2-га сьнежня ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч перадала ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы, якая цяпер у расейскай турме, свае кнігі «Ў вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва», а таксама ліст да яе.

Сьвятлана Алексіевіч сказала дыпляматам і журналістам:
«Я захапляюся Надзеяй Саўчанкай, чалавекам, які абараняе радзіму. Яна сапраўдны салдат. Асабліва гэта зразумела ў Беларусі, дзе была грамадзянская вайна. Усё залежыць ад мужнасьці асобных людзей. Гэта вельмі няпроста — пайсьці паміраць, тым больш што ўкраінская армія аказалася не гатовая для супраціву. Я разумею, што гэта палітычны працэс, усё залежыць ад міжнароднай каньюнктуры: Надзею могуць проста адпусьціць альбо абмяняць. Усё залежыць ад геапалітычнай абстаноўкі».

Таксама Сьвятлана Алексіевіч назвала Надзею Саўчанку Жаннай д’Арк і сымбалем змаганьня.
Напрыканцы Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні Радыё Свабода, у тым ліку ў некалькіх словах акрэсьліла, што яна будзе казаць у Нобэлеўскай лекцыі, а таксама прыадкрыла таямніцу, у якім строі яна будзе на ўрачыстай цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме.
Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце.