Расейскае выдавецтва выдала ўсе кнігі Сьвятланы і штогод запрашала пісьменьніцу прэзэнтаваць іх на сваім стэндзе падчас Менскага кніжнага кірмашу. Да стэнда «Время» ў беларускай сталіцы выстройваліся чэргі ўдзячных чытачоў, а для Алексіевіч гэта была адна з рэдкіх магчымасьцяў сустрэцца зь імі на адкрытай пляцоўцы.
Дый само выдавецтва ў тыя часы, калі беларускія выдаўцы Алексіевіч перавыдаваць не сьпяшаліся, заставалася верным беларускай аўтарцы. «Мы спадзяваліся на гэтую прэмію, і нам пашанцавала», — распавядае цяпер у Стакгольме Барыс Пастэрнак.
Барыс Натанавіч, як складвалася ваша супрацоўніцтва са Сьвятланай Аляксандраўнай і ці думалі вы, што выдаяце кнігі Нобэлеўскага ляўрэата?
Мы са Сьветай знаёмыя гадоў 45, людзі столькі не жывуць, як вядома. Разам працавалі ў Менску ў «Сельскай газэце». Яна туды прыйшла ў аддзел «грамадзтва» карэспандэнтам, я быў намесьнікам адказнага сакратара. Маладых людзей там было ня так шмат. А мы былі маладыя і натуральна сябравалі. Пасьля, канечне, разьбегліся, але я вельмі добра памятаю Сьвету таго часу. Яна была не па гадах сур’ёзная. Зразумела было, што яе цікавіць, ужо тады. Яна была вельмі ўдумлівая, вельмі настырная. Тэксты, якія яна тады пісала, далёка ня ўсім падабаліся. Многім падавалася, што яны заскладаныя для простай рэспубліканскай газэты, тым больш сельскай. Але жыцьцё паказала, што гэта быў яе шлях і правільна абраны.
Пасьля мы на шмат гадоў разьбегліся, але натуральна падтрымлівалі выпадковыя стасункі, часам сустракаліся. Нашаму выдавецтву цяпер 15 гадоў. А ў 2005 годзе мы сустрэліся на нейкім кірмашы, і я зь велізарным зьдзіўленьнем для сябе даведаўся, што правы на яе творы свабодныя. Яна выходзіла ў некалькіх выдавецтвах і ў Менску, і ў Маскве. Я лічыў, што там трывалыя доўгатэрміновыя стасункі, а яна сказала, што правы свабодныя. Мы, канечне, ахнулі і сказалі, што адразу падпісваем. Асабістага ў гэтым было зусім няшмат. Было выразнае разуменьне таго, што моцны і прызнаны пісьменьнік можа прынесьці нам свае кнігі.
Мне нават няёмка пераказваць гэтую гісторыю чарговы раз, але я яе распавяду. Рэч ў тым, што калі мы падпісалі дамову на ўсе чатыры яе кнігі (пятай яшчэ тады не было), хацелася выдаць іх усе адразу. Але грошай не было, і я вырашыў папрасіць адзін вядомы фонд дапамагчы нам з гэтым. Напісаў ім ліст, і першы абзац быў пра тое, што Сьвятлана Алексіевіч зьяўляецца найбольш верагодным прэтэндэнтам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Гэта быў з аднаго боку нейкі рэклямны ход, але зь іншага боку гэта была праўда.
Я магу патлумачыць, чаму я так напісаў. Многія людзі ў Расеі ўспрымаюць Нобэлеўскую прэмію як нейкі Чэмпіянат сьвету па літаратуры. 25 чалавек спаборнічаюць, хто ў гэтым годзе вызначыўся, то найлепшаму зь іх мэдаль на грудзі. Гэта абсалютна ня так, гэта падманнае ўяўленьне. Трэба разумець, што Нобэлеўская прэмія — гэта найперш міжнароднае прызнаньне. Яе атрымлівае чалавек, якія робіць вялікі ўплыў на грамадзкае меркаваньне ў сьвеце. Калі кажуць, што «адзін надзвычай таленавіты пісьменьнік яе не атрымаў, а іншы геніяльны нават не разглядаўся», мяне гэта зьдзіўляе. Адразу зьяўляецца пытаньне, а што ўласна зрабіў гэты чалавек з надзвычайным талентам? Ён напісаў такую колькасьць кніг? Ён сабраў іх неяк? Яны перакладзеныя ва ўсім сьвеце? Яны сталі сьцягам для пэўнай колькасьці людзей? Яны паўплывалі на грамадзкае меркаваньне ці не?
Вось са Сьвятланай гэта ўсё адбылося літаральна зь першай кнігі. На сёньняшні дзень, здаецца, 120 выданьняў ва ўсім сьвеце яе кніг на 20 мовах. Велізарная колькасьць спэктакляў, што важны паказьнік. Яе кнігі дыялягічныя і просяцца на сцэну. Знаходзіцца маса людзей ад школьных тэатраў да прафэсійных, якія іх інсцэнізуюць. Людзі захоплена гэта глядзяць. Гэта такая каштоўная якасьць, якая мала ў каго зь пісьменьнікаў ёсьць.
Мы да яе ставіліся як да вельмі буйнога, выбітнага пісьменьніка, ацэньваючы абсалютна не ступень стылістычных штукарстваў або надзвычайнага мастацкага таленту, а ацэньваючы ступень яе сумленнасьці і шчырасьці і яе здольнасьць уплываць на грамадзкія працэсы ў сьвеце. Усё гэта ў яе ёсьць і, дзякуй богу, захавалася.
Нам пашанцавала, што мы тады падпісалі гэтую дамову. Спадзяюся, што і Сьвятлане пашанцавала з выдаўцом, бо мы ўсё ж вельмі стараліся рабіць нашую працу добра.
Зьвярніце ўвагу, што ў нас выйшаў 5-томнік, і мы адразу зрабілі яго ў падарункавым варыянце. Не мяркуючы, што гэта будзе юбілейнае выданьне, але вельмі прыгожае, з выкарыстаньнем рэдкіх для Расеі тэхналёгій на супэрвокладцы. Мастак Валер Калныньш вельмі пастараўся, калі працаваў над гэтым выданьнем. Гэта прыгожае падарункавае выданьне, якое сёньня дораць як нобэлеўскае. Нам засталося на яго паставіць толькі радок «Нобэлеўская прэмія па літаратуры 2015 году» — і падарунак быў гатовы.
Так, мы чакалі, мы спадзяваліся на гэтую прэмію. Не магу сказаць, што разьлічвалі, ня ўсім шанцуе. А нам пашанцавала.
Беларускія афіцыйныя ўлады абралі пазыцыю публічнага ігнараваньня і самой нобэлеўскай ляўрэаткі і факту ўручэньня ёй прэміі. У Расеі, як зазначае сама Сьвятлана Алексіевіч, прысуджэньне ёй нобэлеўскай прэміі выклікала агрэсіўную рэакцыю. Чым вы гэта можаце патлумачыць і ці не паўплывае гэта на працу вашага выдавецтва?
Мне здаецца, што тут блытаюцца дзьве рэчы: рэакцыя на яе кнігі і на яе выказваньні. Яна сумленны чалавек, яна найчасьцей не зьмякчае свой пункт гледжаньня, калі яе просяць выказацца. Калі вы пакладзяце перад любым афіцыёзным журналістам ці палітычным дзеячом яе кнігі і спытаеце, «што ў іх вы бачыце такога антырасейскага, беларускага, антыпуцінскага ці антылукашэнкаўскага», то вам нічога ня знойдуць. Гэта кнігі бясспрэчныя ў этычным пляне. Яе кнігі не пра гэта. Яны пра чалавека, сутнасьць чалавека, пра ягоную этыку, а не дачыненьне да канкрэтнай улады ці кіраўніка. Але яна публічны чалавек. І калі ў яе пытаюцца, як вы ставіцеся да пэўных учынкаў ці выказваньняў прэзыдэнта, яна кажа, што думае. І вось тое, што яна думае, гэта шмат каму не падабаецца. Што я магу зрабіць?
Ёсьць людзі, якія абагаўляюць прэзыдэнтаў, якія кажуць пра гэта ўголас. Нядаўна адзін цудоўны расейскі сатырык падарыў свайму прэзыдэнту імпэратарскую карону. Напэўна, гэта адлюстроўвае ягоны пункт гледжаньня на прэзыдэнцкую ўладу. Ад Сьвятланы гэтага чакаць не даводзіцца, яна досыць жорстка выказваецца пра цяперашнюю ўладу, пра палітыку, якая праводзіцца як у Расеі, так і ў Беларусі.
У Беларусі мне вельмі спадабалася рэакцыя што называецца простых людзей. Я бачыў сам, як людзі віншавалі аднын адных, абдымаліся, кветкі дарылі, шампанскае пілі. Гэта здорава. Усе ўспрымаюць гэта як свайго, які стаў чэмпіёнам. Гэта важная кансалідацыя. Урэшце ў Беларусі ня так шмат сапраўдных герояў. Тым больш сярод інтэлектуалаў, хаця спартсмэны яшчэ ёсьць. І тое, што гэта ўспрымаюць як перамогу свайго, мне вельмі падабаецца.
У Расеі, можа, больш расколатае грамадзтва. Можа, яе ўспрымаюць не як сваю. Гэта ёсьць. Шмат хто кажа, што яна беларуска і што з таго, што яна піша па-расейску, яна «русскоязычная» — такое гідкае слова. Канечне, яна расейскі пісьменьнік, пра што размова. Ніхто гэтага ня можа адмяніць. Гэта факт і зьява расейскай літаратуры. Нават неяк недарэчна пра гэта спрачацца, хаця спрэчкі пра гэта ідуць у Расеі. Думаю, што гэта абсалютна наноснае пераходнае. Пройдзе некалькі гадоў, усё гэта сьцішыцца, і яе будуць успрымаць як прадстаўніка і носьбіта слаўнай традыцыі расейскай літаратуры. Абсалютна не сумняваюся.
На маёй памяці ўручэньне прэміі Пастэрнаку. Я памятаю гэта. Памятаю скандал і гістэрыку на гэты конт. Прычым што мяне найбольш зьдзіўляла: некаторыя казалі, што ён нядобры ўчынак зрабіў, што перадаў кнігу, каб апублікаваць за мяжой. Але былі сур’ёзныя людзі, літаратуразнаўцы, якія казалі пра выключную слабасьць яго паэтычнага і празаічнага таленту: «Як маглі за такі слабы твор даць такую годную прэмію». Пасьля роўна тыя самыя словы мы чулі наконт Бродзкага: «Як маглі даць прэмію такому слабому паэту, які зразумела што нават не ў першым шэрагу, а ў другім расейскай паэзіі, ёсьць нашмат больш годныя паэты, якія вядомыя». Дзе гэтыя людзі, якія гэта казалі? Са Сьветай будзе роўна гэтаксама.