Жывой трансьляцыі нобэлеўскіх урачыстасьцяў на беларускіх дзяржаўных каналах ня будзе

Сьвятлана Алексіевіч

З 6 па 12 cьнежня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме пройдзе тыдзень нобэлеўскіх урачыстасьцяў.

Сярод шматлікіх імпрэзаў вялікую цікавасьць выклікаюць Нобэлеўская мэмарыяльная лекцыя, зь якой павінен выступіць кожны ляўрэат (выступ Сьвятланы Алексіевіч заплянаваны на вечар 7 сьнежня), а таксама сама ўрачыстая цырымонія 10 сьнежня, на якой кароль Швэцыі Карл Густаў ХVI уручыць ляўрэатам дыплёмы і мэдалі.

Ці будуць беларускія дзяржаўныя тэлеканалы весьці жывую трансьляцыю з гэтых мерапрыемстваў, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Cьвятлана Краскоўская-Смалонская, прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі, куды ўваходзяць і Першы тэлеканал — «Беларусь 1», культурніцкі тэлеканал «Беларусь 3», адмысловы канал «Культура», сказала:

— У сувязі з наяўнасьцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і юрыдычных пытаньняў і аспэктаў Белтэлерадыёкампанія не плянавала набыцьцё правоў на жывую трансьляцыю цырымоніі ўзнагароджаньня Нобэлеўскай прэміяй за 2015 год. Разам з тым, хачу адзначыць, і радыё-, і тэлеканалы мэдыяхолдынгу будуць шырока асьвятляць гэтую падзею.

— То бок гэта азначае, што карэспандэнты будуць на самой імпрэзе?

— Ну, магчыма.

— То бок яшчэ не дакладна?

— Я ж вам сказала, што мы плянуем шырока асьвятляць гэтую падзею інфармацыйна.

Прэс-сакратар канала АНТ Юлія Дубоўская паведаміла Радыё Свабода, што жывой трансьляцыі са Стакгольму з цырымоніі ўзнагароджаньня нобэлеўскіх ляўрэатаў ня будзе — ніхто не прапаноўваў тэлекампаніі купіць правы на трансьляцыю, а самі не зьвярталіся. Але асьвятляць падзею інфармацыйна тэлеканал будзе. На пытаньне, ці паедуць у Стакгольм карэспандэнты АНТ, Юлія Дубоўская адказала, што з дакладнасьцю пакуль ня ведае. Але запэўніла, што прынамсі ў інфармацыйных выпусках сюжэты пра ўрачыстасьці ў Стакгольме абавязкова будуць.

Тэлеканал «Белсат», які вяшчае па-беларуску з Польшчы, накіроўвае сваіх карэспандэнтаў у Стакгольм, паведаміў Свабодзе кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў Аляксей Дзікавіцкі.

Што тычыцца жывой трансьляцыі Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч, спадар Дзікавіцкі паведаміў, што кіраўніцтва каналу робіць усё магчымае, каб гэта зрабіць, але канчатковы адказ будзе толькі 4 сьнежня.

Аляксей Дзікавіцкі патлумачыў, што «Белсат» зьвярнуўся ў EBU (Эўрапейскі вяшчальны саюз — European Broadcast Union). EBU будзе мець пэўныя трансьляцыі праз Швэдзкае тэлебачаньне. Беларускія тэлеканалы ўваходзяць у EBU, за што плацяць штомесячныя складкі, і могуць лёгка зьвярнуцца на Швэдзкае тэлебачаньне з просьбай аб трансьляцыі.

«Мы будзем рабіць трансьляцыю асноўных урачыстасьцяў 10 сьнежня, дзе таксама нельга здымаць, але робім гэта праз Швэдзкае тэлебачаньне. Мы будзем рабіць трансьляцыю і з прэсавай канфэрэнцыі 6 сьнежня, якую будзе даваць Алексіевіч — таксама праз EBU. Што тычыцца Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыі, мы яшчэ ня ведаем, ці швэды дамовіліся з Нобэлеўскім камітэтам, каб гэтую лекцыю трансьляваць. Чакаем пацьверджаньня, ці дадуць нам сыгнал Нобэлеўскай лекцыі, якая адбудзецца ў панядзелак. Калі ў пятніцу нам адкажуць, то мы будзем наўпрост яе трансьляваць».

Таварыства беларускай мовы зьвярнулася да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі зь лістом, у якім гаворыцца, што жывую трансьляцыю трэба правесьці, «улічваючы значнасьць для нашай краіны гэтай падзеі і шматлікія просьбы грамадзян Беларусі». Афіцыйнага адказу ад спадара Давыдзькі пакуль няма.