Алексіевіч: Мая нобэлеўская лекцыя будзе «грубая і жорсткая»

У дзень атрыманьня Нобэля.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч сказала каталёнскай газэце La Vanguardia, што ў сваёй нобэлеўскай лекцыі 7 сьнежня яна раскажа пра тое, што рабіла ў сваім жыцьці.

«Пішу пра чырвоную імпэрыю, распавядаю, як людзі былі маленькімі часьціцамі гэтай імпэрыі. Маленькія людзі ніколі ня мелі значэньня, іх выкарыстоўвалі як інструмэнт, ніхто не пытаўся пра іх думкі і пачуцьці. Гэта давялося рабіць мне, часта ўпершыню. Я працытую Шаламава , які прайшоў праз ГУЛАГ і бачыў, паводле яго словаў, „вялікую бітву за абнаўленьне чалавек“. Я таксама ўдзельнічала ў гэтым, у маладосьці я верыла ў СССР. Але адзіны сьлед, які пакінулі бальшавікі, гэта лужыны крыві. Пра гэта я і пішу» — сказала яна.

Пісьменьніца зазначыла, што апранецца на сваю лекцыю ў жаночы касьцюм з нагавіцамі. «Таму што мая прамова будзе ўдарам, яе зьмест будзе грубым і жорсткім, і гаварыць такое ў бальнай сукні для вальса не падаецца мне адпаведным» — патлумачыла Алексіевіч.

Кажучы пра рэакцыю расейскай прэсы на яе ўзнагароджаньне «нобэлем», Алексіевіч адзначыла:

«Прэса перапоўненая артыкуламі пра тое, што гэта палітычнае рашэньне, што мне далі прэмію за тое, што я праціўнік Пуціна. Вядома, я не падтрымліваю гэтага чалавека. Расея пад яго кіраўніцтвам робіць тое самае, што ў часы СССР, праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку, якая супярэчыць эўрапейскім, дэмакратычным каштоўнасьцям».

На думку Алексіевіч пуцінскі рэжым выкарыстоўвае праваслаўную веру ў якасьці палітычнай прапаганды, а «ўлады хочуць стварыць праваслаўны халіфат».