«Майдан пачаўся ў тым ліку з патрабаваньня студэнтаў аб кругласуткавым доступе ў інтэрнаты», — Дунаеў

Your browser doesn’t support HTML5

«Майдан пачаўся ў тым ліку з патрабаваньня студэнтаў аб кругласутачным доступе ў інтэрнаты»

Марш пратэсту студэнтаў БДУ стаў першай публічнай чыста студэнцкай акцыяй пратэсту за апошняе дзесяцігодзьдзе. Ці можна гэта назваць першай ластаўкай больш масавых дзеяньняў, ці гэта застанецца асобным адзіночным выпадкам? Ці пойдуць беларускія ўлады на пашырэньне акадэмічных свабодаў ва ўнівэрсытэтах, што прадугледжана стандартамі Балёнскага працэсу, у які Беларусь уступіла сёлета ў траўні?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Віталя Цыганкова «Інтэрвію тыдня» адказвае прафэсар Уладзімер Дунаеў.

«Дастаткова было пачаць размаўляць са студэнтамі, патрабаваньні якіх падтрымліваюць тысячы»

— Ці можна назваць гэтую студэнцкую акцыю гістарычнай, улічваючы, што гэта першы публічны пратэст за апошняе дзесяцігодзьдзе?

— Так, безумоўна. Я думаю, гэта вельмі важная падзея ў жыцьці беларускай вышэйшай школы. Важна, што студэнты карыстаюцца магчымасьцю абазначыць тыя правы, якія прадугледжаныя ўступленьнем Беларусі ў Балёнскі працэс.

— Вы лічыце, што пратэст студэнтаў настолькі асэнсаваны, што яны сапраўды валодаюць такімі катэгорыямі, як Балёнскі працэс? Ці гэта проста чыста матэрыяльнае жаданьне не плаціць лішнія грошы?

— Магчыма, усё пачыналася з такіх чыста эканамічных патрабаваньняў. Але з таго, што я чытаю ў сацыяльных сетках, з таго, наколькі я знаёмы зь іхнімі патрабаваньнямі — студэнты выдатна разумеюць, што адбываецца, і патрабаваньні іхнія выходзяць за рамкі эканамічных.

— Рэктар БДУ Сяргей Абламейка напярэдадні акцыі заяўляў, што студэнтамі могуць кіраваць нейкія «трэція сілы». Ці сапраўды да іхняга пратэсту спрабавалі далучыцца больш сур’ёзныя людзі, каб накіраваць іх ці дапамагчы?

— Па-першае, я лічу студэнтаў цалкам сур’ёзнымі і адказнымі людзьмі. Яны сапраўды дыстанцыююцца ад пэўных палітычных сілаў, якія хацелі б інструмэнтаваць гэты пратэст, выкарыстаць яго ў сваіх мэтах. Студэнты дабіваюцца таго, каб чулі іх саміх і бачылі іхнія патрабаваньні, перш за ўсё патрабаваньні акадэмічныя. На мой погляд, студэнты паводзяць сябе вельмі ўзважана. Я думаю, яны могуць заяўляць пра сваё права ўдзельнічаць у фармаваньні палітыкі ў сфэры адукацыі.

— Як вы ацэніце дзеяньні ўладаў, кіраўніцтва БДУ ў гэтым канфлікце?

— Мне здаецца, што калі б іхняя палітыка была разумнай — канфлікту б не было зусім. Дастаткова было пачаць размаўляць са студэнтамі, патрабаваньні якіх падтрымліваюць тысячы. Яны ж не патрабуюць нейкай манаполіі на прыняцьцё рашэньняў, яны проста хацелі б, каб іхняе меркаваньне ўлічвалася. Што зь імі гатовыя весьці дыялёг, выслухаць іх меркаваньне, зрабіць іх удзельнікамі працэсу прыняцьця рашэньняў. І ў гэтым рэчышчы паводзіны студэнтаў цалкам адпавядаюць лёгіцы Балёнскага працэсу і тым абавязаньням, якія Беларусь узяла на сябе.

Самы пэўны і надзейны спосаб знайсьці са студэнтамі агульную мову — зрабіць бюджэт БДУ празрыстым

— Няўжо ў БДУ ўжо настолькі няма грошай, што яны не пажадалі проста закрыць гэтае пытаньне матэрыяльным чынам?

— Гэта таксама вельмі характэрна — бюджэт БДУ непразрысты. І гэта было адным з аргумэнтаў пратэстоўцаў. Студэнты былі ня супраць, каб грошы за гэтыя залікі пайшлі на аплату працы выкладчыкаў. Але ў студэнтаў ёсьць абгрунтаваныя сумневы, што яны будуць патрачаныя на гэта. Студэнты спрабавалі высьветліць, якія закупы робіць БДУ, — і выявілася, што некаторыя зь іх вельмі нясьціплыя. Я думаю, што самы пэўны і надзейны спосаб знайсьці са студэнтамі агульную мову — зрабіць бюджэт БДУ празрыстым. Тады б шмат якіх непаразуменьняў і канфліктаў не было.

— Магчыма, улады баяцца «эфэкту даміно»? Калі пойдзеш насустрач студэнтам БДУ, гэты прыклад падхопяць студэнты іншых ВНУ, а студэнцкі прыклад можа стаць спускавым кручком для пратэстаў у іншых сфэрах?

— Усё магчыма. Трэба сказаць, ёсьць нямала прыкладаў таго, як студэнцкія пратэсты мянялі палітыку і нават мянялі самую ўладу. Але трэба разумець, што разумная палітыка накіраваная на тое, каб стварыць легальныя спосабы выражэньня студэнцкай думкі, і такім чынам — зьняць пагрозы. Зараз было б вельмі правільна даць студэнтам магчымасьць легальна ўдзельнічаць у кіраваньні ВНУ.

— Гэта якраз прадугледжана Балёнскім працэсам, у які Беларусь уступіла 15 траўня сёлета. Беларусь туды ўзялі авансам, яна не была гатовая. Ці апраўдвае краіна выдадзены аванс, ці робіць рэформы ў сфэры адукацыі?

«Што тычыцца акадэмічных свабодаў, то тут, магчыма, улады думаюць, што ім удасца абмінуць гэтае пытаньне»

— Пакуль прайшло няшмат часу. Я ведаю, што беларускіх акадэмікаў і адміністратараў вучаць таму, як правільна ладзіць палітыку ў сфэры адукацыі, як вырашаць пытаньні акадэмічных свабодаў і ўнівэрсытэцкай аўтаноміі. Але пакуль нейкіх прыкметных пазытыўных пераменаў мы ня бачым, а нэгатыўныя — ёсьць.

Ёсьць яўныя парушэньні акадэмічнай свабоды, у прыватнасьці, зьнішчэньне накладу кнігі Сіліцкага. Ёсьць факты прымушэньня да датэрміновага галасаваньня студэнтаў, выкарыстаньне іх на сельскагаспадарчых працах у вучэбны час, прыцягненьне іх да розных палітычных масавых мерапрыемстваў. Падзеі апошняга часу сьведчаць, што беларускія ўлады пакуль не знайшлі правільнага падыходу да студэнцкіх правоў.

— Ці ёсьць у вас уражаньне, што беларускія ўлады, уступіўшы ў Балёнскі працэс, вырашылі для сябе, што гэта не прымушае іх нічога мяняць? Будуць пісаць адпаведныя справаздачы, і ўсё на гэтым?

— «Дарожная мапа» прадугледжвае 6 кірункаў рэфармаваньня. Яны ня ўсе тычацца акадэмічных свабодаў і студэнцкага ўдзелу. Па шэрагу кірункаў улады разумеюць, што адпіскамі не абысьціся. І яны нешта робяць. Што тычыцца акадэмічных свабодаў, то тут, магчыма, яны думаюць, што ім удасца абмінуць гэтае пытаньне. Я думаю, наўрад ці ім удасца праігнараваць гэтыя патрабаваньні — у тым ліку таму, што шмат якія эўрапейскія арганізацыі вельмі ўважліва сочаць за гэтым.

— А могуць Беларусь выключыць з Балёнскага працэсу?

— Такога мэханізму няма. Але і мэханізму «ўмоўнага прыняцьця», як гэта зрабілі зь Беларусьсю, таксама не было. Нейкія санкцыі магчымыя, але пакуль зь Менскам спрабуюць гаварыць «ня груба». Размова ідзе пра тое, каб дапамагчы. І часам гэта апраўдана, таму што беларускі бок часам ня ведае, як вырашаць тыя ці іншыя пытаньні, і раз-пораз інэрцыя — гэта проста вынік непісьменнасьці. Але выпадак са студэнтамі — гэта наўрад ці толькі вынік непісьменнасьці.

— Ці можна студэнцкі пратэст назваць першай ластаўкай больш масавых дзеяньняў, ці гэта застанецца асобным адзіночным выпадкам? Ці бачыце вы рост студэнцкай актыўнасьці?

— Мы назіраем апошнім часам якраз павелічэньне гэтай актыўнасьці. Проста зараз гэта выплеснулася такім чынам. што грамадзкасьць заўважыла. Але і да гэтага былі іншыя кампаніі, можа, больш сьціплыя і менш прыкметныя. Напрыклад, такая нібыта простая рэч, як кругласуткавы доступ у інтэрнаты. Хачу проста заўважыць, што ўкраінскі Майдан пачынаўся ў тым ліку з патрабаваньняў кругласуткавага доступу ў інтэрнаты.

— А беларускія студэнты гэтага дабіліся?

— Наагул — так. Так што нельга лічыць, што гэтая акцыя — нейкая выпадковая падзея, якая ня цягне за сабой нейкіх сур’ёзных наступстваў.