Аляксей Шэін нарадзіўся ў 1976. Скончыў філялягічны факультэт БДУ. Займаўся журналістыкай і грамадзкай дзейнасьцю (быў намесьнікам старшыні Маладога Фронту і сустаршынём Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі). Вучыўся ў магістратуры Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Вільня). Скончыў праграму навучаньня ў Haggai Institute (Hawaii, USA). Арганізатар курсаў беларускай мовы «Моваведа». Як вядоўца гэтых курсаў у 2015 узнагароджаны прэміяй «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» ў намінацыі «Грамадзкі лідэр году» (прэмія ўручаецца Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў). Пераможца літаратурнага конкурсу «Эксьлібрыс» імя Аляксандра Уласава, які праводзіўся Саюзам беларускіх пісьменьнікаў у 2014. У 2015 выдаў раман «Сем камянёў».
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Ідэальны чытач — такое ж фантастычнае стварэньне, як і ідэальны пісьменьнік.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Дома, вечарам ці ноччу.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
«Сем камянёў».
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Я ячшэ не прайшоў гэтага тэсту ў Фэйсбуку.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Два прарокі — Ісая і Даніэль, і адзін апостал — Павал з Тарсу.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Рыхтуем да выданьня «Хронікі Нарніі» на беларускай мове. Таму чытаю іх зараз па-ангельску, па-беларуску, па-расейску і па-ўкраінску.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Гл. Пункт 6 + польская.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Напісаў пакуль толькі адну.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Добрую кнігу.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Адчуваў найбольш свабодным кожны раз, калі выходзіў з чарговых сутак на Акрэсьціна.