Украіна разважае над увядзеньнем візавага рэжыму з Расеяй ад 1 студзеня 2016

Украінска-расейская мяжа

Украіна павінна ўвесьці «рэальны і жорсткі» візавы рэжым з Расеяй ад 1 студзеня 2016 году — заявіў у інтэрвію ўкраінскаму «Пятаму каналу» сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксандар Турчынаў.

«Вы ведаеце, што на тэрыторыю Ўкраіны грамадзяне РФ могуць трапіць толькі па замежных пашпартах. Але я ўпэўнены, што з Новага году мы павінны ўвесьці рэальны і досыць жорсткі візавы кантроль і візавы рэжым з Расеяй», — сказаў ён. Адной з прычын Турчынаў назваў тое, што на ўкраінска-расейскай мяжы «актывізаваліся дывэрсанты».

Паводле яго, пытаньнем увядзеньня візавага рэжыму «цяпер займаецца ўрад і, у прыватнасьці, Міністэрства замежных справаў».

«Яшчэ ў 2014 годзе РНБА прыняла рашэньне аб увядзеньні візавага рэжыму з РФ і даручыла Кабінэту міністраў рэалізаваць гэтае заданьне. Першы этап гэтага заданьня ўжо рэалізаваны. Але ў нас шмат украінцаў знаходзяцца ў РФ, і гэта — адна з прычынаў, чаму ўрад не паскарае ўвядзеньне візавага рэжыму. Мы разумеем, што адразу будуць сынхронныя дзеяньні РФ у адказ», — падкрэсьліў Турчынаў.

Да 1 сакавіка 2015 паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй дзейнічала пагадненьне аб бязьвізавых паездках грамадзянаў дзьвюх краінаў, і жыхары Расеі маглі прыяжджаць ва Ўкраіну па ўнутраным пашпарце і пасьведчаньні аб нараджэньні. Ад 1 сакавіка Ўкраіна зрабіла больш жорсткім уязны рэжым з-за падзеяў у Крыме і Данбасе: з тых часоў грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі могуць уяжджаць ва Ўкраіну толькі па замежных пашпартах.