Зранку ў нядзелю перад Нобэлеўскім музэем сабралася шмат журналістаў. Сёлетнія ляўрэаты прыйшлі ў музэй зь візытам і на лёгкі ланч, як было абвешчана ў праграме. Ганак музэя абляпілі японскія журналісты. Сёлета ў іх два нобэлеўскія ляўрэаты: Сатошы Ўмура ў мэдыцыне і Такаакі Кашыта ў фізыцы. Гэты год для іх не такі ўраджайны, як леташні, калі ляўрэатаў японскага паходжаньня было тры. З 2008 японцы стабільна маюць «нобэлеўку» раз на два гады і ці не ва ўсіх галінах.
Пра першую нобэлеўскую ляўрэатку ад Беларусі мы запыталіся ў цікаўных людзей на плошчы перад уваходам у музэй.
Першы ж хлапец апынуўся ўдачай. Альбэрт гуляе па плошчы са сваімі каталёнскімі сябрамі Сіскай і Маргалідай. Дзяўчаты ведаюць Алексіевіч толькі як імя ў газэтах. «На гішпанскую перакладзеная толькі адна яе кніга. Таму яе мала ведаюць у Гішпаніі, — тлумачыць Альбэрт. Сам Альбэрт таксама напалову каталёнец, жыве ў Швэцыі. Яму пашанцавала, бо на швэдзкую Алексіевіч перакладалі шмат.
«Я чытаў яе кнігу пра Чарнобыль і апошнюю кнігу таксама», — адразу кажа Альберт.
«Я мала ведаю пра Беларусь, — распавядае ён. — Трохі пра гісторыю, якія ў вас былі стасункі з Расеяй. Але вам цікава было б ведаць, што ў нас тут ёсьць дыскусія наконт таго, як называюць вашу краіну. У Швэцыі раней называлі яе „Белая Расея“, а цяпер ёсьць рух, каб называць яе Беларусь па-швэдзку».
«Адзінае, што я ведаю пра Беларусь — гэта кнігі Сьвятланы», — кажа Альберт.
Сустрэтая пара нарвэжцаў пра Алексіевіч ня ведае зусім, а Беларусь ёй вядомая толькі па біятляністцы Дар’і Домрачавай. Праўда, яны ня надта вераць у раман беларускай спартоўкі з Бьёрндаленам.
Швэдская пара Брыгіта і Кляўс кажуць, што нічога ня ведалі пра Алексіевіч да моманту яе перамогі.
«Але мы абавязкова прачытаем яе кнігі. Газэты пісалі, што беларускі рэжым ня надта прыязна ставіцца да яе. Але, магчыма, сярод людзей яна больш папулярная.Мы ведаем Беларусь па вашым прэзыдэнце, па хакеі. І прэзыдэнт ваш хакеіст. Ведаем, што гэта ня надта свабодная краіна», — пры фатаграфаваньні Брыгіта і Кляўс удакладняюць, што іхнага сабачку зваць Чэсьцер, што важна, бо ён таксама будзе на фота.
Дзьве зусім маладыя швэдкі Крысьціна і Марыя таксама ня ведаюць пра Алексіевіч і твораў яе не чыталі. Зрэшты, шмат хто на плошчы кажа, што звыкся чытаць творы нобэлеўскіх ляўрэатаў ужо пасьля таго, як яны атрымалі прэмію.
«Пра Беларусь я амаль нічога ня ведаю, хаця ў мяне ёсьць знаёмы хлапец зь Беларусі і я трохі ведаю пра ягоны горад, — кажа Крысьціна. — Але думаю, што нобэлеўская прэмія дапаможа Беларусі стаць больш вядомай у сьвеце. Я заўсёды мяркую аб краінах па дасянгеньнях у навуцы і культуры. Гэта выклікае ў мяне інтарэс».