Алім Аліеў, адзін з заснавальнікаў арганізацыі «КрымSOS», распавёў Свабодзе пра ўціск крымскіх татараў расейскай акупацыйнай уладай.
— Цяпер з боку крымскіх татараў фактычна няма публічных акцыяў пратэсту, акцыяў непадпарадкаваньня — у адрозьненьне ад пачатку 2014 году. Чаму?
Калі мне задаюць пытаньне, чаму крымскія татары не пайшлі зь віламі ваяваць — то я кажу: гэта першы крок, каб зьнішчыць народ. Сілы настолькі няроўныя.
— Крымскіх татараў у Крыме — 15%. Калі мне задаюць пытаньне, чаму крымскія татары не пайшлі зь віламі ваяваць — то я кажу: гэта першы крок, каб зьнішчыць народ. Сілы настолькі няроўныя. За апошнія 20 гадоў крымскія татары абсалютна не былі прадстаўленыя ў органах улады на кіроўных пасадах. Ні ў СБУ, ні ў МУС.
Цяпер сытуацыя толькі горшая. Ёсьць такія «пуцінскія» крымскія татары, якіх купіла акупацыйная ўлада, зь імі намагаюцца заігрываць і ўсіх крымскіх татараў ператварыць на грамадзянаў Расеі.
— Ці ёсьць цяпер нейкае кансалідаванае рашэньне лідэраў крымска-татарскага народу, як супрацьстаяць парушэньням правоў, як пратэставаць?
— Не, цяпер пратэсты ўвогуле фізычна немагчыма правесьці. Што адбываецца? Адбываецца мілітарызацыя тэрыторыі. І гэтая мілітарызацыя тэрыторыі заганяе людзей у страх. Людзі цяпер баяцца гаварыць на некаторыя тэмы ў публічных месцах. Гэта вялікая праблема. Мы бачым, што ўсё больш і больш гэты страх жыве ўнутры. Там ёсьць некалькі дзясяткаў актывістаў, гатовых нешта рабіць, але ФСБ адразу перакрывае ім усе магчымасьці.
— Але ж сярод крымскіх татараў няма такога, каб баяліся размаўляць нават са са сваімі?
— Няма, «на кухні» размаўляюць. Але ў публічных месцах пра палітыку не гавораць.
— Наколькі рэальна цяпер зьвярнуць увагу Эўропы і міжнароднай супольнасьці на парушэньні правоў крымскіх татараў? І ці можна клясыфікаваць гэтыя парушэньні як перасьлед паводле этнічнага паходжаньня?
Крымскія татары — гэта ня проста меншасьць, гэта карэнны народ, які рэпрэсуюць.
— Перш за ўсё трэба казаць, што крымскія татары — гэта ня проста меншасьць, гэта карэнны народ, які рэпрэсуюць. І пра іх, і пра ўкраінцаў трэба казаць, што гэта перасьлед у першую чаргу ў культурнай і моўнай плашчыні, калі зачыняюцца школы, бібліятэкі, газэты. Калі казаць пра адукацыю — выкладаньне ўкраінскае і крымска-татарскае моваў адбываецца з 15 гадзіны як факультатыў. Уяўляеце? 7 урокаў сканчаюцца недзе а 14-й, потым у вучня ёсьць гадзінны люфт — і ён, хутчэй за ўсё, папросту пойдзе дамоў.
— Якія крымска-татарскія інстытуцыі цяпер пад пагрозай?
— У першую чаргу гэта Мэджліс крымска-татарскага народу, які цяпер абсалютна татальна вычышчаецца з Крыму. Мэта — зрабіць Мэджліс маргіналамі і паказаць, што ў яго няма падтрымкі сярод крымскіх татараў. Цікавая таксама сытуацыя з муфтыятам. Муфтый Крыма цяпер кантактуе з уладай, бо ён разумее, што ўлада ўжо стварыла яму паралельную інстытуцыю. Акупацыйная ўлада, дарэчы, вельмі добра стварае такія інстытуцыі. Яна стварыла гэтак званы «Таўрыйскі муфтыят», які павінен прыйсьці на замену нашаму муфтыяту, з мэтай зноўку-такі паказаць, што крымскія татары — з Расеяй.
Калі казаць пра духоўныя школы — яны існуюць, але ўсе імамы і выкладчыкі, якія былі турэцкага паходжаньня — яны вярнуліся ў Турэччыну, іх таксама «выціснулі».
Ёсьць таксама фальклёрныя крымска-татарскія ансамблі — але там таксама цікавая сытуацыя, іх таксама імкнуцца падпарадкаваць расейскім установам, якія будуць мець у тым ліку ўплыў на кантэнт гэтых ансамбляў.
Крымска-татарскую культуру ў Крыме цяпер можна зьберагаць, але яе нельга разьвіваць.
Крымска-татарскую культуру ў Крыме цяпер можна зьберагаць, але яе нельга разьвіваць.
— Колькі крымскіх татараў цяпер пераехалі ў іншыя рэгіёны Ўкраіны?
— 12–15 тысячаў, дакладна невядома.
— Гэта ў асноўным Кіеў, Львоў, Хэрсон. А ці няма плянаў стварэньня каля мяжы Аўтаномнае Рэспублікі Крым альтэрнатыўнага крымска-татарскага асяродку?
— Гістарычна здарылася так, што ў Генічаску ды Новааляксееўцы жыве шмат крымскіх татараў. Гэта тыя, хто ў часы Савецкага Саюзу ня змог вярнуцца ў Крым, іх разьвярнулі, і яны пасяліліся ў Генічаскім раёне. Там ёсьць культурныя гурткі, выкладаньне мовы — гэта стваралася гадамі.
— Ці магчыма там стварыць альтэрнатыўны культурны цэнтар крымскіх татараў?
— Паўнавартаснае крымска-татарскае жыцьцё можа быць толькі на Айчыне — у Крыме.
— Якія цяпер пэрспэктывы блякады Крыму?
Сытуацыя з адключэньнем электраэнэргіі ў Крыме — індыкатар адчаю актыўнае часткі павязаных з Крымам грамадзянаў, ад бязьдзейнасьці афіцыйнага Кіева адносна Крыму.
— Я лічу, што сытуацыя з адключэньнем электраэнэргіі ў Крыме — гэта індыкатар адчаю актыўнае часткі павязаных з Крымам грамадзянаў, ад бязьдзейнасьці афіцыйнага Кіева адносна Крыму. Гэта першае.
Другое — непразрыстая палітыка адносінаў з Расеяй. Гэта значыць, што, напрыклад, цяпер высьветлілася — мы паўтара года гандлявалі электраэнэргіяй з Крымам як з суб’ектам Расейскае Фэдэрацыі. Тут адразу павінна быць крымінальная справа, я лічу.
У саміх крымскіх татараў і ўвогуле крымчан — украінскіх патрыётаў ёсьць вельмі вялікая патрэба зразумелай стратэгіі дзяржавы па барацьбе з акупацыяй іх Айчыны.