Выглядае, што звычкі жорсткіх боек паміж хлопцамі з розных мікрараёнаў і вёсак Беларусі адышлі ў нябыт. Што гэта было і чаму — працяг дыскусіі, узьнятай Сяргеем Абламейкам, з удзелам тых, хто яшчэ нядаўна ўдзельнічаў у такіх бойках.
Блог Сяргея Абламейкі «Лютасьць беларуская» выклікаў гарачую дыскусію на сайце Свабоды пра прычыны боек паміж вёскамі і раёнамі ў гарадах.
Аўтар піша: «Ня маючы да канца сфармаванай нацыянальнай самасьвядомасьці і таму будучы ня ўстане адчуваць салідарнасьць на агульнанацыянальным узроўні, рэальна сваім яны лічаць толькі прыватную тэрыторыю — дом і сям’ю. Іншая вуліца, іншая вёска, іншы раён — гэта ўжо чужакі. Гэта і ёсьць прычына боек».
Свабода пацікавілася, ці захаваліся гэтыя бойкі цяпер, як ставяцца цяпер самі ўдзельнікі боек «раён на раён» да гэтай забавы, што было, на іхную думку, прычынай міжусобіц у гарадах, адкуль іх карані, наколькі жорсткія былі гэтыя баталіі і чаму яны скончылі.
Біліся «за раёны» ня толькі ў Менску, але і ў абласных гарадах. Напрыклад, у Магілёве.
Адкуль і калі павялася «мода» біцца раён на раён пэўна сказаць цяжка. Вядома, што ў 1970-80 гады горад ужо быў падзелены моладзьдзю на «раёны». Іх «гонар» бараніўся ў сутычках з чужакамі. Чужынцамі былі аднагодкі з іншых «раёнаў».
Карані раённых баталіяў — зь вёскі
«Міры», «Піянэры», «Сяляне», «Мянжынка», «Кірава» — усё гэта назвы раёнаў з часоў той міжусобіцы. Некаторыя яе ўдзельнікі маюць свае вэрсіі пра карані раённых баталіяў.
Магілёўцу Валеру — 46 гадоў. Ён зь трэцяга пакаленьня гараджан. У сярэдзіне васьмідзесятых хадзіў, як тады казалі, за «Трыццатнік». Назву «раёну» выводзілі з вуліцы «Трыццаць год Перамогі». Валер зазначае: хадзіў на бойкі, бо не было чым болей заняцца:
«Я ад свайго бацькі, ён з 1937 году нараджэньня, ня чуў, каб біліся гэтак у горадзе ў 50-60 гады. Ёсьць такое меркаваньне, што пад час урбанізацыі наехала ў горад шмат людзей зь вёсак. А там жа раней сяло на сяло біліся, — разважае суразмоўца. — У вёсках жылі збольшага родамі. Калі прыходзілі хлопцы з іншых вёсак да дзяўчат, то іх баранілі ад чужакоў. Відаць, адтуль і карані гарадзкіх боек. Калі хлопцы папрыяжджалі зь вёсак, дык гэтую забаву яны прывезьлі з сабою. Было такое, калі дзяўчына сустракалася з хлопцам з іншага «раёну», дык стаўленьне да яе было не такое як да іншых. Меркавалі гэтак: «Калі наша, дык павінна быць нашым».
Паводле Валера, у вулічных бойках былі свае правілы. Таго, хто апынуўся на зямлі, напрыклад, «не дабівалі». Суразмоўца заўважае, што ў часы маладосьці брата, старэйшага за яго на сем гадоў, бойкі былі куды больш жорсткімі.
Падчас бойкі, хто стаяў на нагах, атрымліваў напоўніцу
Наступны суразмоўца Яўген хадзіў біцца за «Чапаеўку». Кажа: іншага занятку, каб разьмяцца, ён для сябе не знаходзіў. У свае сорак пяць год Яўген выглядае дужым мужчынам пад два мэтры ростам. У юнацтве сіла і рост прыдаваліся ў бойках. На іх пачаў хадзіў падлеткам. Кажа: шмат сяброў біліся за раён і ён далучыўся.
«Звычайна мы зьбіраліся ля Дому культуры чыгуначнікаў. Калі зьяўлялася група чужакоў у нашым раёне, напрыклад, з «Лупалава», ці «Юбілейнага», мы ўжо пра гэта ведалі. Загадзя дамаўляліся, што яны да нас завітаюць на бойку. Падчас бойкі нікога не шкадавалі. Ляжачых ня білі, а вось, хто стаяў на нагах, таго білі напоўніцу»,— згадвае Яўген.
«Я тады быў у групе маладых, — працягвае ён. — Над намі былі хлопцы на тры-чатыры гады старэйшыя. Яны каардынавалі нашыя дзеяньні. Мы біліся паміж сабой, а „старыя“ назіралі і сьмяяліся. Гэта было падобна на „дзедаўшчыну“, але нас ніхто не прымушаў біцца. Мы самі прыходзілі, каб пабіцца».
Яўген не хавае, што ўдзельнічаць у сутычках было яму боязна. У большасьці зь іх ён быў у першых шэрагах: "Я заўжды бачыў за сабою людзей настроеных ваяўніча. Яны, як і я, білі сабе падобных і такім чынам рэалізоўвалі сябе«,— даводзіць ён.
На думку Яўгена, бойкі за раён пачаліся са спальных раёнаў, якія засяляліся былымі вяскоўцамі. Гэтыя раёны, зазначае ён, здаваліся без разьвітай сацыяльнай інфраструктуры:
«Людзі, якія прыехалі нядаўна зь вёсак у гэтых раёны, больш нічым не займаліся, акрамя як хадзілі на вучобу ды на працу. У гэтых раёнах не было ніякай інфраструктуры, каб гэтых былых вяскоўцаў неяк заняць. І дагэтуль больш за ўсё злачынстваў менавіта ў спальных раёнах».
Суразмоўца адзначае, што замірэньне ад боек дзейнічала там, дзе вучылася моладзь.
«Мы не былі „ворагамі“ на тэрыторыі нейкай навучальнай установы, хаця маё зьяўленьне дзе-небудзь у раёне Мянжынкі, ці Піянэрскай пагражала мне тым, каб быць бітаму. У такім выпадку мне трэба было альбо кідацца наўцёкі, альбо адбівацца. Лепей бегчы, бо мяне проста маглі тупа пабіць і мог нават інвалідам застацца».
За чужакоў лічылі і тых, хто не хадзіў «за раёны». Ім перападала ад сваіх жа «землякоў».
У міліцыі былі свае спосабы ўтаймаваньня боек
Звычайна біліся на танцпляцоўках, гэтак званых «пятаках». Пра пачатак дамаўляліся аўтарытэты раёнаў. Іх называлі «асновамі». Былі і нечаканыя ўварваньні на тэрыторыю чужых раёнаў. Утвараліся і раённыя кааліцыі. Кааліцыйныя бойкі, кажуць іх удзельнікі, адбываліся ў полі. Біліся групамі па трыццаць-сорак чалавек з аднаго боку.
На дыскатэках бойкі распачыналіся звычайна пасьля апошняга танцу, згадвае яшчэ адзін удзельнік раённых баталіяў Ігар. Ён хадзіў за «Шмідтаўскіх». Прызнаецца, што не задумваўся, з чаго пачалася раённая міжусобіца.
«Калі надышоў час мне ўлівацца ў калектыў, то ён ужо сфармаваўся, — згадвае Яўген. — У ім былі свае традыцыі. Раёны ўжо былі падзеленыя. Адсачыць, адкуль гэта ўсё пайшло, я не гатовы і цяпер».
Міліцыя, паводле суразмоўцаў, у часы боек за раёны не лютавала, хоць і мела свае спосабы іх утаймаваньня. Пра іх апавядае Ігар:
«Калі нас лавілі на танцах і заводзілі ў апорны пункт, дык у міліцыянтаў былі маленькія дручкі, якімі яны маглі нас адхадзіць па дупе. Яшчэ выстрыгалі на галаве паласу. Даводзіла потым стрыгчыся над «нуль», і калі цябе лысага ўбачылі на дыскатэцы, то на яе не пускалі, альбо дужа пільнавалі на ёй. Бывала, што выклікалі «аснову» і даводзілі яму: «Твае ўчора нашкодзілі — ты разьбярыся».
Міжусобіцы згасьлі, як зьявіліся іншыя інтарэсы ў моладзі
Ніхто з суразмоўцаў не прыгадаў, калі згасьлі баталіі за раёны. Пагадзіліся з думкай, што гэта адбылося на мяжы 1980-90 гадоў. У той час, кажуць удзельнікі боек, у моладзі зьявіліся іншыя спосабы рэалізаваць сябе. Многія паспрабавалі сябе ў бізнэсе. Напачатку дзевяностых нямала «раённых» аўтарытэтаў дабіліся ў ім посьпехаў.
«Многія тады кінуліся ў бізнэс, кажа Ігар. — Ён прыносіў неблагі даход. Езьдзілі ў Польшчу па тавары. У нас на стадыёне „Спартак“ быў вялікі рынак, дык там сустракаліся былыя вулічныя „ворагі“, згадвалі мінулае. Дарэчы, вулічныя „закоты“ шмат каму дапамаглі наладзіць дзелавыя сувязі».
Ніводзін з суразмоўцаў не згадаў у сваіх аповедах, ці меў значэньне моўны аспэкт міжусобіц у горадзе. У сярэдзіне васьмідзесятых гадоў наплыў вяскоўцаў у горад спаў. Большасьць тых, хто хадзіў біцца за раён, былі гараджанамі ў першым пакаленьні. Іхныя бацькі прыехалі па лепшае жыцьцё ў горад зь вёсак. Нецярпімасьць новых гараджанаў да вяскоўцаў, да іхнай гаворкі, часьцей выяўлялася ў вучэльнях.
Лёс удзельнікаў боек раён на раён склаўся па-рознаму. Для большасьці часы ваяўнічай маладосьці зьмяніліся завадзкой будзённасьцю. Некаторыя займелі свой бізнэс, а кагосьці жыцьцё кінула ў крымінал і ім давялося прайсьці турэмныя калідоры.