«Океан Эльзы» прэзэнтаваў песьню, напісаную пасьля наведваньня вайсковага шпіталю

Канцэрт гурту «Океан Ельзи» у Кіеве ўлетку 2014 году

Украінскі рок-гурт «Океан Эльзы» 4 сьнежня прэзэнтаваў кліп на новую песьню «Мить» (імгненьне). Лідэр і сьпявак гурту Сьвятаслаў Вакарчук на старонцы гурту ў Facebook распавёў, што апошнія радкі тэксту ён напісаў пасьля наведваньня вайсковага шпіталю. На мінулым тыдні Вакарчук назваў гэтую песьню адной з самых важных у сваім жыцьці.

"Люты 2015... Навіны з Усходу паступаюць са страшнымі лічбамі параненых і загінулых. А за кожнай лічбай — нечае жыцьцё, нечы лёс! Цяжка ўявіць, што адчувае чалавек на вайне... пра што думае цяжка паранены, калі разумее, што гэта, магчыма, апошнія хвіліны яго жыцьця. Я не мог супакоіцца пакуль не напісаў песьню...

Напісаў вельмі эмацыйна за некалькі хвілін. Узяў гітару і разам з мэлёдыяй пачалі зьяўляцца словы, а за 15 хвілін яна ўжо была гатовая, амаль гатовая. За выключэннем маленькай, але важнай дэталі, якая не адпускала мяне. За выключэннем апошняга радку песьні. Я адчуваў, што выказаў ня ўсё ...

Напрыканцы траўня я быў у шпіталі. Перад адной палатай лекар мяне папярэдзіў, што хлопец, якога цяпер ўбачу, паранены на вайне, цудам выжыў у нечалавечых умовах. Асколкам яму адарвала руку. І з гэтым вельмі цяжкім раненьнем ён правёў 4 (!) сутак на марозе. Адзін. Таму што іншыя загінулі або замерзьлі. Затым лекарам давялося ампутаваць яму яшчэ і абедзьве адмарожаныя ступні ... Але ён выжыў!

Я хваляваўся перад знаёмствам, але толькі да таго моманту, пакуль не ўвайшоў у палату і ўбачыў перад сабой ўпэўненага, ўсьмешлівага чалавека, які зараджаў мяне сваім аптымізмам, плянамі на будучыню і нейкай неверагоднай энэргетыкай. У яго душы была вясна! Ён дзяліўся ёю з усім сьветам!

У той жа вечар я зноў вярнуўся да песьні і дапісаў ў ёй апошні радок!» — піша Вакарчук на старонцы гурту «Океан Эльзы» ў Facebook.