У Наваполацку 30 лістапада судзілі актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Андрэя Гайдукова за пікет памяці зьніклых палітыкаў.
Пікет прайшоў 16 лістапада. Справу разглядала судзьдзя Алёна Верташонак. Сьведкамі былі прадстаўнік наваполацкага гарвыканкаму Ўладзімер Бяляеў і міліцыянт Аляксандар Барэткін.
Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Гайдукова вінаватым на падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП і пакараць яго штрафам у памеры 45 базавых велічынь (8,1 млн рублёў), паведамляе прэсавая служба БХД.
Сам Гайдукоў зьбіраецца абскардзіць рашэньне, сваю віну не прызнае: «Усё было у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, я нічога не парушыў. Суд быў перадузятым, прызнаньне вінаватым ды такі вялікі штраф нічым не матываваныя», — адзначыў Андрэй Гайдукоў.