Лукашэнка: міністар пачаў займацца ашуканствам

Падчас дакладу пра сытуацыю ў ААТ «Камволь» Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, што напярэдадні вырашыў ня езьдзіць у ААТ «Камволь».

«Не паехаў, бо міністар пачаў займацца там ашуканствам. І для таго, каб паказаць цягам аднаго-двух дзён працу прадпрыемства, сабраў усё, што можна, зь міністэрства, з канцэрну, зьвёз туды сыравіну для таго, каб на дзень-два запусьціць машыны, а пасьля ад’езду прэзыдэнта, напэўна, пасьпяхова іх спыніць», — сказаў Лукашэнка.

Ён сказаў, што быў яшчэ шэраг іншых нявырашаных пытаньняў, у тым ліку і кадравыя. Лукашэнка паабяцаў наведаць «Камволь» нечакана, перадае БелТА. Сёньня Лукашэнка вырашыў выдзеліць «Камволю» 5 млн эўра на папаўненьне абаротных сродкаў. Дадатковае фінансаваньне пойдзе на тое, каб да канца першага паўгодзьдзя 2016 году прадпрыемства змагло выйсьці на праектную магутнасьць. Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў сказаў журналістам, што мільён квадратных мэтраў тканін, якія сёньня імпартуюцца, будзе айчынным. Дзякуючы новаму абсталяваньню магутнасьці «Камволя» пашырыліся, засталося забясьпечыць вытворчасьць якаснай сыравінай.

РС