Для БАТЭ плэй-оф Лігі чэмпіёнаў застаўся непераадольным бар’ерам

Футбольны матч БАТЭ - «Шахтар» у Барысаве, 2014 год

Футбольны клюб БАТЭ з Барысава завяршыў выступ у Лізе чэмпіёнаў, згуляўшы ў апошнім матчы групавой стадыі ўнічыю з італьянскай «Ромай».

Такім чынам, беларусы ў шасьці гульнях набралі 5 ачкоў і фінішавалі на апошнім месцы. Барацьбу ў плэф-оф галоўнага эўрапейскага кубку працягнуць «Барсэлёна» і «Рома», нямецкі «Баер» з трэцяй пазыцыі пераходзіць у Лігу Эўропы.

Дзеля таго, каб застацца ў гульні, барысаўцам трэба было абавязкова выйграваць у рымлянаў, і шанец на пазытыўны сыход быў — на жаль, Міхаіл Гардзяйчук і Ігар Стасевіч ня здолелі рэалізаваць два галявыя моманты.

Зрэшты, сёлета БАТЭ не выглядаў камандай хлопчыкаў для біцьця — адрозна ад мінулага сэзону, калі беларускі прадстаўнік усталяваў антырэкорд, прапусьціўшы па выніках турніру найбольшую колькасьць галоў за ўсю гісторыю Лігі чэмпіёнаў.

Гэтым разам правальных гульняў амаль не было і нават у супрацьстаяньні з мацнейшым клюбам сьвету — гішпанскай «Барсэлёнай» — над выхаванцамі Аляксандра Ермаковіча не лунаў капітулянцкі настрой. Тым ня меней, розьніца ў клясе з грандамі эўрапейскага футболу па-ранейшаму істотная.

Пра гэта кажа заслужаны трэнэр Беларусі Леанід Гарай, які шмат гадоў адпрацаваў у штабах менскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай:

На адным патрыятызьме ня выедзеш, трэба яшчэ валодаць тэхнікай выкананьня. Па гэтым парамэтры, на жаль, саступаем, прычым, адчувальна.

«Безумоўна, нельга сказаць, што ў хлопцаў няма пачуцьця патрыятызму: адстойваць гонар краіны на міжнароднай арэне — гэта, як гаворыцца, сьвятое. Але на адным патрыятызьме ня выедзеш, трэба яшчэ валодаць тэхнікай выкананьня. Па гэтым парамэтры, на жаль, саступаем, прычым, адчувальна. Згодныя, што як толькі выходзім на больш высокі ўзровень турніру, то ў тэхніцы адразу ж саступаем? Відавочна, што саступаем. А каб рэалізаваць тактычную задуму — гэта тычыцца ня толькі футболу, увогуле ўсіх сфэраў жыцьця — патрэбна ўменьне. Ужывальна да футболу ўменьне — гэта ўсё тое ж тэхнічнае майстэрства. Ды і сама па сабе тактыка кульгае. Не хачу сказаць, што безнадзейна саступаем у гэтым паказьніку, калі глядзець з вышыні сучаснага футболу, але яшчэ не дайшлі да таго, каб не баяцца гуляць, скажам, у тры форварды. Зноў жа, толькі таму, што саступаем у майстэрстве, ня верым ва ўласныя сілы».

У папярэдніх лігачэмпіёнскіх цыклях БАТЭ толькі аднойчы пасяліў спадзевы ў душы заўзятараў. Гучна ўдалося пра сябе заявіць ў сэзоне 2012/2013: гасьцявая перамога над францускім «Лілем» (1:3), а літаральна праз два тыдні — яшчэ больш сэнсацыйны выйгрыш у Менску у матчы зь нямецкай «Баварыяй» (3:1). Праўда, на большае рэзэрваў не хапіла, але і гэтага аказалася дастаткова, каб з трэцяга месца працягнуць выступ у Лізе Эўропы.

У 2008-м, калі БАТЭ дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, была зафіксаваная «пачэсная параза» ў Мадрыдзе ад «Рэала» зь лікам 2:0. Затое ў наступнай хатняй гульні быў дадзены бой італьянскаму «Ювэнтусу» 2:2. Па выніках групавога розыгрышу — апошні радок, як і ва ўсе наступныя разы.

Самым няўдалым аказаўся папярэдні сэзон, па выніках якога барысаўская каманда ўсталявала антырэкорд Лігі чэмпіёнаў у колькасьці прапушчаных мячоў — 24 «прабоіны» у шасьці сустрэчах. Спачатку разгромна прайгралі на выезьдзе партугальскаму «Порту» (0:6), пасьля двойчы ўкраінскаму «Шахтару» — 0:7 у Барысаве і 0:5 у Львове. Завяршыўся пакутлівы сэзон двума «сухімі» мячамі ад гішпанскага «Атлетыка».

Сёлета БАТЭ адабрала чатыры ачкі ў «Ромы» і адно ў «Баера». У астатніх гульнях — тры паразы: адна ад таго ж «Баера» і двойчы ад «Барсэлёны».