыдэнтам я ніколі ня быў. Я проста быў вялікім скептыкам. Я па натуры чалавек хоць і спакойны, але вельмі зьедлівы. Зрэшты, практычна ўсе ў Савецкім Саюзе былі скептыкамі да ўлады. Я вам скажу так: няма ніводнага ўраду на сьвеце, якім усе былі б задаволеныя. Нават фіны. Але гэты скептыцызм і жаданьне кінуцца з крыкам наперад, з шабляй у руцэ я аджыў. Я сваё адваяваў, адсядзеў, адбаяўся, алес капут. Я сталы чалавек, мне восьмы дзясятак. Кажучы на латыні, Feci quod potui faciant meliora potentes: я зрабіў усё, што можна, хто можа — хай зробіць лепей. Трэба і маладым працаваць, што ж мы ўсё старыя цягнем? Быкаў да канца дзён сваіх укалваў, Барадулін, Бураўкін. Гэта адно. Другое, ёсьць расчараваньне агульнае: колькі я не змагаўся, колькі не рабіў, усё вярталася на свае колы. Зараз гляджу на ўкраінскую рэвалюцыю і думаю: мальцы вы мае, вы там рвалі глоткі на Майдане, пятае-дзясятае, а хто прыйшоў да ўлады? Тыя, каго вы хацелі, ці ўсё ж ня тыя? Вось вам увесь вынік, што вы накрычалі на Майдане. Прыйшлі іншыя алігархі і робяць вялізны гешэфт з алігархамі расейскімі, вось і ўсё. Я так расцэньваю гэтую гераічную барацьбу за вызваленьне Крыму і Данбасу. Вялізны шахер-махер на народнай крыві. Вось у тым мой скептыцызм, а можа і дысыдэнцтва. Я не за ўкраінскую ўладу і ня супраць яе, не за расейскую ўладу і ня супраць. Паверце мне: імпэрыя зла — гэта сказана ёмка, трапна, але імпэрыі дабра не бывае.

— Імпэрыяй дабра якраз намагаўся стаць Эўразьвяз, адчыніўшы дзьверы для пакрыўджаных з усяго сьвету. І зараз за сваю гасьціннасьць расплачваецца міграцыйным каляпсам. Дарэчы, наколькі хваля мігрантаў закранула Фінляндыю?

— У Фінляндыі іх пакуль 30 тысяч і фіны катэгарычна супраць павелічэньня квоты. Як Савецкі Саюз разваліўся з-за таго, што з Масквы хацелі кіраваць Берасьцем і Курыламі, гэтак жа цяпер Брусэль хоча кіраваць Гібралтарам і Рованіеме ў Лапляндыі. Так не бывае, гэта раз. Па-другое, сытуацыя з уцекачамі наступная. Зьбіраліся прыняць адну колькасьць, давялося іншую. Цяпер скачуць: аля-улю, зачынім граніцы, на мяжы ўсіх тармазьнём. Дык, хлопцы, пара ўжо тармазіць! Таму што нават афіцыйныя дадзеныя МУС сьведчаць: 80% мігрантаў — гэта здаровыя, маладыя мужыкі, ніякія не ўцекачы ад вайны. За месяц адбылося ці не 14 згвалтаваньняў, бо яны ходзяць і толькі галоднымі вачыма глядзяць на дзевак. Карацей, складаная сытуацыя: частка супраць, частка — за. А ўся бяда ў тым, што ні Фінляндыя, ні Эўропа ня тое што ня можа, ня хоча сябе абараняць. А ўсё павінна мець свае межы, бо бязьмежнай талерантнасьці проста не бывае. Прынамсі, ня можа быць, іначай гэта пераўтвараецца ва ўсёдазволенасьць. І ўжо шмат чаго дазваляюць залішняга тым самым уцекачам. Трэба казаць так: вы прыехалі да нас, значыць, жывіце па нашых законах. Не, яны патрабуюць: прыбярыце сьвінак зь вітрынак, яны абражаюць нашыя пачуцьці, прыбярыце крыжы і г.д. Прычым, ня просяць, а ўжо патрабуюць.

Якуб Лапатка

— Спадар Якуб, дзякуй, што знайшлі час на размову. Удачы ў справах, новых цікавых праектаў.

— Я бяруся, не адмаўляюся. І цяпер досыць прадуктыўна працую, але зараз больш на расейскага выдаўца. Дзякуй!

Якуб Лапатка нарадзіўся 16 верасьня 1944 году ў вёсцы Аўсюкова на Расоншчыне. Пасьля школы паступіў на гішпанскі факультэт Менскага дзяржаўнага інстытуту замежных моваў. Два дзясяткі гадоў адпрацаваў настаўнікам гішпанскай мовы ў наваполацкай школе № 5, склаў першы гішпанска-беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў. Быў дэпутатам Наваполацкага гарадзкога савету, узначальваў камісію па культуры і адукацыі. У 1993-м на запрашэньне Саюзу перакладчыкаў Фінляндыі стажыраваўся ў Хэльсынкі, скончыў пяцісэмэстравы курс фінскай мовы і дыялекталёгіі сталічнага ўнівэрсытэту.

Застаўся ў Фінляндыі, выкладаў ва ўнівэрсытэце беларускую мову на факультэце славістыкі. Працаваў у бюро перакладчыкаў, атрымліваў стыпэндыі для перакладу фінскай літаратуры на беларускую і рускую мовы. За гэты час сем кніг выйшлі па-беларуску і блізу паўтара дзясятка па-расейску. Сярод перакладзеных аўтараў — Мігель дэ Сэрвантэс Саавэдра, Гарсія Лорка, Рафаэль Альбэрці, Мігель Эрнандэс, Катры Вала, Арва Турціяйнэн, Вэё Мэры, Міка Валтары, Пэнтці Хаанпяя, Маю Ласіла, Вяйнё Лінна, Юхані Конкка, Аале Тюньні. Падрыхтаваная па-беларуску граматыка фінскай мовы для беларусаў ды гішпанска-беларускі слоўнік. Апошняя праца — поўны пераклад фінскага эпасу «Калевала».