Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на Данбасе на баку ўкраінскіх уладаў, заявілі, што затрыманьне ў Менску ўдзельніка АТА зьяўляецца правакацыяй беларускіх спэцслужбаў.
Адпаведную заяву зрабіла Тактычная група «Беларусь», якая аб’ядноўвае беларускіх байцоў Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару».
«Тактычная група „Беларусь“ заяўляе, што ўсе байцы знаходзяцца ў месцах дысьлякацыi ва Ўкраiне. Загадам камандаваньня добраахвотных батальёнаў, забаронены вываз любой зброi з зоны баявых дзеяньняў. Парушэньне гэтага загаду — злачынства, якое вядзе да дыскрэдытацыi добраахвотнiцкага руху.
Таму затрыманьне ў Менску выглядае як правакацыя з боку спэцслужбаў з мэтай абгрунтаваньня перасьледу беларусаў, якiя падтрымліваюць украiнскi народ. Увесь паказаны маскарад нагадвае стандартную страшылку, якой пужаюць наш народ. Не выключаем, што гэта толькi пачатак правакацыяў супраць тых, хто змагаецца на ўкраiнскiм баку», — лічаць беларускія добраахвотнікі.
Аўтары заявы падкрэсьліваюць, што затрыманая асоба не належыць да складу Тактычнай групы «Беларусь»:
«Мы мелi кантакты з затрыманым, i ў нас склалася ўражаньне пра яго неадэкватнасьць. Мы не выключаем, што ён мог быць манiпуляваны спэцслужбамi», — адзначаюць ў Тактычнай групе.
Добраавотнікі таксама заклікаюць не купляцца на «фэйкавыя» групы ў сацыяльных сетках (накшталт «Правы сэктар Беларусь»). «Усе гэтыя фантомы шкодзяць беларускай справе i могуць быць выкарыстаныя для правакацыяў», — падкрэсьліваюць яны.
26 лістапада на чыгуначным вакзале ў Менску быў затрыманы 28-гадовы ўраджэнец Віцебскай вобласьці, які нібыта ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Як паведамілі ў Сьледчым камітэце, «мужчына быў затрыманы дзякуючы пільнасьці супрацоўнікаў транспартнай міліцыі».
«Пры асабістым вобшуку ў яго былі выяўленыя: маска з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаваньне на аснове асколачнай гранаты да станковага гранатамёта, пісталет, электронныя носьбіты, даведка пра ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны. Акрамя таго, у момант затрыманьня на целе падазраванага была надзета армейская бронекамізэлька», — заявілі ў праваахоўных органах.
На брыфінгу начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч распавёў, што хлопец меў даведку ад імя камандзіра адной са структураў «Правага сэктару».