Прадпрымальнікі рынку «Давыдаўскі», аднаго з трох найбуйнейшых рынкаў у Гомелі, выказваюцца за падтрымку акцыі пратэсту менскіх калегаў, які заяўляюць пра пачатак бестэрміновага страйку з 1 студзеня 2016 году.
Таварамі лёгкай прамысловасьці на Давыдаўскім рынку гандлююць каля васьмісот прадпрымальнікаў ды іх памочнікаў-рэалізатараў. Яны цяпер у разгубленасьці, у паняверцы: зь 1 студзеня ўлады патрабуюць мець на ўсе тавары сэртыфікаты якасьці і транспартныя накладныя. У адваротным выпадку — штрафы, канфіскацыя тавараў, банкруцтва і галеча.
Апавядае прадпрымальніца Натальля, яка гандлюе на рынку жаночымі строямі:
«Пакладзем гэтыя строі дома. А што зь імі рабіць? Будзем, як я кажу, любавацца. Бо і на інтэрнэт- крамы таксама патрэбны дакумэнты. Вось мы сядзем дома, а ў мяне ж дачка — студэнтка. Я сяду дома і ўжо не змагу аплачваць яе навучаньне. Яна вучыцца ў БДУ. Выглядае, што яна павінна пакінуць навучаньне, бо мама ня можа плаціць? Тупіковая сытуацыя, разумееце? Таму, калі будзе масавы страйк, я выйду і буду падтрымліваць эканамічныя патрабаваньні».
Суразмоўніца лічыць, што беларускі ўрад не парупіўся хоць штосьці зрабіць перад увядзеньнем патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу — кінуў усё гэта на прадпрымальнікаў:
«Урад — там яны нічога не зрабілі. Разумееце? Трэба было адрэгуляваць гэта хаця б на ўзроўні дзьвюх дзяржаваў. У Казахстан мы ня едзем — едзем у Маскву па тавары. Дык і трэба было адрэгуляваць гэтае пытаньне з Расеяй. З Расеяй наўпрост трэба было размаўляць: маўляў, так і так, нашы людзі купляюць у вас тавар, ім патрэбны пакет дакумэнтаў. Але ж гэтага пакету няма — і ніхто нічога рабіць не зьбіраецца».
Сэнс аднабаковых патрабаваньняў беларускай дзяржавы да сваіх індывідуальных прадпрымальнікаў, як мяркуе Натальля, заключаецца ў лабіраваньні інтарэсаў буйных аптовых фірмаў, а яшчэ — у жаданьні прымусіць ацалелых прадпрымальнікаў гандляваць таварамі айчыннай лёгкай прамысловасьці:
«Усё вядзецца да таго, каб мы прадавалі беларускую прадукцыю. Але ўсе яе прадаваць ня могуць і ня хочуць з-за дарагоўлі. Да таго ж, яе столькі няма. Чаму розьнічны гандаль ня можа яе рэалізаваць? І чаму мы мусім купляць за свае грошы якісьці неліквідны тавар на складах і спрабаваць „уцюхваць“ яго народу? Гэта няправільна, я так лічу».
Саракашасьцігадовы прадпрымальнік Андрэй кажа, што калі ўлада не адгукнецца на іх адчайнае становішча, то нічога не застанецца, як падтрымліваць бестэрміновы страйк:
«Будзем падтрымліваць. Ня будзем плаціць падаткі, пакуль штосьці ня зьменіцца. З працай вельмі цяжка — у мяне жонка паўгода ня можа знайсьці працу».
Андрэй зьвяртае ўвагу на тое, што ў суседніх краінах не патрабуюць ад прадпрымальнікаў такіх дакумэнтаў, як у Беларусі:
«Ні ў якой краіне няма такіх дакумэнтаў — ні ва Ўкраіне, не ў Расеі. Тым больш, што цяпер стан цяжкі такі, крызысны. Усюды ідуць на саступкі, падтрымліваюць прадпрымальнікаў, падаткі зьніжаюць. А ў нас сытуацыя наадварот. Хочам, каб наш усенародна абраны Аляксандар Лукашэнка пайшоў на саступкі і адмяніў такія патрабаваньні».
Страйкавы настрой сталічных прадпрымальнікаў падзяляе і яшчэ адзін суразмоўца, які назваўся Аляксандрам:
«Такога ж меркаваньня — ня будзем выходзіць на працу, будзем падтрымліваць менскіх прадпрымальнікаў. Падаткі плаціць ня будзем. За месца на рынку можна заплаціць, а падаткі сплачваць ня будзем. Можа, у такім разе прэзыдэнт дасьць нейкае ўказаньне»
Агулам на Гомельшчыне налічваецца каля 39 тысяч суб’ектаў малога й сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку — 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.
Удзельная вага паступленьняў у даходную частку бюджэту вобласьці перавышае 17 адсоткаў. Не выпадае думаць, што гэтыя грошы ў дзяржавы лішнія.