Белы дом запатрабаваў зьняць Трампа зь перадвыбарнай гонкі за прапанову забараніць мусульманам уезд у ЗША

Доналд Трамп

На скандальную прапанову кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Доналда Трампа забараніць мусульманам уезд у Злучаныя Штаты адрэагаваў Белы дом. У адміністрацыі лічаць, што за свае словы мільярдэр павінен быць зьняты з перадвыбарнай гонкі.

Прэс-сакратар Белага дому Джош Эрнэст лічыць, што сказанае Трампам на адрас мусульман пазбаўляе яго права займаць пасаду прэзыдэнта ЗША, паведамляе CNN. Па словах прадстаўніка дзейнага прэзыдэнта-дэмакрата Барака Абамы, кіраўнік дзяржавы абавязваецца «захоўваць, абараняць і адстойваць» Канстытуцыю ЗША, і, такім чынам, мільярдэр-рэспубліканец ня зможа прыняць прысягу.

У сувязі з гэтым Эрнэст заклікаў рэспубліканцаў зьняць Трампа зь перадвыбарнай гонкі. На яго думку, іншыя магчымыя прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта ад гэтай партыі не павінны падтрымліваць мільярдэра ў выпадку яго перамогі на праймэрыз. «Пытаньне ў тым, ці выправіцца ўся астатняя частка Рэспубліканскай партыі на сьметнік гісторыі разам зь ім», — сказаў на заканчэньне Эрнэст.

Доналд Трамп — амэрыканскі бізнэсовец, чый капітал ацэньваецца на 4,1 млрд даляраў. Ён абвясьціў пра ўступленьне ў барацьбу за пасаду прэзыдэнта ЗША 16 чэрвеня сёлета.

Напярэдадні Трамп выступіў з беспрэцэдэнтнай ініцыятывай аб забароне на ўезд у Злучаныя Штаты для ўсіх мусульман — «да таго часу, пакуль тыя, хто прадстаўляюць краіну, не зразумеюць, што адбываецца» пасьля тэрарыстычных нападаў у Сан-Бэрнардына, дзе 2 сьнежня трое экстрэмістаў расстралялі 14 чалавек. Усе тыя, хто нападаў аказаліся радыкальнымі ісламістамі, двое з іх былі забітыя ў перастрэлцы з паліцыяй, трэцяга шукаюць. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».