Беларускія палітыкі, экспэрты, грамадзкія дзеячы і дзеячы мастацтва ацэньваюць нобэлеўскую прамову Сьвятланы Алексіевіч і яе ролю ў беларускім грамадзтве.
Барысік: гэта знак, што напісанае не прападае ў нікуды
Пісьменьніца Тацяна Барысік прымае прэмію Алексіевіч у тым ліку як штуршок для сябе:
«Я ўсхваляваная, усьцешаная атрыманьнем Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі. Усё, што я яе чытала — у гэтым бачыш, што творчасьць праходзіць праз сэрца. Калі размаўляеш з тымі, хто не чытаў, а проста чуў пра яе, то яны пытаюць, што яна піша, дзе можна пачытаць, а тыя, хто чытаў, бачаць сябе ў яе творах. Гэта рэдка цяперашнім часам, калі творцы ці тыя, хто кажа пра сябе як пра творцу, бачаць кагосьці апроч сябе.
Для мяне Нобэлеўская прэмія Алексіевіч — і прычына ганарыцца сваёй краінай, і штуршок: усё напісанае не прападае ў нікуды, можа быць належным чынам ацэненае. І гонар, што ў сьвеце пабачаць нашага чалавека — „маленькага чалавека“, як казала Алексіевіч — што ягоны боль, ягоныя пакуты, ягонае жыцьцё не прападзе дарма. Бо бывае, што цэлыя пакаленьні сыходзяць у нябыт, што жыў, што не — толькі шыльда на помніку і вянок ад прафсаюзу, проста біямаса, адпрацаваны матэрыял...»
Клімаў: Алексіевіч — беларуска да мозгу касьцей
Былы палітвязень, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў заявіў Свабодзе, што ён проста ў захапленьні ад Нобэлеўскай прамовы Сьвятланы Алексіевіч:
«Мне ўсё падабаецца, што кажа Алексіевіч, таму што яно адказвае майму сьветапогляду, маёй ацэнцы цяперашняй сытуацыі на ўсёй постсавецкай прасторы. Я, шчыра кажучы, захоплены тым, што пісьменьнік так тонка і глыбока адчувае ўсе палітычныя тэндэнцыі нашага часу. І вось гэтая яе выключнасьць прымушае многіх людзей прыслухоўвацца. На сёньняшні дзень, на мой погляд, чытацкая аўдыторыя Алексіевіч — гэта каля мільярду насельніцтва. І тое, што сёньня менавіта Беларусь падымае агульначалавечыя праблемы, праблемы зьвязаныя з аздараўленьнем нашага грамадзтва пасьля крушэньня СССР — гэта выдатна».
Клімаў лічыць, што Сьвятлана Алексіевіч ужо стала сумленьнем беларускай нацыі.
«Гэтае пытаньне нават не стаіць — Алексіевіч ужо ім стала пасьля таго, што яна зрабіла для нас. Па сутнасьці, 20 гадоў мы подскакам беглі ад цывілізаванага сьвету. Так, былі асобныя энтузіясты накшталт мяне, Статкевіча або Шушкевіча, якія спрабавалі спыніць гэты рух. Але як чалавек можа спыніць хуткасны цягнік на поўным хаду? Ды ніяк! Нас проста размазала гэтая сыстэма. Наш электарат проста сьлепа падпарадкаваўся ідэалёгіі цяперашняй улады, не разумеючы нават, што адбываецца. І раптам сёньня гэты чалавек узяў, выключыў запальваньне ў гэтага цягніка і той спыніўся. Так, ён яшчэ не перастаў існаваць, гэты цягнік, які нёс нас у тартарары, яшчэ ёсьць. Але яна яго спыніла. Увесь сьвет убачыў, што беларусы — гэта цывілізаваная нацыя, гэта нацыя вырабляе такіх творцаў, як Алексіевіч. Яна ж не зь Месяцу звалілася. Яна ж сілкавалася ў асяродзьдзі нашай культуры, яна беларуска да мозгу касьцей. Правільна сказаў Класкоўскі: калі раней брэндам Беларусі быў яе прэзыдэнт, то сёньня брэндам Беларусі стала Алексіевіч. І гэта проста падарунак лёсу», — упэўнены Клімаў.
Мілінкевіч: Дзякуючы Алексіевіч мы сталі значна-значна бліжэй да Эўропы
Старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію Свабодзе назваў прамову Сьвятланы Алексіевіч мудрай і вельмі эўрапейскай.
«Беларусы могуць ганарыцца сваёй краінай, сваё культурай, ганарыцца Алексіевіч. Мы сталі значна-значна бліжэй да Эўропы дзякуючы яе асобе, дзякуючы таму, што яна сказала і зрабіла. Я параўноўваю тое, што ў свой час зрабілі маладыя ў асноўным людзі, калі ў 2006 годзе выйшлі на Плошчу. Яна згадвае пра гэта. І пасьля таго, як яны баранілі сваю годнасьць і гаварылі „не“ няпраўдзе ў Эўропе, можа, упершыню пачалі казаць аб тым, што беларусы сапраўды хочуць свабоды, беларусы сапраўды хочуць жыць у незалежнай краіне, беларусы ня хочуць імпэрыі. І яна як бы працягвае тое, што рабіла тая моладзь (якая, можа, і сапраўды не перамагла) — яна прасоўвае нашу краіну бліжэй да Эўропы, адкуль мы і нашыя карані. І за гэта ёй вялікі дзякуй.
А тыя, хто яе ганіць, на жаль, гэтыя людзі далёкія ад эўрапейскай цывілізацыі. Прыйдзе час, і мы зразумеем гэта. А яна паднялася над нашымі ўнутранымі праблемамі і так прэзэнтавала Беларусь, як мала хто б змог. Я хачу проста нізка пакланіцца Сьвятлане Аляксандраўне», — кажа ён.
На думку Мілінкевіча, Сьвятлана Алексіевіч сёньня зьяўляецца сумленьнем беларускай нацыі:
«Гэта чалавек, які як мала хто іншы, гаворыць тое, што думае, гаворыць праўду. Гэта маральная постаць. І такой яна была ўсё жыцьцё, таму ня трэба глядзець што далей будзе — гэта ўжо ёсьць».
Ігар Бабкоў: «Дачакаліся бліскучай кульмінацыі»
Паэт і філёзаф, ляўрэат прэміі Гедройца (2014) Ігар Бабкоў застаўся пад добрым уражаньнем ад нобэлеўскай банкетнай прамовы Сьвятланы Алексіевіч, якую называе «вельмі цудоўнай»:
«Гэта кульмінацыя, усе чакалі-чакалі — і вось бліскучая кульмінацыя. Я думаю, яна сама разумее, што быць ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі — гэта ўжо ня проста быць літаратарам, Нобэлеўская прэмія — гэта культурны і палітычны інстытут. Але яна паспрабавала максымальна застацца сабой у межах гэтага інстытуту. Я думаю, абмеркаваньне ў такім ключы — ці правільна яна сказала, ці ўсё было добра — выглядае крышачку ідыёцкім.
Я думаю, што цяпер трэба даць усяму заціхнуць, памаўчаць пару тыдняў, а далей пачаць ставіць пытаньні, якія паўстаюць, калі ў нас ёсьць нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч. Гэта пытаньні пра тоеснасьць беларускай культуры, пра беларускую мову, пра посткаляніяльны характар беларускай сьвядомасьці, што разрываецца між дзьвюма часткамі, пра культурныя стратэгіі і задачы літаратуры.
Якая ідэнтычнасьць будзе ў пэрспэктыве? Разрыў паміж расейскай мовай і беларускім кантэкстам — наколькі ён можа быць пазытыўным разрывам, што дае ўнутраную энэргетыку творчасьці, наколькі ён будзе ўнутраным канфліктам? Такія пытаньні ўжо не пра саму Сьвятлану Алексіевіч, не пра яе нобэлеўскія прамовы. Такія пытаньні вымыкаюць беларускую сытуацыю зь бясьпечнай лякальнасьці, ператвараюць нас у глябальны суб’ект, што бачны адусюль».
Пра тое, што пяцікніжжа пра «чырвонага чалавека» завершанае, а наступныя кнігі будуць пра любоў, страсьць, адыход і сьмерць, Алексіевіч казала яшчэ да Нобэлеўскай прэміі. Бабкоў мяркуе, што ў новай кнізе Алексіевіч адыдзе ад гістарычных падзеяў і паглыбіцца ў дасьледаваньне чалавека:
«Яна будзе не аптымістычнай ці пэсымістычнай, трагічнай ці трагікамічнай. Усе сацыяльныя і гістарычныя дэкарацыі, у якія мы былі ўкінутыя, гэта адно, а іншае — анталягічныя канстанты, якія нам дадзеныя і зь якіх мы ня зможам выбрацца. Ад гісторыі можна ўцячы, ад чалавечай анталёгіі нікуды не ўцячэш. Я бачу Алексіевіч ня толькі як літаратара, ня ў тым разрыве між літаратурай факту і літаратурай уяўленьня, колькі дасьледчыкам. Яна зьбіраецца сыходзіць з гісторыі, паглыбляецца ў чалавечую анталёгію».
Дзьмітрыеў: «Шкадую, што беларуская ўлада не дае такую прамову ў жывым эфіры па тэлебачаньні»
Старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў назваў банкетную прамову Сьвятланы Алексіевіч «цудоўнай».
«Мне падаецца, што мы ўсе ў захапленьні. Я шкадую толькі аб адным: што беларуская ўлада не дала такую прамову ў жывым эфіры па тэлебачаньні, бо я мяркую, што ад гэтага ніхто б не прайграў, а выйграў б агулам беларускі народ, які б проста ганарыўся сабой, які б пабачыў яшчэ адзін посьпех і яшчэ адзін прыклад, чаму краінай трэба ганарыцца. І ў сёньняшнія часы гэта вельмі важна. Таму тут дадаць няма чаго: цудоўная прамова і вялікі дзякуй Сьвятлане Алексіевіч», — заявіў ён Радыё Свабода.
Спадар Дзьмітрыеў ня ведае, ці можна сёньня назваць Сьвятлану Алексіевіч сумленьнем нацыі. Але яе аўтарытэт сёньня бясспрэчны:
«Я складана стаўлюся да ўсіх гэтых пафасных ярлыкоў, але безумоўна яна зьяўляецца адным з лідэраў беларускай нацыі сёньня. І безумоўна яна сёньня бадай адзін чалавек, які можа сказаць, што ён прамаўляе ад імя беларускага народу».
Гайдукевіч: «Я ня зьвязваю Алексіевіч з палітыкай»
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч у размове са Свабодай ухіліўся ад таго, каб камэнтаваць зьмест банкетнай прамовы Сьвятланы Алексіевіч.
«Я стаўлюся да Алексіевіч не як да палітыка, а як да таленавітага чалавека. Таленавіты чалавек ёсьць таленавіты чалавек. Таму я не зьвязваю яе ні зь якой палітыкай. Наагул не зьвязваю. Яна для мяне грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я ганаруся сваёй краінай. А на яе меркаваньне па нейкіх там пытаньнях я цалкам увагу не зьвяртаю. І наагул я турбуюся за сваю краіну, вельмі яе люблю і не зьбіраюся дзяліць людзей ні па якім разрадзе. І раю вам гэтага не рабіць. Ня трэба вышукваць у нейкіх пытаньнях нейкія выгады для сябе. Ня трэба разбураць нашую дзяржаву знутры».