Шаноўнае спадарства, Вашы Каралеўскія Вялікасьці, паважаныя нобэлеўскія ляўрэаты!
Альфрэд Нобэль хацеў, каб гэтую прэмію атрымлівала асоба, якая стварыла найбольш выбітны твор ідэалістычнай скіраванасьці. Сьвятлана Алексіевіч выканала гэтае патрабаваньне. «Галасы Ўтопіі» — яе сюіта зь пяці кнігаў, якія апісваюць катастрофы 20-га стагодзьдзя — гэта літаратурны і маральны шэдэўр Алексіевіч. Складаньне мапы мэнтальнай гісторыі савецкага грамадзяніна, якую яна зьвязвае з магіламі, праліцьцём крыві і бясконцым дыялёгам паміж катамі і ахвярамі, якія намагаюцца схаваць як мага больш. Яна кажа, што гэтыя творы — пра здушаны крык Расеі, пра мінулае, якое не павінна вярнуцца, пра непрымальны цяперашні час і пра будучыню, якая не дае надзеі. Як стэнограф у высокім судзе, яна пералічвае несправядлівасьці, якія напаткалі непадрыхтаваных і безабаронных. Тут словы тысячаў сьведкаў першы і адзіны раз. Безь яе яны ніколі б не пабачылі сьвятла. Яна шукае момант, які патрасае асобу да самай сутнасьці. Як у галасах Чарнобылю, калі мэдсястра папярэджвае жанчыну, што яе каханы ператварыўся ў рэактар, што ён ужо не чалавек, але жанчына ігнаруе папярэджаньне, і радыяцыя ад цела мужчыны забівае дзіця, якое яна носіць у сабе. Кніга робіцца папярэджаньнем пра тое, як мінулае выпраменьваньне дзесяцігодзьдзямі дыктуе нашыя жыцьці, нашую мараль. У кнізе «У вайны не жаночае аблічча» Алексіевіч апытвае пяцьсот зь незьлічоных жанчын, якія служылі ў Чырвонай арміі. Яны расказваюць, як немцы з акопаў паказвалі адрэзаныя ногі палонных, пра маці, якая ўтапіла сваё дзіця, каб ня выдаць сваю вёску, і пра тое, як жанчыны рабілі бігудзі з сасновых шышак. А потым дома на іх глядзелі як на салдацкіх курваў і ад іх адчужаліся іх сем’і. Мужчыны былі героямі, а жанчынам не давалі мэдалёў. Алексіевіч адкрывае аблічча зла працэсам праўды, дзе полымя спальвае хлусьню, і мовай, якая паміж радкоў перадае маўчаньне болю. Яна чакае пакуль галасы не паселяцца ў ёй, набываючы рэзкасьць. Гэта робіць яе найбольш чульлівай сярод сучасных гісторыкаў і вынаходнікам жанру. Сваёй сухой празаічнасьцю, сваімі намаганьнямі трымаць вочы расплюшчанымі, а не запоўненымі сьлязьмі, яна турбуе нас, сваіх чытачоў, асабліва сёлета, у год патоку ўцекачоў, калі яе гісторыі ўпартасьці і мужнасьці бездапаможных больш актуальныя, чым калі-кольвечы. Узгадаваўшыся ў культуры смутку, больш сканцэнтраванай каля лясоў Беларусі, — краіны, дзе быў забіты кожны чацьверты — яна мае любоў да маленькіх людзей, а не да вялікіх ідэяў. Вусны аповед гэта крыніца літаратуры. З дапамогай памяці людзі захоўваюць абрысы існаваньня. Даць гісторыі аблічча і зрабіць людзей бачнымі аднаго за другім — гэта велікадушнае дзеяньне, якое дакумэнталістыка пакідае ў спадчыну будучыні, а таксама непараўнальнае мастацкае дасягненьне. Выкарыстоўваючы як сваю таемную зброю апытаньні і слуханьне, Алексіевіч пранікае ў пачуцьці таго дадатковага, на што не зьвяртала ўвагі гісторыя. Яна знаходзіць каханьне і сьмерць, прагу ўлады і нечаканую салідарнасьць. Яна называе сябе гісторыкам душы. Прадмет яе вывучэньня — чалавечыя таямніцы. Алексіевіч аб’ядноўвае дакладнасьць гісторыка з эмпатыяй паэта ў плачы, у якім адгукаецца рэхам увесь магчымы досьвед. Яна дэтэктар хлусьні і невычэрпная крыніца ведаў пра паслухмянасьць як праклён і прапаганду як спакусу — карацей, пра стан чалавека. Бо калі яна нас напружвае, ёсьць толькі адно выйсьце — пачаць любіць людзей, разумець іх з дапамогай любові.
(па-расейску) Шаноўная Сьвятлана Алексіевіч, Швэдзкая акадэмія віншуе Вас і просіць прыняць зараз сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры з рук Яго Вялікасьці Караля.