Літанкета Свабоды: Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская — культуроляг, літаратар. Прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, аўтар праектаў (відэа і публіцыстычных) на партале TUT.BY. Аўтар 8 апублікаваных кніг (манаграфіі, падручнікі, раман) і прыкладна такой самай колькасьці пакуль што не апублікаваных. Аўтар больш за 100 навуковых артыкулаў на тэмы ідэнтычнасьці, у тым ліку беларускай і постсавецкай. Публікацыі ў Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіне, Швэйцарыі і Нямеччыне. Аўтар пяці п’ес, якія ідуць у трох тэатрах Беларусі. Спэктакль па п’есе «Літаркі» (пад назвай «Аднаклясьнікі» ў пастаноўцы Е. Аверкавай) у 2013 атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію РБ у намінацыі «за найлепшы спэктакль па п’есе сучаснага беларускага аўтара».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Як казаў Бродзкі, я пішу для сябе і для іншай гіпатэтычнай асобы. Ідэальны чытач — той, хто інтэрпрэтуе твой тэкст з улікам таго, што ты ў яго ўклаў, а не перакручвае ў сьвятле таго, чаго ён ад цябе чакае — добрага ці кепскага.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома. На лецішчы. Раніцай і ў першай палове дня.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Забіць перасьмешніка» Харпэр Лі ці «Перабоі ў сьмерці» Жузэ Сарамагу.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Час ад часу — Аліса ў Залюстроўі, час ад часу — Дон-Кіхот (у варыянце не даследчыкаў, а менавіта Сэрвантэса), час ад часу — графіня ў «Караблі дурняў» К. Э. Портэр. А ў сацыяльным сэнсе — напэўна К. з «Працэсу» Кафкі.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Талстой, Маркес, Сарамагу, Канінгэм. Зь беларускіх — Быкаў, Стральцоў, Караткевіч. З нон-фікшн — Алексіевіч.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Віктар Шнірэльман «Парог талерантнасьці» і адначасова «Мэдэю» Эўрыпіда ў розных перакладах.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ангельскай. На ўкраінскай таксама. І на польскай, але часам са слоўнікам.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Тая, што пішу цяпер. Усё астатняе — ужо быццам не маё. Можа, ненадрукаваны раман «Плюсквампэрфэкт». З п’ес — «Літаркі».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Мне хочацца дапісаць тое, што пачала, дзе ўжо шмат старонак, і якія вымушана пішу па чайнай лыжцы ў гадзіну. Раман пра постсавецкі соцыюм, дзе ёсьць некалькі ліній — ня толькі жаночая і мужчынская, постсавецкая і сучасная, але яшчэ лінія другой паловы 19 ст. Аповесьць пра жаночае сяброўства-нянавісьць зь дзяцінства да сталасьці, і пра тое, што галоўнае вырашаецца менавіта ў жаночых стасунках, а мужчына — толькі каталізатар. П’есу пра здраду і злачынства. Спадзяюся, хутка скончу яе — і тады, нарэшце, вазьмуся за аповесьць, а потым за раман.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Я наагул ўспрымаю сябе як свабодную істоту. Свабода значыць для мяне — паводзіць сябе годна і не ілгаць. Больш за ўсё адчуваю сябе свабоднай, калі раблю цяжкі выбар.