Джозэф Байдэн наведае Ўкраіну з двухдзённым візытам 7-8 сьнежня, падчас якога зробіць беспрэцэдэнтны выступ ва ўкраінскім парлямэнце.
Ад візыту Байдэна ва Ўкраіну чакаюць жорсткай размовы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны для сур’ёзнага штуршка рэформам і, у прыватнасьці, барацьбе з карупцыяй і ўтаймаваньню алігархаў. Таксама ў Кіеве спадзяюцца на праяву выразнай падтрымкі Кіева, які супрацьстаіць расейскай агрэсіі на ўсходзе краіны.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыбудзе ва Ўкраіну ўжо ў пяты раз за апошнія шэсьць гадоў. Кульмінацыяй двухдзённага візыту стане яго выступ у Вярхоўнай Радзе ў аўторак. Як чакаецца, у сваёй прамове ён павінен выказаць пазыцыю ЗША па анэксіі Расеяй Крыму і падтрымку Злучанымі Штатамі пагадненьня аб рэструктурызацыі даўгоў Украіны, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі амэрыканскага прэзыдэнта. У той жа час, паводле дадзеных агенцтва, Джо Байдэн ня будзе закранаць тэмы дадатковай ваеннай дапамогі Ўкраіне.
У прэзыдэнцкай адміністрацыі ЗША адзначаюць, што гэта будзе першы выступ амэрыканскага палітыка такога ўзроўню перад украінскім парлямэнтам. Перад выступам у Радзе віцэ-прэзыдэнт ЗША сустрэнецца ў панядзелак з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэм’ерам Арсеніем Яцанюком.
Як чакаецца, Байдэн прыяжджае ў Кіеў не з пустымі рукамі. Прагназуюць, што ён можа абвясьціць аб выдзяленьні Ўкраіне пакета дапамогі на правядзеньне рэформаў памерам у 300 мільёнаў даляраў, але гэта афіцыйна пакуль не пацьвярджаецца.