Канфэрэнцыя ААН па клімаце будзе працаваць да 11 сьнежня. Мерапрыемства пачынаецца пад узмоцненай аховай пасьля сьмяротных тэрактаў у францускай сталіцы 13 лістапада, якія забралі жыцьці 130 чалавек.
Удзельнікі глябальнага дыялёгу з 196 краінаў паспрабуюць выпрацаваць доўгатэрміновае пагадненьне па абмежаваньні выкідаў парніковых газаў: навукоўцы лічаць, што менавіта яны зьяўляюцца галоўнай прычынай пацяпленьня плянэты.
Сярод 147 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў на адкрыцьці канфэрэнцыі будуць лідэры ЗША, Кітая, Расеі і Індыі.
Беларусь на Ўсясьветнай кліматычнай канфэрэнцыі прадстаўлена дэлегацыяй на чале з прадстаўніком МЗС . Гэтаксама ў Парыж выправіліся экспэрты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі.
Паводле прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, мэта канфэрэнцыі ў Парыжы — выпрацоўка «доўгатэрміновых рамак» для глябальных скарачэньняў выкіду парніковых газаў.
Хоць падпісаньне пагадненьня ў гэтай справе падаецца даволі верагодным, то экспэрты прадказваюць, што гэтага пагадненьня ня будзе дастаткова, каб не дазволіць сярэдняй тэмпэратуры ў сьвеце павысіцца больш чым на 2 градусы Цэльсія ў параўнаньні з даіндустрыяльным ўзроўнем.