У лютым 2014 году абласная пракуратура паведаміла аб завядзеньні ў дачыненьні да чыноўніка крымінальнай справы па частцы 2 артыкулу 210 КК (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены паўторна або групай асобаў па папярэдняй змове). Сьледзтва выявіла, што Дуплеўскі на працягу чатырох навучальных гадоў, у 2010-2013 гадах, афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў на ўмовах тэрміновай працоўнай дамовы, пры гэтым фактычна такія заняткі з навучэнцамі не праводзіў.
У школе афармлялася фіктыўная службовая дакумэнтацыя, якая зьявілася падставай для налічэньня яму заработнай платы і ажыцьцяўленьня абавязковых адлічэньняў у бюджэт на агульную суму каля 22 мільёнаў рублёў. Пасьля былы чыноўнік, прызнаўшы сваю віну ў крадзяжах, падаў прэзыдэнту прашэньне аб памілаваньні.
«Памілаваны яшчэ вясной гэтага году. Гэта значыць, што ён кампэнсаваў шкоду ў двухразовым або трохразовым памеры», — заявіў БелаПАН начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй пракуратуры Магілёўскай вобласьці Андрэй Волкаў.
Санкцыя артыкулу, які ставяць Дуплеўскаму, прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.