Як «бульбашы» Дзівін кантралявалі, змагаючыся з НКВД і нацыстамі

На вуліцы Дзівіна

У часе мінулай вайны 5 тысяч украінскіх паўстанцаў-«бульбашоў» дзейнічалі ў Дзівінскім раёне на Берасьцейшчыне, апошні іх бой быў у 1953 годзе. Гістарычнае дасьледаваньне карэспандэнта Свабоды.

Мястэчка Дзівін і навакольныя вёскі падчас і доўга пасьля Другой усясьветнай вайны заставаліся апірышчам украінскіх нацыяналістаў — тут дзейнічалі атрады Ўкраінскай паўстанцкай арміі, якіх мясцовыя людзі называлі «бульбашамі», а камуністычныя ўлады — «бульбаўцамі». Воінаў Украінскай паўстанцкай арміі (Палеская сеч) называлі «бульбашамі» ці «бульбаўцамі» ад псэўданіму аднаго з заснавальнікаў УПА Тараса Бульбы-Бараўца (1908–1981).

Карэспандэнт Свабоды наведаў цяперашні Дзівін і вывучыў сховішчы Берасьцейскага архіву.

У Дзівіне дагэтуль многія стараюцца ня згадваць «непаліткарэктную» старонку сваёй гісторыі, калі 70 гадоў таму многія жыхары тутэйшага навакольля падтрымлівалі партызанаў Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Нават у незалежнай Беларусі для многіх гэтая тэма застаецца «табу».

Праваслаўны сьвятар: «Ва Ўкраіне адрадзілі ізноў нацызм той самы»

Мястэчка Дзівін Кобрынскага раёну налічвае больш за тры тысячы жыхароў. Побач — мяжа з Украінай. У Дзівіне дзьве праваслаўныя царквы, прычым разьмешчаныя яны непадалёку адна ад другой.

Былая ўніяцкая царква сьвятой Параскевы Пятніцы 1740 году

Ля адной з цэркваў сустракаю дзьвюх жанчын і сьвятара, прадстаўляюся журналістам-гісторыкам, заводжу гутарку. Спадарыні з энтузіязмам праводзяць у царкву, паказваюць яе ўбранства, сьвятар жа ставіцца больш насьцярожана. Асабліва гэтая насьцярожанасьць выяўляецца, калі прашу яго параіць каго-небудзь з сталых вяскоўцаў, хто меў нейкае дачыненьне да ўкраінскіх нацыяналістаў пасьля вайны або пацярпеў ад іх.

«Ня трэба пра гэта пісаць. У нас няма гэтага і быць ня можа. Нашто?» — кажа сьвятар.

Кажу, што гэта ж таксама гісторыя, цікава і пра яе ведаць.

«Гэтая гісторыя, ведаеш, ва Ўкраіну зайдзі, там гэтая гісторыя дагэтуль... Большасьць ад іх (ад партызанаў УПА — РС) пацярпела. Хто пайшоў у тую УПА — то той быў вораг народу. Нават мясцовага, свайго. Людзі ў нас ужо забываюць аб гэтым, то гэта і добра, што забываюць. А ва Ўкраіне не забылі, то яны адрадзілі ізноў нацызм той самы», — упэўнены бацюшка.

Пакроўская царква ў Дзівіне 1902 году пабудовы

На пярэчаньні, што няма ва Ўкраіне нацызму, што там нармальныя, звычайныя людзі, праваслаўны сьвятар адказвае:

«Не, людзі нармальныя, я і кажу, людзі і ў нас нармальныя, усюды. Але ж іхнія завадатары?»

Чуючы спрэчку сьвятара з журналістам, насьцярожыліся і жанчыны.

Бібліятэкарка: «Ня трэба перапісваць гісторыю»

У цэнтры Дзівіна — бібліятэка. Заходжу туды, каб папытацца пра старэйшых жыхароў мястэчка, якія б маглі памятаць пасьляваенныя часы. У бібліятэцы — выстава кніжак пра вайну, але нейкіх выданьняў пра УПА тут, вядома, няма.

Выстава кніг пра вайну ў Дзівінскай бібліятэцы

Бібліятэкарка кажа, што ў яе сям’і пацярпелі ад паўстанцаў УПА, але на дыктафон распавесьці падрабязьней пра гэта ня хоча:

«Гэта была вайна. Ня трэба перапісваць гісторыю. Зараз вельмі хочуць усё перапісаць, і ўсё перарабіць. Як кожны разумее, так і піша».

Спадарыня параіла зьвярнуцца да мясцовага краязнаўцы Афанасія Гапановіча. Былы настаўнік матэматыкі напісаў рукапіс па гісторыі Дзівіна, які захоўваецца ў бібліятэцы.

Краязнавец Гапановіч ведаў многіх «бульбашоў»

Афанасій Гапановіч, дзівінскі краязнаўца

86-гадовы Афанасій Гапановіч сустракае прыязна. Распавядае, што ведаў многіх жыхароў Дзівіна, якія былі ў «бульбашах», але цяпер у жывых нікога зь іх не засталося.

«Быў адзін, які быў зьвязаны з бандэраўцамі, ён нядаўна памёр. Адседзеў 20 гадоў. Яшчэ адна была сувязістка Яраслаўна, таксама ўжо памерла. Яшчэ адзін быў Шыдловіч, які адсядзеў дваццаць год. Няма, паўміралі... Простыя мужыкі! У асноўным ішлі супраць камуністаў, супраць немцаў», — апавядае суразмоўца.

Хата Афанасія Гапановіча. У дварах палешукоў — калодзежы з роварнымі коламі

Афанасій Гапановіч кажа, што ня бачыць нічога дзіўнага і дрэннага ў тым, «што Ўкраіна хацела быць самастойнай»:

«Тут такая лясістая мясцовасьць, побач Валынь, Украіна. У Дзівіне ў часе вайны як такой і нямецкай улады не было. Бывала так, што сёньня партызаны прыйдуць, заўтра — бандэраўцы. Бывала, што абкружылі Дзівін немцы, тады шмат людзей загінула. Ну, ім даклалі, што тут ці партызаны, ці бандэраўцы...»

Украінскія нацыяналісты выступалі супраць палітыкі калектывізацыі, утварэньня калектыўных гаспадарак замест індывідуальных. Афанасій Гапановіч распавёў, як яго сям’я пад прымусам уступала ў калгас:

«У 1949-м, калі я вучыўся ў Берасьці, выклікалі ў КДБ, сказалі, што калі бацька ня ўступіць ў калгас, то адлічаць з вучобы. А я зь вельмі беднай сям’і. Кажу тату, уступай, што рабіць».

Спадар Гапановіч займаецца пляценьнем кошыкаў

Мова ў дзівінцаў вельмі падобная да ўкраінскай — «поїхала», «родылася», «булы»... Афіцыйна мястэчка называецца Дзівін, але ўсе мясцовыя кажуць «Дывін».

«Ну, украінская, якая ж, — кажа Афанасій Гапановіч пра мясцовую мову. — Мы ня чулі пра беларускую нічога. Тут адна была жанчына прыежджая, мы кажам „ходыла“, а яна кажа „хадзіла“, то так яе і празвалі „Хадзіла“... Бліжэйшая нашая мова да ўкраінскай».

«Нарабілі тады: участковага расстралялі, у Дзівіне міліцыянэра забілі»

Яшчэ адзін сталы жыхар Дзівіна, 84-гадовы Аляксандар Лазоўскі памятае, што сыход мясцовых у «бульбашы» быў сапраўды масавы:

«Было шмат „бульбашоў“. Уся моладзь пайшла ў лес. То хто там не загінуў, таго пасадзілі».

Помнік 1500 расстраляным немцамі габрэям Дзівіна

Аляксандар Лазоўскі кажа, што сярод паўстанцаў былі і яго стрыечныя дзядзькі — Іван, Мікола і Сьцяпан Лазоўскія. Адзін зь іх загінуў у сутычцы з НКВД, двое былі асуджаныя на вялікія тэрміны.

«Сваякі. Майго бацькі стрыечныя браты. Сьцяпан у лесе загінуў. А Мікола і Іван былі асуджаныя, а як прыйшлі з турмы, то хутка памерлі... Я хлопец малы быў. Ведаю, нарабілі тады... Участковага расстралялі, у Дзівіне міліцыянэра забілі. Па лясах, па хатах хаваліся, але потым іх знайшлі ўсіх. Хто загінуў, а каго — на Камчатку. Хадзілі і „чырвоныя“, і „бульбашы“... Дзядзька на хутары жыў, то казаў, прыходзяць ды пытаюць: „За каго?“ Той сказаў, што за „рускіх“, ну й давай яго лупцаваць. А потым прыходзяць іншыя, ды зноў пытаюць, „ты за каго?“ То кажа, якая, маўляў, вашая справа, біце твар, ды ўсё, не ўгадаеш жа за каго... Іншыя казалі, што прыходзяць, ды кажуць: „Дай тое ды дай тое“. То ім адказвалі, што, маўляў, нічога вам не дамо, вы са зброяй, то і гаспадарце, бярыце, што хочаце. Тыя сем’і, якія былі зьвязаныя з „бульбашамі“, баяліся „чырвоных“, а тыя, хто з „чырвонымі“, — тых баяліся», — успамінае Аляксандар Лазоўскі.

Помнік чырвонаармейцам, загінулым у часе вызваленьня Дзівіна

Пытаюся ў суразмоўцу, што штурхала людзей ісьці ў «бульбашы»:

«Хтосьці за самастойную Ўкраіну, а каго падгаварылі...»

Як камуністычныя ўлады змагаліся з «бульбашамі»

Некаторыя дакумэнты Берасьцейскага абласнога архіву (раней архіву абкаму камуністычнай партыі) праліваюць сьвятло на супрацьстаяньне камуністычных уладаў і УПА пасьля вайны ў Дзівінскім раёне (раён быў зьліквідаваны ў 1959-м, мястэчка ўвайшло ў склад Кобрынскага раёну).

У такіх дамах пасьля вайны ў Дзівіне мясьціліся НКУС, суд ды іншыя органы савецкай улады

У сваіх пасьляваенных дакумэнтах камуністы называлі паўстанцаў не «бульбашамі», а «бульбаўцамі». Часта называюць тэрміны «бандгрупы», «украінскія нацыяналісты».

Гэтак, у жніўні 1944 году, на паседжаньні Берасьцейскага абкаму асобна разглядалася пытаньне «Аб становішчы ў Дзівінскім раёне»:

«У Дзівінскім раёне актыўна праяўляюць свае дзеяньні бандгрупы ўкраінскіх нацыяналістаў, якія, карыстаючыся адсутнасьцю вайсковых гарнізонаў, зьяўляюцца ў вёсках, тэрарызуюць савецкі актыў і насельніцтва, зрываюць мабілізацыю насельніцтва ў Чырвоную Армію, перашкаджаюць правядзеньню дзяржпаставак сельгаспрадуктаў, забіваюць савецкіх актывістаў».

На гэтым паседжаньні было вырашана накіраваць з Кобрыну ў Дзівін батальён НКВД на барацьбу з украінскімі нацыяналістамі.

Батальёну НКВД для задушэньня УПА ў Дзівінскім раёне не хапала, таму ў кастрычніку 1944 году ў Берасьці пастанавілі арганізаваць у кожным раёне вобласьці адмысловыя «зьнішчальныя батальёны» колькасьцю 100-200 чалавек. Кіравалі гэтымі батальёнамі райкамы партыі ды мясцовыя аддзелы НКВД. У народзе жаўнераў гэтых зьнішчальных батальёнаў празвалі «ястрабкамі» (у Дзівіне кажуць — «стрэбкі»).

— У гэтым будынку пасьля вайны, паводле сьведчаньняў дзівінцаў, мясьціліся вайскоўцы, цяпер тут інтэрнат

Паралельна з арганізацыяй антыпаўстанцкіх атрадаў улады робяць акцэнт і на «палітмасавую працу» з насельніцтвам. У Дзівін едуць камуністычныя прапагандысты, адмыслова для гэтага раёну бюро Берасьцейскага абкаму пастанавіла вылучыць каля тысячы асобнікаў рознай прэсы, ставіцца задача аб радыёфікацыі.

Замест ваенкаматаў ішлі ў лес

Тым ня меней, хутка справа зьнішчэньня падпольля «бульбашоў» не вырашалася. У лістападзе 1944 году Дзівінскі раён быў самым адстаючым па прызыве ў Чырвоную Армію. З архіўных дакумэнтаў вядома, што на той час з 648 чалавек на мабілізацыйны пункт зьявілася толькі 140.

На паседжаньні абкаму пра гэта тлумачылася так:

«У Дзівінскім раёне, дзе асабліва моцна разьвітыя ўкраінска-нацыяналістычныя бандгрупы, большасьць вайсковаабавязаных пасьля атрыманьня мабілізацыйных позваў сыходзяць у лес — у банды. [...] Зьнішчальныя батальёны ў шэрагу месцаў ня могуць па сваіх сілах справіцца з бандпраявамі.»

У шэрагу сельсаветаў некалькіх раёнаў, паведамлялі ў абкаме, з-за дзейнасьці «бульбаўцаў» «праца савецкіх органаў паралізаваная».

Пратэстанцкі дом малітвы ў Дзівіне

У канцы 1944 году заяўлялася аб ціску з боку УПА на савецкіх настаўнікаў:

«Усе настаўнікі Дзівінскага раёну і часткова Маларыцкага і Антопальскага атрымалі папярэджаньне аб спыненьні працы ў школах на беларускай і расейскай мовах. Настаўніцтва ў гэтых раёнах проста баіцца працаваць як патрэбна, і заняткі праводзіць фармальна, вучаць чытаць і пісаць».

5 тысяч паўстанцаў-«бульбашоў» дзейнічалі ў Дзівінскім раёне

Гісторык Уладзімер Гуленка, які дасьледаваў тэму УПА ў Беларусі, прыводзіць лічбу ў 5 тысяч украінскіх паўстанцаў у Дзівінскім раёне. Гісторык сьцьвярджае, што «зь вясны 1943 году Дзівіншчына стала партызанскай зонай УПА, куды бязь іх дазволу баяліся зайсьці і немцы, і савецкія партызаны».

Гісторык Уладзімер Гуленка

Ліквідацыя УПА ў Беларусі пасьля вайны зацягнулася амаль на дзесяць гадоў. Толькі ў 1944-1946 гадах украінскія паўстанцы ўчынілі ў Беларусі каля 2400 дывэрсій і тэрактаў.

Паводле кнігі дасьледчыка Івана Пушчука «Ўкраінская Паўстанцкая Армія на Берасьцейшчыне», адной з апошніх акцыяў «бульбашоў» на Берасьцейшчыне быў бой у Кобрынскім раёне ў 1953 годзе. Спасылаючыся на дакумэнты МГБ, Іван Пушчук даводзіць, што з 1943 да 1953 году на Берасьцейшчыне было арыштавана каля 1300 асобаў, якія ўдзельнічалі ў партызанцы УПА.

У сваёй кнізе Іван Пушчук прыводзіць сьпіс з 73 асобаў зь Дзівіна, пра якіх вядома, што яны былі ў «бульбашах». Частка зь іх загінулі, астатнія — адседзелі вялікія тэрміны.

У 2012 годзе львоўскі дэпутат Расьціслаў Наважэнец прапаноўваў беларускім уладам усталяваць шыльду ў гонар паўстанцаў УПА. Просьбу ўлады праігнаравалі, а тэма ўкраінскага пасьляваеннага антысавецкага супраціву застаецца табуяванай ня толькі для чыноўнікаў, але і для многіх сёньняшніх жыхароў Дзівіна.